Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Магчыма, ехалі ў Судан. Расейская служба Радыё Свабода прааналізавала кадры затрыманьня баевікоў


Ілюстрацыйнае фота

Беларускае тэлебачаньне апублікавала відэа, як сьцьвярджаецца, апэрацыі па затрыманьні байцоў ПВК. Расейская служба Радыё Свабода прааналізавала гэтыя кадры і прыйшла да высновы, што затрыманыя маглі накіроўвацца празь Беларусь у Судан.

Вясной 2019 году адразу некалькі расейскіх і замежных СМІ паведамілі аб тым, што структуры расейскага бізнэсмэна Яўгена Прыгожына, у тым ліку зьвязанай зь ім «ПВК Вагнэра», аказвалі актыўнае садзейнічаньне рэжыму суданскага прэзыдэнта Амара аль-Башыра. Меркаваная дапамога структур Прыгожына не змагла зьберагчы аль-Башыра ад зьвяржэньня. Прэзыдэнт, які кіраваў Суданам 30 гадоў, быў адпраўлены ў адстаўку вайскоўцамі. Цяпер яго ўтрымліваюць пад вартай.

Зрэшты, Судан таксама мог быць не апошняй кропкай маршруту групы. Як высьветліла Радыё Свабода ў выніку ўласнага расьсьледаваньня ў сьнежні 2019 году, самалёты Міністэрства абароны Расеі неаднаразова лёталі з Расеі ў Лібію праз сталіцу Судана, Хартум. Расея на афіцыйным узроўні адмаўляе сваю датычнасьць да ваенных дзеяньняў як у Судане, так і ў Лібіі.

Радыё Свабода ўважліва вывучыла сьпіс затрыманых, апублікаваны агенцтвам БЕЛТА. Як мінімум пра 18 са згаданых у ім людзей вядома з адкрытых крыніц, што яны ўдзельнічалі ў баявых дзеяньнях на ўсходзе Ўкраіны — дадзеныя пра гэта апублікаваныя на ўкраінскім сайце «Міратворац», некаторыя акаўнты затрыманых у сацыяльных сетках дагэтуль даступныя.

БЕЛТА сьцвярджае, што ўсе затрыманыя — расейцы, аднак, як высьветліла Радыё Свабода, як мінімум адзін зь іх, Генадзь Фяцісаў, нарадзіўся і пражыў усё жыцьцё ў Данецку, то бок хутчэй за ўсё ён мае ўкраінскае грамадзянства. Яшчэ адзін затрыманы, Андрэй Бакуновіч, нарадзіўся ў Беларусі, аднак жыў у Цюмені. «Міратворац» сьцьвярджае, што ён быў камандзірам снайпэрскай групы «ЧВК Вагнэра».

Расейскі пісьменьнік Захар Прылепін, у мінулым які ваяваў на баку сэпаратыстаў «ДНР», пацьвердзіў, што сярод затрыманых — некалькі чалавек зь яго так званага батальёна.

Расейскі ваенны карэспандэнт Сямён Пегаў, які асьвятляе у тым ліку дзейнасьць расейскіх наймітаў за мяжой, выказаў вэрсію аб тым, што байцы «ЧВК Вагнэра» выкарыстоўвалі Менск ва ўмовах эпідэміі каранавірусу як транзытны пункт для перакіданьня ў краіны Азіі і Афрыкі. Беларускія ўлады нібыта заплюшчвалі на гэта вочы, але перад выбарамі вырашылі скарыстацца гэтым фактам у сваіх інтарэсах. «Цяпер галоўнае пытаньне — навошта было ўтыкаць нож у сьпіну суседу? З пункту гледжаньня спэцслужбаў — гэта ўвогуле не па-пацанскі. Хлопцы і былі ў форме — таму што не чакалі ўдару ад сваіх і пункт прызначэньня ў іх быў зусім ня Менск», — піша Пегаў.

Расейскія афіцыйныя асобы пакуль паведамленьне аб затрыманьні грамадзян РФ не камэнтавалі.

Аляксандр Лукашэнка ўвечары ў сераду назваў тое, што здарылася «надзвычайным здарэньнем». Гэта адбылося падчас скліканага ім надзвычайнага пасяджэньня Рады бясьпекі:

«Я гляджу на рэакцыю расейцаў. Яны ўжо, апраўдваючыся, кажуць, што ледзь ня мы іх самі сюды завезьлі. Ясна, трэба ж неяк апраўдаць свае брудныя намеры. Таму вельмі прасіў бы, каб у гэтай сытуацыі і з гэтым фактам было усе вельмі адкрыта і сумленна. Калі гэта расейскія грамадзяне (а я так разумею, іх дапыталі), значыць, трэба зьвярнуцца неадкладна ў адпаведныя структуры Расейскай Фэдэрацыі, каб яны патлумачылі, што адбываецца», — сказаў Лукашэнка.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG