Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На Магілёўшчыне затрымалі дзяўчыну за надпіс «Стоп Лука»


Краснапольле, цэнтар гораду, архіўнае фота
Краснапольле, цэнтар гораду, архіўнае фота

У мястэчку Краснапольле Магілёўскай вобласьці 19-гадовую дзяўчыну вінавацяць у тым, што яна зрабіла надпіс «Стоп Лука» перад будынкам мясцовай міліцыі. Пра гэта паведаміў Свабодзе яе дзядзька Аляксандар Дзем’янкоў.

УЖЫВУЮ Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі

Паводле Аляксандра, ягоную пляменьніцу Вераніку Карпаву затрымалі 8 ліпеня а 23-й гадзіне. Зь яе словаў, на допыце яна прызналася, што зрабіла надпіс. Да 5 гадзіны наступнага дня дзяўчына прабыла ў міліцыі. У яе забралі тэлефоны.

9 ліпеня блізу паўдня да яе маці прыехалі міліцыянты, каб правесьці ператрус у кватэры, дзе яна жыве з дачкой. Жанчына адмаўляецца іх пускаць бяз санкцыі пракурора на вобшук.

Дзем’янкоў дадае, што Вераніку а 9 раніцы зноў выклікалі ў міліцыю, дзе яна прабыла да 12 гадзіны. Па словах дзяўчыны, «сьледчы падаўся ёй добразычлівым, і яна ўсё яму расказала». Зь міліцыі яе адпусьцілі, паведаміўшы, што могуць выклікаць зноў.

Цяпер Вераніка ўстрымліваецца ад гутарак з чужымі. Што да спробаў правесьці ператрус, то міліцыянты пайшлі па санкцыю пракурора і пакуль не вярталіся.

Аляксандар Дзем’янкоў кажа, што надпіс пляменьніца зрабіла на вуліцы Ленінскай пад відэакамэрамі. Ён дапускае, што па іх яе і маглі вылічыць. Па ягоных словах, раней за Веранікай не назіраў падобнай актыўнасьці.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG