Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Пляны карэктуюцца проста на хаду», — штаб Ганны Канапацкай


Ганна Канапацкая

У штабе Ганны Канапацкай сказалі, што ня будуць афішаваць перамяшчэньняў сваёй кандыдаткі ў прэзыдэнты.

«Сустрэчы з выбарнікамі будуць, але мы будзем пра іх паведамляць перад самай сустрэчай. Мы не хацелі б, каб пра гэта было вядома зараней. Пляны карэктуюцца проста на хаду», — сказала прэс-сакратарка Тацяна Палякова.

Пакуль у Ганны Канапацкай няма нейкіх канкрэтных сустрэч, але на гэтым тыдні плянуюцца паездкі па рэгіёнах. Раней на сваёй старонцы ў фэйсбуку Ганна Канапацкая назвала правільным рашэньне яе штаба адмовіцца ад правядзеньня пікетаў з улікам пагроз, якія паступаюць у яе адрас, адрас яе дзяцей і давераных асобаў.

«Улада, засяроджаная на барацьбе зь іншадумствам і пратэставымі настроямі, сёньня ня здольная абараніць кагосьці, акрамя сябе, што робіць вулічную агітацыю небясьпечнай. Да таго ж месцы, якія ўлада вызначыла для пікетаў, больш падыходзяць для выгулу сабак», — напісала кандыдатка.

Паводле Ганны Канапацкай, будзе рабіцца стаўка на прадпрыемствы, дзе ёсьць «магчымасьць забясьпечыць людзям належную бясьпеку». Штаб кандыдаткі на мінулым тыдні разаслаў лісты на 50 найбуйнейшых прадпрыемстваў краіны для правядзеньня сустрэч.

Час, які вызваліўся ад паездак па рэгіёнах, Ганна Канапацкая зьбіраецца выкарыстаць для стварэньня партыі. Над гэтым яна «шчыльна працуе». Заявы пра гэта яна зробіць 28 ліпеня ў другім перадвыбарным выступе па тэлевізіі.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі (на 13 лепеня) праваабаронцы налічылі больш за 700 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. 129 чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі, 252 чалавекі аштрафавалі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG