Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Адчувае сябе звышчалавекам пры Лукашэнку». Што кажа сябар ЦВК, чыё пытаньне Ярмошына назвала «расісцкім»


Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына, архіўнае фота
Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына, архіўнае фота

Рахмэтала Байтасаў, сябар ЦВК з правам дарадчага голасу ад кандыдата Андрэя Дзьмітрыева, пракамэнтаваў Свабодзе сёньняшняе рашэньне ЦВК пра абмежаваньне колькасьці назіральнікаў.

Ярмошына прапанавала ў асноўны дзень галасаваньня зьменшыць колькасьць назіральнікаў да пяці адначасова і ня больш за 50% ад складу камісіі. А падчас датэрміновага галасаваньня — ня больш за тры адначасова. Прыярытэт будуць мець тыя назіральнікі, хто акрэдытаваўся раней.

«Яны ўсяляк імкнуцца абмежаваць уплыў людзей на вынікі выбараў. Вялікая колькасьць назіральнікаў значна зьмяншае колькасьць фальсыфікацый. Я думаю, што яны хочуць пакінуць пяць чалавек ад арганізацый тыпу „Белая Русь“ і БРСМ. Хаця Дзьмітрыеў выказаў ініцыятыву, каб былі назіральнікі ад кандыдатаў. Але яны там сядзяць у ЦВК і як машыны галасуюць аднагалосна», — сказаў карэспандэнту Свабоды Рахмэтала Байтасаў.

Ярмошына адзначыла, што пытаньне абмежаваньня колькасьці назіральнікаў зьвязанае і з «маральным і фізычным ціскам» на сяброў выбарчай камісіі. Тады Рахмэтала Байтасаў спытаўся ў кіраўніцы ЦВК, ці не давярае яна народу Беларусі?

«Яна, відаць, не чакала такога пытаньня і крыху разгубілася і сказала, што гэта нейкае расісцкае пытаньне. А потым пачала разважаць, што яна з павагай ставіцца да людзей усіх нацыянальнасьцяў, і да беларусаў, і гэтак далей. І потым яны прагаласавалі».

Рахмэтала Байтасаў стала жыве ў Беларусі з 1972 году. Нарадзіўся ў Казахстане, маці — літоўская татарка, паехала на цаліну і там выйшла замуж за казаха. Ці не абразіла яго заўвага Ярмошынай пра «расісцкае» пытаньне?

«Я думаю, яна проста прыгадала, што я не беларус па нацыянальнасьці, — кажа Рахмэтала Байтасаў. — Мяне гэта, у прынцыпе, не зьняважыла. Тут пытаньне ў тым, што яна проста адарвалася ад жыцьця. Яна ўбачыла таблічку з маім імем, яна мяне па імені і па бацьку ні разу не назвала, відаць, выгаварыць ня можа. І тут я ёй задаю пытаньне, і яе, відаць, пераклініла. Яна сказала, што пытаньне расісцкае, маўляў, пытаньне задае нейкі нярускі».

У яго склалася ўражаньне, што Лідзія Ярмошына вядзе пасяджэньне ЦВК «граматна і нахабна».

«Адарвалася ад жыцьця, ад народу, лунае ў нябёсах, адчувае сябе звышчалавекам пры Лукашэнку, а безь яго яна ніхто».

Калі пачалася выбарчая кампанія, Рахмэтала Байтасаў пайшоў у каманду Андрэя Дзьмітрыева — як да «больш-менш нэўтральнай асобы».

Рахмэтала Байтасаў мае дзьве вышэйшыя адукацыі, сябрам БНФ быў з 1994 па 2008 год, працаваў выкладчыкам БДУ, адкуль яго ў 2016 годзе звольнілі. Паводле Байтасава, з таго часу яму не даюць магчымасьці працаўладкавацца.

«Чатыры гады як унесьлі ў „чорныя“ сьпісы». У Беларусі не даюць працаваць", — кажа ён.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG