Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэйгерман: «Калі нехта чакаў, што ўлада павядзе сябе па-іншаму, то гэта дурні альбо безадказныя людзі»


 Затрыманьні на пікеце салідарнасьці ў Менску 19 чэрвеня
Затрыманьні на пікеце салідарнасьці ў Менску 19 чэрвеня

Дырэктар Рады міжнародных спраў «Менскі дыялёг» Яўген Прэйгерман дае сваю вэрсію, чаму падзеі ў Беларусі пайшлі паводле найгоршага сцэнару; не разумее, які сэнс ставіць пытаньне «Хто вінаваты?», і тлумачыць жорсткія дзеяньні ўлады тым, што яна ўвайшла ў эмацыйны клінч са сваімі апанэнтамі.

Сьцісла

  • Тыя заклікі, якія я выказваў у красавіку, на жаль, не былі пачутыя і прынятыя — ніводным з бакоў.
  • Я як грамадзянін краіны не зусім разумею, які сэнс ставіць пытаньне «Хто вінаваты?»
  • Калі ўлада гэта ўлада, то чыста тэхналягічна галоўная адказнасьць, безумоўна, на ёй.
  • Для мяне як для аналітыка важна тое, што ўлада паводзіць сябе так, як ад яе можна было чакаць.
  • Калі ўлада ўваходзіць у сур’ёзны эмацыйны клінч з кімсьці, то небясьпека ў тым, што ў эмацыйным стане ў цябе адключаюцца шмат якія функцыі.

— У сваім славутым артыкуле, апублікаваным яшчэ ў красавіку («Беларуская дзяржаўнасьць стаіць перад сур’ёзным выпрабаваньнем»), вы заклікалі і ўладу, і апазыцыю да дыялёгу і еднасьці. Дыскусіяў вакол гэтага вашага закліку было шмат, багата выказвалася думак наконт таго, хто і як павінен быў пачаў гэты дыялёг, зрабіць першы крок. Як бы тое ні было, цяпер маем, што маем, падчас гэтай выбарчай кампаніі патэнцыйныя кандыдаты апынуліся за кратамі, на вуліцах затрымліваюць тых, хто стаіць у чарзе ў краму. Чаму так адбылося?

— Так адбылося таму, што тыя заклікі, якія я выказваў, на жаль, не былі пачутыя і прынятыя — ніводным з бакоў. Калі я пісаў артыкул, я адчуваў, што ўся сукупнасьць падзеяў, якія адбываліся на пачатку году, непазьбежна прывядзе да велізарнага ўнутрыпалітычнага напружаньня і магчымасьці такіх падзеяў, якія сёньня і разгортваюцца.

Мне здаецца, што любы чалавек, які ўважліва сочыць за Беларусьсю, ня мог не заўважыць, што падзеі пойдуць менавіта такім чынам. І ня мог не прыйсьці да высновы, што гэта будзе найгоршы сцэнар для стратэгічнай пэрспэктывы краіны. Таму я вымушаны канстатаваць, што цяпер акурат мы бачым той самы найгоршы сцэнар, і разглядаю яго ня проста ў кантэксьце прэзыдэнцкай кампаніі, а ў больш доўгатэрміновай пэрспэктыве, у кантэксьце стратэгічнага ўплыву на магчымасьць Беларусі адстойваць свае інтарэсы на міжнароднай арэне.

Я не хачу тут ставіць на ўсім крыж у стылі выказваньня «Мы ўсе памром», але тыя тэндэнцыі, якія разгортваюцца, на вялікі жаль, вельмі кепскія і небясьпечныя для Беларусі.

Яўген Прэйгерман
Яўген Прэйгерман

— Узьнікае лягічнае пытаньне, хто ж у гэтым вінаваты. На гэтых выбарах улада ўспрыняла вылучэньне асобных кандыдатаў фактычна як спробу перавароту, хоць выбары нібыта якраз і прадугледжваюць барацьбу за ўладу. Кандыдаты яшчэ не пасьпелі вылучыцца, як апынуліся за кратамі. Людзей хапаюць у аўтазакі ў чэргах каля крамаў. То бок у тых рэпрэсіях, якія пачаліся, вы, магчыма, бачыце нейкую «віну» ахвяраў? Маўляў, вінаватыя абодва бакі?

— Гэтае пытаньне, на вялікі жаль, адлюстроўвае дастаткова інфантыльную стадыю разьвіцьця грамадзкай думкі ў Беларусі. Пытаньне «Хто вінаваты?» павінна пераходзіць у пытаньне «Што рабіць?» Але, на вялікі жаль, для многіх застаецца толькі адно пытаньне — «Хто вінаваты?»

Але адказы могуць быць самыя розныя. Мы з вамі, Віталь, можам даць адзін адказ, і ён здасца вам правільным, і многія людзі падпішуцца пад вашымі словамі, асабліва пасьля таго, як дзеяньні ўладаў для многіх сталі шокам. Але ж ёсьць і іншая Беларусь, людзі ў якой альбо зусім не цікавяцца гэтымі працэсамі, альбо маюць зусім іншую пазыцыю. І гэта ніякія ня 3 працэнты, а значна большая колькасьць.

Я як грамадзянін краіны не зусім разумею, які практычны сэнс ставіць гэтае пытаньне — «Хто вінаваты?» У кожнага свой адказ, перахіліць на свой бок немагчыма, і гэта тое пытаньне, якое нас вядзе ў той кут, у якім мы апынуліся.

— Мне здаецца, што пытаньне «Хто вінаваты?» не зьяўляецца нечым абстрактным, бо мае непасрэднае дачыненьне да пытаньня «Што рабіць?» Вы пісалі ў сваім артыкуле, што трэба абодвум бакам рабіць крокі насустрач. Дык вось альтэрнатыўныя кандыдаты, якія вылучыліся на выбары, паводзілі сябе максымальна асьцярожна і «ветліва», не заклікалі да Плошчы, не гаварылі пра супраціў, казалі пра давер выбарчым камісіям. Што яны зрабілі ня так, каб прыйсьці да згоды і дыялёгу? Яны сталі вінаватыя толькі ў тым, што вырашылі пайсьці на выбары?

— Вядома, ня сталі. Я разумею і гэтае ваша пытаньне, і эмоцыі людзей, асабліва тых, якія раней не займаліся палітыкай. Калі мы глядзім на гэтыя падзеі з гледзішча агульначалавечага аналізу, то няма ніякага сумневу, што гэтыя людзі сталі ахвярамі ўсяго таго, што сёньня адбываецца.

Але калі нехта не разумееце, да чаго прыводзяць тыя падзеі, якія сёньня разгортваюцца, то гэта альбо дурань, ня здольны аналізаваць сытуацыю, альбо чалавек, не адказны за тое, што адбываецца ў краіне.

Як у Беларусі праходзіць выбарчая кампанія. Апошняе

— Калі гэтыя вашы даволі абцякальныя словы перакласьці на простую мову, то заклік да адзінства можна сфармуляваць так — «нельга было кідаць сур’ёзны выклік уладзе, разумеючы, што ўсіх пасадзяць. Трэба было сядзець моўчкі і не выступаць супраць улады». Я правільна разумею?

— Не зусім так. Калі людзі разумеюць, што нейкія іхныя дзеяньні прывядуць да катастрофы... У сытуацыі, калі вы не ведзяце ніякай унутрыэлітнай дыскусіі, калі вы не намагаецеся адзін аднаго зразумець і весьці нейкую размову, то гэта ў пэўнай ступені безадказнасьць. Яна прывядзе, па-першае, да татальнай дэпрэсіі сярод людзей, якія будуць вас падтрымліваць, а па-другое, гэта ўдар для ўсёй краіны.

Я разумею ўсіх тых, хто глядзіць на гэтую сытуацыю з чорна-белым падыходам, але сам ніколі да такога падыходу не належаў. Але нельга лічыць, што я думаю, нібыта ўлады ўсё робяць правільна і да іх няма ніякіх прэтэнзій. Калі ўлада — гэта ўлада, то чыста тэхналягічна галоўная адказнасьць, безумоўна, на ёй.

Але я заклікаў да гэтага ў сваім артыкуле і настойваю на гэтым цяпер, што калі мы хочам «людзьмі звацца», узмацняць нашу дзяржаўнасьць, то мы павінны пры ўсіх унутраных канфліктах знайсьці магчымасьць у першую чаргу дбаць пра беларускую незалежнасьць. Тады, у красавіку, у якасьці адказу на мой заклік свой артыкул напісаў Юры Дракахруст, і ён там падкрэсьліў вельмі важную рэч. Была Рэч Паспалітая, у якой розныя групы ставіліся адна да адной як да ворагаў, і кожны мог патлумачыць вельмі яскравымі аргумэнтамі, чаму другі бок ня мае рацыі і небясьпечны. Але мы ведаем, да чаго гэта ў выніку прывяло. На вялікі жаль, мы гістарычна можам апынуцца ў такой самай сытуацыі.

— З вашых тлумачэньняў усё ж незразумела, чаму цяпер улада так сябе павяла. Чаму яна не захацела правесьці кампанію, як у 2015-м годзе, — спакойна, бяз шуму, потым у дзень выбараў выдаць апазыцыйнаму кандыдату 3 працэнты? Навошта пасадкі і рэпрэсіі?

— У 2015 годзе была іншая сытуацыя, іншая атмасфэра, не было тых чыньнікаў, пра якія я казаў у сваім артыкуле ў красавіку. Чаму ўлада так паводзіцца, трэба пытацца ў яе — хаця яна, здаецца, свае дзеяньні тлумачыць.

Для мяне як для аналітыка важна тое, што ўлада паводзіць сябе так, як ад яе можна было чакаць. Калі ў кагосьці былі іншыя чаканьні, з улікам усіх чыньнікаў і тэндэнцыяў, то гэта кепскія аналітыкі альбо проста безадказныя людзі. Гэта цалкам прадказальныя паводзіны, бо гэтую ўладу мы ведаем ужо 26 гадоў. Ніякіх сюрпрызаў для мяне тут не было.

— Што цяпер вы пішаце, якія парады, аналітычныя высновы ці рэкамэндацыі даяце ў сваіх аналітычных працах у рамках ініцыятывы «Менскі дыялёг»? Ужо відавочна, што такая хада выбараў выкліча нэгатыўную рэакцыю Захаду. Яна будзе альбо асьцярожна нэгатыўнай, альбо вельмі рэзкай — гэта залежыць ад далейшых падзеяў у Беларусі. Што вы прапануеце рабіць, каб стасункі Менску і Брусэлю не пайшлі ў поўны разрыў?

— У прынцыпе, тыя парады, якія мы даём, супадаюць з тым, што я і мае калегі пішам у адкрытым фармаце. Згодны з вамі, што тыя падзеі, якія адбываюцца, вельмі нэгатыўна адаб’юцца на замежнай палітыцы Беларусі. Яны ня толькі будуць мець уплыў на стасункі з Захадам, але могуць звузіць замежнапалітычны калідор для манэўраў усёй Беларусі. Гэта для любой краіны галоўны выклік у замежнай палітыцы, які потым адаб’ецца і на ўнутранай сытуацыі.

І ўсё, што мы можам рэкамэндаваць — рабіць усё магчымае, каб паменшыць рызыкі такіх наступстваў. Але, на вялікі жаль, кампанія цяпер ідзе такім чынам, што яна можа мець самыя нядобрыя наступствы для замежнай палітыкі.

— Калі ўлады разумеюць гэтыя наступствы, дык чаму яны робяць такія крокі, якія і выклікаюць такія наступствы? Ці сёньня праблема захаваньня ўлады найпершая, а пра нэгатыўныя наступствы ў замежнай палітыцы можна «падумаць заўтра»? Тут недаацэнка гэтых рызыкаў ці проста выбраны адпаведныя прыярытэты (захаваньне ўлады)?

— Тое, што я бачу — калі ўлада ўваходзіць у сур’ёзны эмацыйны клінч з кімсьці (у нашым выпадку з альтэрнатыўнымі кандыдатамі), то небясьпека і трагедыя ў тым, што, калі ты ў эмацыйным стане, у цябе адключаюцца шмат якія іншыя функцыі.

Тое самае адбываецца і з другога боку. Я зь вялікім жалем назіраю за шмат якімі людзьмі з апазыцыйнага боку барыкадаў. У звычайным жыцьці яны зьяўляюцца рацыянальнымі людзьмі, прафэсійнымі аналітыкамі. Але падчас эмацыйнай экзальтацыі яны страчваюць магчымасьць рацыянальна думаць.

І пакуль сытуацыя будзе такім чынам разгортвацца, у нас наўрад ці ёсьць падставы чакаць, што людзі ў такім стане змогуць цалкам рацыянальна, дэталёва сябе паводзіць — як ва ўнутранай, так і ў замежнай палітыцы.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG