Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кандыдатка Ціханоўская сустрэлася з галадоўніцамі пад СІЗА ў Менску. Яны патрабуюць вызваліць палітвязьня Фурманава. ВІДЭА


Сьвятлана Ціханоўская і Вольга Фурманава, 27 ліпеня

Сьвятлана Ціханоўская, кандыдатка ў прэзыдэнты Беларусі, сустрэлася днём 27 ліпеня з Вольгай Фурманавай і Вольгай Каракінай — маці і дзяўчына палітвязьня Зьмітра Фурманава прыехалі ў Менск з Горадні і пачалі бестэрміновую галадоўку пад СІЗА на вуліцы Валадарскага.

Сьвятлана Ціханоўская, якая а 3-яй гадзіне ночы прыехала ў Менск з Гомля, у 13.30 прыйшла падтрымаць галадоўніц.

«Я не магла не прыйсьці да гэтых мужных жанчын. Я павінна падтрымаць і сказаць цёплыя словы ўсім блізкім тых, хто знаходзіцца цяпер за кратамі, хто пацярпеў за майго мужа Сяргея Ціханоўскага», — сказала Сьвятлана Ціханоўская.

Сьвятлана Ціханоўская з бацькамі і дзяўчынай палітвязьня Зьмітра Фурманава
Сьвятлана Ціханоўская з бацькамі і дзяўчынай палітвязьня Зьмітра Фурманава

«Гэта людзі, якія былі побач зь Сяргеем Ціханоўскім, калі гэта адбылося. а іх цяпер асуджаюць па аднаму артыкулу. Як я не мабла іх падтрымаць? Калі б я абвесьцілі галадоўку, мяне таксама б падтрымалі. Калі я кажу пра Сяргея Ціханоўскага, я ж не аднаго яго маю на ўвазе. Я маю на ўвазе ўсіх палітзбняволеных, якіх зараз знаходзяцца за кратамі і па гэтай справе, якіх затрымалі і пасьля, пра адміністратараў тэлеграм-каналаў, якіх затрымалі.

Дзякуй усім, хто прыйшоў падтрымаць сям’ю Фурманавых, што праяўляеце сваю грамадзянскую пазыцыю. А ў турмах цяпер сядзяць сьмелыя людзі, якія пасьмелі праўду сказаць. За сьмеласьць іх пасадзілі, іх проста баяцца», — сказала Сьвятлана Свабодзе.

Яна таксама паведаміла, што мае намер вырашаць праблему СМІ.

«Трэба ж увагу прыцягваць. А то ўлады кажуць, што зьбіраюцца ўжо высылаць замежныя СМІ, маўляў яны ўмешваюцца. Але ж трэба ўмешвацца, каб сьвет ведаў, што тут адбываецца, што людзі ні за што сядзяць у турме», — кажа Сьвятлана Ціханоўская.

Вольга Фурманава і Вольга Каракіна зьявіліся каля прахадной СІЗА №1 на вуліцы Валадарскага 26 ліпеня. Яны кажуць, што будуць знаходзіцца тут максымальна доўга. Яны патрабуюць вызваліць Зьмітра Фурманава і ўсіх палітвязьняў, а таксама спыніць крымінальны перасьлед зьняволеных па 342-м артыкуле Крымінальнага кодэксу.

Апавяшчэньне пра сваю акцыю яны накіравалі ў Горадзенскі аблвыканкам, Адміністрацыю прэзыдэнта, Савет Рэспублікі, СІЗА № 1, МУС, Сьледчы камітэт, Генэральную пракуратуру, прадстаўніку Эўразьвязу ў Беларусі, Вярхоўны суд, Спеэцыяльнай дакладчыцы Арганізацыі абʼяднаных нацыяў па правах чалавека ў Беларусі.

Міліцыя пакуль не чапае галадоўніц

Маці Зьмітра Фурманава Вольга Іванаўна прызналася, што першая ноч для яе прайшла нялёгка. Пакуль увагі і прэтэнзій з боку праваахоўных органаў да іх не было, падзяліліся жанчыны.

Маці Зьмітра Фурманава
Маці Зьмітра Фурманава

«Слабасьць адчуваю, лёгкае галавакружэньне ёсьць. Але ўчора да нас падыходзіла шмат людзей — і журналісты, і жанчыны зь ініцыятывы „Маці 328“, а ўвечары моладзь зь пікету і проста неабыякавыя людзі. Выказваюць цёплыя словы падтрымкі, прыносяць ваду, цёплыя рэчы, нават парасоны. Гэта надае сілы і мне, і мужу, і Вользе», — расказвае Вольга Іванаўна.

Забралі Зьмітра 29 траўня проста зь пікету. Яго схапілі людзі ў цывільным і вынесьлі разам з крэслам з-за стала, дзе Зьміцер зьбіраў подпісы за Сьвятлану Ціханоўскую. Забралі на вачах бацькоў і жанчыны. Некалькі маладзёнаў закінулі яго ў сіні мікрааўтобус. Бацькі кінуўся пад машыну, але яго груба адштурхнулі і павезьлі ў Менск.

Зьміцер абяцае вярнуцца і «пераараць усё лецішча»

Маці кажа, што кантактуе з адвакатам. Але той мала расказвае — пра ход сьледзтва маўчыць, бо ён пад падпіскай аб невыдаваньні.

«Кажа толькі, што Дзіму патрэбна, мы купляем і едзем у Менск. А лісты прыходзяць — 8 лістоў ён нам напісаў, 6 — Вользе. Лісты вельмі цёплыя, добрыя — я нават не падазравала, што сын так добра піша. Настрой добры, нас супакойвае. Піша: „Як шкада, што я вам так мала ўвагі ўдзяляў. Вярнуся — пераару ўсё лецішча“. Прасіў напісаць усе дні народзінаў пляменьнікаў, сваякоў», – расказвае Вольга Іванаўна.

Паштоўка з выявай Зьмітра Фурманава
Паштоўка з выявай Зьмітра Фурманава

Жанчына ня стрымлівала сьлёз у размове з карэспандэнтамі Свабоды.
Дзяўчына Зьмітра Вольга таксама дзеліцца, што лісты вельмі цёплыя. Але доўга ідуць: 10–14 дзён.

Сьвятлана Ціханоўская абдымае дзяўчыну Зьмітра Фурманава Вольгу Каракіну
Сьвятлана Ціханоўская абдымае дзяўчыну Зьмітра Фурманава Вольгу Каракіну

«Мы яго бачылі праз Skype на судзе. Трымаецца бадзёра, бараду яго прымусілі пагаліць. Аднак нам перашкаджалі прысутнічаць на судзе. Калі мы прыйшлі, у залі ўжо сядзела 14 амапаўцаў. Але я пасварылася зь імі і села так, каб мяне Дзіма пабачыў. Падчас перапынку выходзіла апошняй, а потым уваходзіла першай і сядала куды хацела», — дадае дзяўчына Зьмітра Вольга.

У камэры тры чалавекі, усе маладыя, ніхто не паліць. Абліваюцца вадой па раніцах, дзеляцца прадуктамі, калі перадачы атрымліваюць. На прагулку іх выводзяць.

Бацька Дзьмітрыя зьвярнуўся зь лістом да Аляксандра Лукашэнкі, але адказу пакуль няма.

Бацька Фурманава
Бацька Фурманава

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG