Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо 13 чалавек затрымалі ў межах крымінальных справаў за падзеі ў Менску 14 ліпеня


Паводле зьвестак Праваабарончага цэнтру «Вясна», ня менш за 13 чалавек затрымалі ў межах крымінальных справаў за падзеі 14 ліпеня ў Менску. Тады праваахоўнікі разганялі людзей, якія выйшлі на вуліцы пасьля адмовы ў рэгістрацыі кандыдатамі ў прэзыдэнты Віктара Бабарыкі і Валера Цапкалы.

Справы завялі паводле трох артыкулаў: «супраціў супрацоўніку органаў унутраных справаў» (арт. 363 КК РБ), «гвалт у дачыненьні да супрацоўніка органаў унутраных справаў» (арт. 364) і «арганізацыя і ўдзел у парушэньні грамадзкага парадку, спалучаныя зь відавочным непадпарадкаваньнем законным патрабаваньням» (арт. 342).

Абвінавачаньні ім яшчэ ня выставілі, нумары артыкулаў толькі меркаваныя. Праваабаронцам вядомыя дзевяць імёнаў фігурантаў гэтых крымінальных справаў.

  1. Антон Шумаў (ч. 1 арт. 342 і 364 КК).
  2. Уладзіслаў Усьцін (арт. 364 КК).
  3. Уладзімір Хамічкоў (арт. 342 КК).
  4. Антон Валавік (ч. 1 арт. 342 і арт. 364 КК).
  5. Спартак Сірэнка (арт. 342 КК).
  6. Ілля Туркоў (арт. 364 і ч. 1 арт. 342 КК).
  7. Яўген Каліноўскі (папярэдне, арт. 364 КК і ч.1 арт. 342 КК).
  8. Ілля Фрэнь (ч.1 арт. 342 КК).
  9. Глеб Гатоўка (ч. 1 арт. 342 і 364 КК).

Імёны яшчэ чатырох затрыманых не называюць.

Апошні затрыманы на гэты момант — Ільля Фрэнь, якога 29 ліпеня затрымалі на падставе артыкулу 342 за «арганізацыю і ўдзел у парушэньні парадку». Раней з-пад арышту ня выйшлі Спартак Сірэнка і Глеб Гатоўка, якіх спачатку пакаралі «суткамі» у адміністрацыйных справах.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG