Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Выбар ёсьць заўсёды. А ў нас павінны быць выбары». Выпускнікі ліцэя БДУ выступілі з адкрытым зваротам


Ліцэй БДУ

У звароце падкрэсьліваецца, што выбары 9 жніўня «вызначаюць будучыню нашай краіны», і выпускнікі Ліцэя БДУ, які зьяўляецца «раўналеткам незалежнай Беларусі», лічаць «непрымальным моўчкі назіраць за падзеямі, якія закранаюць канстытуцыйныя правы і будучыню кожнага з нас».

«Ніхто ня мае права перашкодзіць правядзеньню сумленных выбараў. Так паводле заканадаўства, і мы не патрабуем нічога, акрамя выкананьня Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь», — гаворыцца ў звароце, адрасаваным усім грамадзянам Беларусі.

Яго аўтары адзначаюць, што гэта выбарчая кампанія «пераўтварылася ў жорсткую і непрымальную барацьбу зь іншадумствам»: згадваецца зьняцьце «наймайцнейшых альтэрнатыўных прэтэндэнтаў» на старце выбарчай кампаніі, абмежаваньне доступу незалежных назіральнікаў на выбарчыя ўчасткі, затрыманьні і «суткі» для ўдзельнікаў мірных акцый пратэсту і тых, хто «проста апынуўся побач зь імі».

«Аднак! Падзеі апошніх месяцаў канчаткова пераканалі нас у тым, што ад нас, ад грамадзянскай супольнасьці, у гэтым жыцьці залежыць значна больш, чым мы прызвычаіліся думаць. Паасобку мы проста людзі, а разам — народ Беларусі», — гаворыцца ў звароце.

«Кожны з нас можа і павінен зрабіць усё, што ад яго залежыць, для таго, каб фінал выбараў прайшоў сумленна, правы выбарцаў і ўсіх прэтэндэнтаў і прэтэндэнтак на пасаду прэзыдэнта не парушаліся, а падлік галасоў вёўся справядліва і празрыста», — пішуць ліцэісты і заклікаюць усіх беларусаў «заяўляць пра парушэньні падчас выбарчай кампаніі» (зьвяртацца ў ЦВК, да праваабаронцаў, назіральнікаў, у СМІ), бо гэта «ня толькі наша права, але і абавязак».

Ліцэісты зьвяртаюцца да чальцоў выбарчых камісій з заклікам не «пазбаўляюць беларусаў і беларусак права вызначаць сваю будучыню», «нічога не баяцца» і «не ісьці на ўгоду з сумленьнем», калі «сумленнасьць кожнага з вас мае прынцыповае значэньне для краіны». Яны нагадваюць, што ўдзел у фальсыфікацыях зьяўляецца крымінальным злачынствам (арт. 191–192 КК РБ).

Супрацоўнікаў праваахоўных органаў ліцэісты просяць быць «перадусім людзьмі ў форме, якім бы мы давяралі і якімі хацелі б ганарыцца», лавіць і затрымліваць сапраўдных злачынцаў і правакатараў, і абараняць сваіх мірных суграмадзян, «нават калі вы ня згодныя зь іх пунктам гледжаньня».

Беларускіх судзьдзяў просяць згадаць словы прысягі, «калі будзеце выносіць чарговае рашэньне паводле арт. 23.4 альбо арт. 23.34 КаАП» удзельнікам мірных акцый.

«Выбар ёсьць заўсёды. А ў нас павінны быць выбары», — гаворыцца ў звароце.

На момант публікацыі яго падпісалі амаль 1200 чалавек. Аўтары звароту заклікаюць выпускнікоў іншых школ, гімназій і ліцэяў Беларусі, якія падзяляюць пункт гледжаньня ліцэістаў БДУ і хочуць выказацца, пераняць іх прыклад.

Аўтары звароту дадаюць, што адміністрацыя Ліцэя БДУ ня мае ніякага дачыненьня да гэтай ініцыятывы.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі (на 13 лепеня) праваабаронцы налічылі больш за 700 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. 129 чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі, 252 чалавекі аштрафавалі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG