Давераная асоба Сьвятланы Ціханоўскай, берасьцеец Уладзімер Мароз 25 ліпеня зьвярнуўся ў Маскоўскі РАУС Берасьця з заявай аб распаўсюдзе ўлётак, якія дыскрэдытуюць кандыдатку ў прэзыдэнты, піша БелаПАН.
Улёткі разьляпілі ў парку Ваяроў-інтэрнацыяналістаў, дзе 25 ліпеня заплянавалі агітацыйны пікет за кандыдатку, расказаў берасьцейскі праваабаронца Раман Кісьляк.
Паводле яго, улёткі заклікалі «дапамагчы знайсьці дарогу дамоў» у «Штутгарт, Маскву і Вашынгтон» Сьвятлане Ціханоўскай і ейным паплечніцам — лідэрцы штабу Віктара Бабарыкі Марыі Калесьнікавай і Вераніцы Цапкале, жонцы экс-прэтэндэнта ў прэзыдэнты Валера Цапкалы.
«Дзе надрукаваныя ўлёткі, хто іх распаўсюдзіў, нам пакуль невядома — яны без выходных зьвестак, — дадаў Кісьляк. — Ніякага дачыненьня да іх штаб Ціханоўскай і згодныя зь яе штабы Віктара Бабарыкі і Валера Цапкала ня маюць».
Паводле яго, Мароз у заяве ў міліцыю патрабуе выявіць асобаў, якія вырабілі і распаўсюдзілі ўлёткі, прыцягнуць іх да крымінальнай адказнасьці за паклёп. Кісьляк адзначае, што зьмест улётак нагадвае заявы Аляксандра Лукашэнкі: ён заяўляў, што альтэрнатыўныя кандыдаты — «стаўленікі замежных дзяржаваў».