Праваабаронцы ініцыявалі кампанію «Стоп-загон» супраць прымусу да датэрміновага галасаваньня

Ілюстрацыйнае фота. Датэрміновае галасаваньне ў студэнцкім інтэрнаце БНТУ падчас парлямэнцкіх выбараў 2019 году
Ілюстрацыйнае фота. Датэрміновае галасаваньне ў студэнцкім інтэрнаце БНТУ падчас парлямэнцкіх выбараў 2019 году

Праваабаронцы заклікалі выбарнікаў паведамляць пра любыя факты прымусу галасаваць датэрмінова на сёлетніх прэзыдэнцкіх выбарах у Беларусі.

Як адзначаюць у кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары», падчас некалькіх дзён датэрміновага галасаваньня частку выбарнікаў у Беларусі (у асноўным студэнтаў, вайскоўцаў і працаўнікоў дзяржаўных установаў) нярэдка прымушаюць галасаваць загадзя, што зьяўляецца грубым парушэньнем Выбарчага кодэксу.

Праваабаронцы гатовыя адстойваць правы выбарнікаў і заклікаюць усіх, хто сутыкнуўся з прымусам галасаваць датэрмінова, абавязкова паведамляць пра такія факты праваабаронцам, не забываючы прыкладаць відэа, аўдыё- і фотасьведчаньні «загонаў» на датэрміновае галасаваньне.

Паведаміць пра факт прымусу галасаваць датэрмінова можна праз адмысловую форму.

Кожны выбарнік мае права самастойна вырашаць, за каго і калі галасаваць. Датэрміновае галасаваньне — гэта права выбарніка, а не абавязак, і пры адмове ісьці на выбарчы ўчастак датэрмінова ніхто ня мае права адлічыць яго з вучобы, пазбавіць інтэрнату, звольніць з працы ці пагражаць іншымі наступствамі, падкрэсьліваюць праваабаронцы і заклікаюць беларусаў разам зь імі супрацьстаяць фальсыфікацыям на выбарах у Беларусі, частка якіх адбываецца падчас датэрміновага галасаваньня.

Датэрміновае галасаваньне на прэзыдэнцкіх выбарах 2020 году будзе праходзіць з 4 па 8 жніўня.

​
XS
SM
MD
LG