Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд адмовіўся пачынаць справу аб пераглядзе месцаў для агітацыі ў Менску


Тучынскі сквэр на вуліцы Харкаўскай у Менску: месца для правядзеньня перадвыбарчай агітацыі
Тучынскі сквэр на вуліцы Харкаўскай у Менску: месца для правядзеньня перадвыбарчай агітацыі

Суд Маскоўскага раёну Менска адмовіў у справе паводле скаргі назіральніка кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» Аляксея Лойкі.

Назіральнік прасіў прызнаць незаконнай адмову Менгарвыканкаму пераглядаць рашэньне аб скарачэньні месцаў для агітацыі.
Аднак суд адмовіўся пачынаць справу «ў сувязі з адсутнасьцю ў заяўніка права на зварот, бо заява не падлягае разгляду з прычыны яе непадведамнасьці».

У рашэньні пазначана, што Выбарчы кодэкс не прадугледжвае права і парадку абскарджваньня рашэньняў аб вызначэньні месцаў для агітацыі, а таксама адмоваў выканкамаў ад унясеньня зьменаў у такія рашэньні. На падставе гэтага судзьдзя Маскоўскага раёну Менска Арцём Русак ня стаў разглядаць скаргу назіральніка кампаніі.

Аляксей Лойка прыйшоў да высновы, што заканадаўства не прадугледжвае эфэктыўнага сродку прававой абароны для ўдзельнікаў выбарчага працэсу.

«Па-першае, рашэньне мясцовай улады аб вызначэньні месцаў для агітацыі абскардзіць наогул немагчыма, што парушае права на судовую абарону. Па-другое, адмова супярэчыць палажэньням ч. 1 арт. 337 ГПК. Згодна з нормай, справы, якія ўзьнікаюць з адміністрацыйна-прававых стасункаў, разглядаюцца судом не пазьней месячнага тэрміну з дня паступленьня заявы. Мы прасілі разгледзець скаргу за трохдзённы тэрмін, зыходзячы з ч.3 арт.49-1 ВК. Судовая праверка законнасьці адказу Менгарвыканкаму аказалася недаступнай», — падсумаваў Аляксей Лойка.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG