Лінкі ўнівэрсальнага доступу

30 цытатаў з кнігі «Паўстаньне масаў», якая зьнікла з кнігарняў пасьля рэкамэндацыі Бабарыкі


Бабруйск, 15 чэрвеня
Бабруйск, 15 чэрвеня

Пасьля таго, як пра гэтую кнігу публічна згадаў Віктар Бабарыка, яна цягам некалькіх дзён зьнікла з традыцыйных кнігарняў і онлайн-крамаў. Журналіст Свабоды прачытаў «Паўстаньне масаў» Хасэ Артэгі-і-Гасэта, выбраўшы зь яе 30 цытатаў, якія дапамогуць зразумець сутнасьць твору.

Патэнцыйна кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка згадаў кнігу «Паўстаньне масаў» у інтэрвію tut.by 11 чэрвеня.

«Тое, што скажуць мне зрабіць выбарнікі, я хуценька гэта зраблю. Калі мае выбарнікі скажуць: хадзем на плошчу, я пайду на плошчу. Калі мае выбарнікі скажуць нешта зрабіць па-іншаму... Мне здаецца, мы забываемся, што ў ніводнай краіне сьвету - пачытайце кнігу „Паўстаньне масаў“ - ніводзін дыктатарскі рэжым ня можа ўтрымацца, калі ў яго няма электаральнай большасьці. Ён можа ўтрымацца кароткі час на крыві, толькі на крыві. Калі хтосьці гатовы ўзяць на сябе адказнасьць за праліцьцё крыві, а гэта ня я казаў, што буду расстрэльваць людзей, то гэта будзе яго адказнасьць», — заявіў Бабарыка.

На мінулым тыдні стала вядома, што ў чытачоў узьніклі праблемы з набыцьцём кнігі ў менскіх кнігарнях. Яна проста зьнікла.

Хасэ Артэга-і-Гасэт (1883 – 1955) - гішпанскі філёзаф, які ўпершыню ў заходняй філазофіі абгрунтаваў асноўныя прынцыпы канцэпцыі масавага грамадзтва.

Кнігу «Паўстаньне масаў», якая прысьвечаная акурат гэтаму фэномэну, ён апублікаваў у 1930 годзе ў Гішпаніі. Назва можа падштурхнуць да памылковага ўяўленьня, што гэта падручнік як рабіць рэвалюцыі. І ня блізка. Гэта сацыяльна-філязофскі трактат, які апісвае культурны крызіс Эўропы, зьвязаны са зьменай ролі масаў у грамадзтве.

Аўтар крытыкуе захоп грамадзкай улады пасрэднымі і шэрымі масамі, экспансію ўлады і лічыць выратаваньнем лібэральную дэмакратыю і пакліканьне людзей «вечна быць асуджанымі на свабоду».

Хасэ Артэга-і-Гасэт
Хасэ Артэга-і-Гасэт

Што такое маса

  • Маса – гэта сярэдні, пасрэдны чалавек. Тое, што раней успрымалася як колькасьць, цяпер зьяўляецца перад намі як якасьць. Яно робіцца агульнай сацыяльнай прыкметай чалавека без індывідуальнасьці, які ні чым не адрозьніваецца ад іншых, ад безасабовага «агульнага тыпу».
  • XIX стагодзьдзе было па-сутнасьці рэвалюцыйным, не таму што яно пабудавала барыкады – гэта дэталь, а таму, што яно паставіла пасрэднага чалавека, то бок вялізныя сацыяльныя масы, у цалкам новыя жыцьцёвыя ўмовы, радыкальна супрацьлеглыя папярэднім. Яно перавярнула іх існаваньне.
  • Маса – гэта тыя, хто не выступае актыўна. У гэтым яе прызначэньне. Яна зьявілася на сьвет, каб быць пасіўнай, каб нехта на яе ўплываў, арганізоўваў – ажно да таго моманту, пакуль яна перастане быць масай або, прынамсі, захоча гэтага. Але яна зьявілася на сьвет не дзеля таго, каб выконваць усё гэта самой.
  • Дзьве асноўныя рысы ў псыхалягічнай дыяграме чалавека масы: безупынны рост жыцьцёвых хаценьняў, а тым самым асобы, і прынцыповая няўдзячнасьць да ўсяго, што дазволіла так добра жыць. Абедзьве рысы характэрныя для добра нам знаёмай псыхалёгіі расьпешчаных дзяцей.
  • Сучасны чалавек масаў - гэта новы Адам, які ніколі не сумняваецца ў сваёй дасканаласьці. Яго вера ў сябе падобная да райскай веры. Зачыненасьць душы пазбаўляе яго магчымасьці спазнаць сваю недасканаласьць.

У чым небясьпека масы

  • Яна не адчувае ніякай удзячнасьці і не прызнае за сабой ніякіх абавязкаў. Калі маса пачынае задаваць тон у грамадзтве, трэба біць у набат і гучна папярэджваць пра тое, што чалавецтву пагражае выраджэньне, духоўная сьмерць.
  • Сучасны чалавек масаў перастаў слухаць іншых. Навошта слухаць іншых, калі ён усё і так ведае? Цяпер ужо няма чаго слухаць, цяпер трэба самому судзіць, пастанаўляць, вырашаць. Няма такога пытаньня ў грамадзкім жыцьці, у якое б ён не ўмяшаўся, навязваючы свае меркаваньні – ён, сьляпы і глухі.
  • Для чалавека масы прыняць дыскусію значыць ісьці на верны правал, і ён інстынктыўна адмаўляецца прызнаваць гэтую вышэйшую суб’ектыўную інстанцыю. Адсюль модны ў Эўропе лёзунг: «Годзе дыскутаваць!» – і адмова ад усялякіх формаў духоўнай камунікацыі, якая прадугледжвае прызнаньне аб’ектыўных нормаў, пачынаючы з простай размовы і сканчаючы парлямэнтам і навуковымі супольнасьцямі. Масы навязваюць грамадзтву сваю волю і густы. Ім абрыдла палітыка, і яны гатовыя аддаць яе адмысловым людзям.
  • Масы, якія карыстаюцца цяпер усімі дабротамі, лічаць той лад, які іх стварыў ў XIXстагодзьдзі, натуральным, прыродным. Толькі так можна зразумець і растлумачыць недарэчны стан душы: яны занятыя толькі ўласным дабрабытам, але не заўважаюць яго прычын.
  • Асноўныя рысы псыхікі масаў – інэртнасьць, зачыненасьць у сабе і ўпартая непадатнасьць. Масы ад прыроды пазбаўленыя здольнасьці спасьцігаць тое, што знаходзіцца па-за іх вузкім колам – і людзей, і падзеі. Яны захочуць мець правадыра – і ня змогуць за ім ісьці. Яны захочуць слухаць, і пераканаюцца, што яны глухія.

Да чаго можа прывесьці маса

  • Грамадзтва хочуць прымусіць жыць для дзяржавы, чалавека – для ўладнай машыны. І паколькі сама дзяржава ўрэшце толькі машына, існаваньне і падтрымка якой залежыць ад машыніста, то, высмактаўшы ўсе сокі з грамадзтва, абяскроўленае, яно само памрэ сьмерцю іржавай машыны.
  • Калі дзяржава пачынае прыгнятаць грамадзтва сваёй бяздушнай магутнасьцю, пачынаецца паступовы спад ва ўсіх галінах жыцьця. Тады дзяржава для задавальненьня ўласных патрэбаў пачынае яшчэ больш закручваць прэс, узмацянецца бюракратызацыя, ідзе мілітарызацыя грамадзтва. Найбольш вострай патрэбай дзяржвы робіцца ваенная машына, войска.
  • Самая вялікая небясьпека, якая пагражае цяпер цывілізацыі: падпарадкаваньне ўсяго жыцьця дзяржаве, умяшаньне яе ва ўсе галіны, паглынаньне ўсёй грамадзкай спантаннай ініцыятывы дзяржаўнай уладай, а значыць зьнішчэньне гістарычнай самастойнасьці грамадзтва, якая падтрымлівае, сілкуе і рухае лёсамі чалавецтва.

У чым выратаваньне

  • Палітычная форма, якая праяўляе максымум волі да супольнага жыцьця, да грамадзкасьці, гэта лібэральная дэмакратыя.
  • Лібэралізм – гэта палітычны прававы прынцып, згодна зь якім грамадзкая ўлада нягледзячы на сваю ўсемагутнасьць сама сябе абмяжоўвае і намагаецца, нават на шкоду сваім інтарэсам, даць месца ў дзяржаве, якой яна кіруе, месца і тым, хто думае і адчувае інакш, чым яна сама, то бок інакш, чым большасьць. Яна добраахвотна дзеліцца зь мяншынямі. Гэта самы высакародны жэст у гісторыі.
  • Жыць адным жыцьцём з ворагамі! Кіраваць разам з апазыцыяй! Нішто лепш не характарызуе нашую эпоху так трапна, як той факт, што колькасьць дзяржаваў, якія дапускаюць у сябе апазыцыю, істотна зьмяншаецца. Амаль паўсюль аднародная маса аказвае ціск на ўрад і душыць, зьнішчае ўсе апазыцыйныя групы. Маса – хто б мог падумаць, гледзячы на яе кампактнасьць і колькасьць? – не жадае трываць побач з сабою тых, хто да яе не належыць. Яна са сьмяротнай нянавісьцю ставіцца да ўсяго іншага.
  • Гістарычная навука абсалютна неабходная для захаваньня і прадаўжэньня сьпелай цывілізацыі не таму, каб яна давала гатовыя рашэньні для новых канфліктаў, - жыцьцё ніколі не паўтараецца і вымагае заўсёды новых рашэньняў, - але таму, што яна засьцерагае нас ад паўтору памылак мінуласьці.
  • У Эўропы няма пэрспэктываў, калі толькі лёс ня трапіць у рукі людзей сапраўды сучасных, прасякнутых адучваньнем гісторыі, усьведамленьнем узроўня і задачаў нашай эпохі і адмовай ад архаізму і прымітывізму. Нам трэба ведаць сапраўдную, цэласную Гісторыю, каб не праваліцца ў мінуласьць, а знайсьці зь яе выхад.
  • Трэба вярнуць грамадзкае жыцьцё, і найперш палітыку, да сапраўднай рэчаіснасьці. Эўропа ня зможа зрабіць адважнага скоку, якога ад яе вымагае вера ў яе будучыню, ня скінуўшы зь сябе ўсяго спарахнелага рызьзя, не аб’явішыўся ізноў у сваёй аголенай сутнасьці, не вярнуўшыся да свайго сапраўднага «я».
  • Адзінае, што можна з поўным правам і па сутнасьці назваць паўстаньнем, гэта непрыняцьце ўласнага лёсу, паўстаньне супраць самога сябе. Маса выступае самастойна толькі ў адным выпадку: калі яна ўчыняе самасуд. Іншага ёй ня дадзена.
  • Нармальныя, трывалыя адносіны паміж людзьмі, якія разумеюцца пад словам «кіраваньне», ніколі не грунтуюцца на сіле. Наадварот, толькі ўладарачы, чалавек або група людзей атрымліваюць у свае рукі апарат улады, які называецца «сілай». Напалеон захапіў сілаю Гішпанію і пэўны час трымаўся там, але, ён ніводнага дня не кіраваў ёю, хоць і валодаў сілай, або, хутчэй, менавіта таму, што валодаў толькі сілай.

Як перастаць быць пасіўнай масай

  • Кіраваньне – звычайная праява ўлады, яна заўсёды палягае на грамадзкай думцы – і цяпер, і дзесяць тысяч гадоў таму, і сярод ангельцаў, і сярод бушмэнаў. Ніводная ўлада на сьвеце ніколі не абапіралася ні на што, акрамя грамадзкага меркаваньня.
  • Закон грамадзкай думкі – гэта закон сусьветнага прыцяжэньня ў сфэры палітычнай гісторыі. Нават той, хто хоча кіраваць, абапіраючыся на янычараў, залежыць ад іх меркаваньня і ад меркаваньня падданых наконт янычараў.
  • Пустое месца, якое ўзьнікае ад адсутнасьці грамадзкай думкі, займае жорсткая сіла.
  • У большасці людзей няма меркаваньня, меркаваньне ім трэба даць, як змазачны алей у машыну.
  • Ва ўсіх народаў бывалі пэрыяды, калі імі намагаліся кіраваць тыя, хто кіраваць не павінен. Але здаровы інстынкт дапамагаў ім напружыць усе сілы і адбіць неправамерныя дамаганьні. Яны паўставалі супраць беззаконьня і тым самым аднаўлялі грамадзкую маральнасьць. У грамадзтве, дзе дзяржава, сама ўлада пабудаваныя на хлусьні, няма сілы і гнуткасьці, а бязь іх ня выканаеш простую задачу – на замацуеш сябе годна ў гісторыі.
  • Нашае быцьцё падпарадкоўваецца дзівоснай, але няўмольнай умове. З аднаго боку, чалавек жыве сабою і для сябе. З другога боку, калі ён не накіроўвае жыцьцё на служэньне нейкай агульнай справе, то яно будзе скамечанае, страціць цэласьць, напружанасьць і «форму». Мы бачым цяпер, як многія заблукалі ва ўласным лябірынце, таму што ім няма чаму сябе прысьвяціць.
  • Эгаізм – гэта лябірынт. Сапраўднае жыцьцё павінна да нечага імкнуцца, ісьці да мэты. Калі я прысьвячаю жыцьцё сабе самому, жыву эгаістам, я не прасоўваюся наперад і нікуды не прыходжу, я кружляю на адным месцы. Гэта і ёсьць лябірынт - шлях, які нікуды не вядзе, губляецца сам у сабе, бо і блукае ў сабе.

Як маса можа стаць дзяржавай

  • Толькі ўсьведамленьне сваёй улады і дысціпліна адказнасьці могуць трымаць у належнай напрузе духоўныя сілы Захаду. Навука, мастацтва, тэхніка і ўсё іншае могуць квітнець толькі ў бадзёрай атмасфэры, створанай адчуваньнем улады.
  • Дзяржава – не падарунак. Чалавек павінен сам, сваёй працай ствараць яе. Дзяржава ўзьнікае тады, калі чалавек імкнецца сысьці ад першабытнага грамадзтва, да якога належыць паводле крыві, мовы.
  • Дзяржава ўзьнікае, зьмешваючы расы і мовы. Яна пераадолела натуральнае грамадзтва, яна разнакроўная і шматмоўная.
  • Стварэньне новай дзяржавы пачынаецца ад вольнай гульні ўяўленьня. Фантазія – гэта вызвольная сіла, падараваная чалавеку. Народ можа стаць дзяржавай настолькі, наколькі ён здольны яе ўявіць.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG