Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Сьмерць дыктатара рэдка нешта мяняе». Добрая навіна і 10 кепскіх пра рэжым у Беларусі


Уга Чавэс і Аляксандар Лукашэнка

З усіх формаў аўтарытарызму ўлады Беларусі абралі самую надзейную, каб захаваць кіраўніцтва на доўгія гады. Але ў сыстэме, якую стварыў Аляксандар Лукашэнка, ёсьць адзін недахоп, які можа паставіць кропку на аўтарытарызьме. Так вынікае з працаў амэрыканскай дасьледчыцы дыктатур Эрыкі Франц.

Прафэсарка Мічыганскага ўнівэрсытэту, аўтарка кніг пра аўтарытарную палітыку, аўтакратыю, дэмакратызацыю і канфлікты, распавяла пра высновы сваіх шматгадовых дасьледаваньняў Свабодзе.

Эрыка Франц дасьледуе аўтарытарныя рэжымы больш за 10 гадоў. Вынікі яе дасьледаваньняў могуць шмат што распавесьці пра сутнасьць, уплыў на краіну ды імаверны канец аўтарытарызму Аляксандра Лукашэнкі.

Эрыка Франц
Эрыка Франц

Як стрымаць дыктатуру ў зародку

Адна з самых эфэктыўных прышчэпак ад аўтарытарызму — гэта незалежныя інстытуцыі ў дзяржаве, лічыць Эрыка Франц. Калі яны здольныя стрымліваць вялікі апэтыт улады, сачыць, ці няма злоўжываньняў у эканоміцы, і гарантаваць справядлівы падзел багацьця, то збудаваць у такой сыстэме дыктатуру цяжэй. І наадварот — узьнікненьне дыктатуры хутка адбіваецца на эканоміцы.

Дасьледаваньні Эрыкі Франц паказалі, напрыклад, што існуе залежнасьць паміж ліквідацыяй праўнае дзяржавы ды інфляцыяй. Апошні прыклад — Турэччына Эрдагана.

«Чым мацнейшая аўтарытарная сыстэма, тым вышэйшая інфляцыя. Фінансісты вельмі часта аказваюцца пад ціскам і прымаюць рашэньні, якіх чакаюць палітыкі. Найчасьцей гэта рашэньні, якія вядуць да аслабленьня манэтарнай палітыкі і да вышэйшай інфляцыі», — лічыць Франц.

Вядома, заўсёды знойдуцца некалькі выняткаў — як некалькі краінаў Блізкага Ўсходу, што жывуць дзякуючы неймаверным запасам нафты. Больш за тое, ёсьць нават дыктатары, якіх можна назваць «асьвечанымі». Да іх ліку Эрыка Франц адносіць Амара Тарыхаса ў Панаме або Партыю народнага дзеяньня Сынгапуру.

«Праблема палягае ў тым, што гэта, як правіла, ня ёсьць нормай. Доўгатэрміновае кіраваньне разбэшчвае ўладу, а жаданьне ўтрымаць гэтую ўладу можа заахвоціць лідэраў паводзіць сябе дэструкцыйна і рэпрэсіўна», — кажа дасьледніца.

Што прыводзіць да аўтарытарызму

Глебу для дыктатуры рыхтуе найчасьцей суплёт некалькіх фактараў: кепская эканоміка, расчараваньне ў папярэдняй уладзе і харызматычны дыктатар. Клясычны выпадак — Бразылія да захопу ўлады вайскоўцамі. Цывільны ўрад быў такім бедзтвам для краіны, што многія грамадзяне сапраўды хацелі вайсковага ўмяшаньня.

«Заўсёды больш імаверна, што менавіта бедныя краіны будуць дыктатурамі, а багатыя краіны, хутчэй за ўсё, будуць дэмакратычнымі. Вядома, гэтыя адносіны не абавязкова прычынныя. Але відавочна, што ніжэйшы ўзровень эканамічнага разьвіцьця ўскладняе палітычную стабілізацыю», — кажа прафэсарка Франц.

Апошнім часам, паводле Франц, назіраецца вельмі трывожная зьява, калі дэградуюць сыстэмы і ў вельмі ўстойлівых дэмакратыях. Да іх яна адносіць Вугоршчыну, Польшчу і ЗША. Але чырвоную лінію, лічыць дасьледніца, яны яшчэ не перасягнулі. І ўвогуле, супакойвае Франц, ня варта паддавацца апакаліптычным ацэнкам.

«Дэмакратыі ў сьвеце цяпер больш, чым было ў мінулых дзесяцігодзьдзях. Бяда ў тым, што дэмакратычныя абвалы часьцей трапляюць у загалоўкі навін, чым зрынаньне дыктатураў. Усе кажуць пра Турэччыну і Вэнэсуэлу, але нядаўна мы назіралі абвал дыктатураў у Буркіна-Фаса і Гамбіі. На гэта проста мала хто зьвярнуў увагу», — лічыць Эрыка Франц.

Але факт ёсьць фактам: прыблізна паўсотні ўрадаў у сьвеце сёньня аўтарытарныя. Аўтарытарызм — зло. Дык як выглядае канец зла ў розных сыстэмах? І пры якіх умовах сыход аднаго дыктатара не вядзе да прыходу іншага?

Былы лібійскі дыктатар Муамар Кадафі, забіты ў 2011 годзе
Былы лібійскі дыктатар Муамар Кадафі, забіты ў 2011 годзе

Чаму і як паміраюць дыктатуры

Насуперак усеагульным уяўленьням, што «ламаць не будаваць», зрынуць аўтарытарызм значна складаней, чым яго пабудаваць. А зрынуць так, каб пасьля яго ня ўзьнік чарговы, яшчэ складаней.

Найлепш хуткае падзеньне дыктатуры, на думку Эрыкі Франц, сыгналізуе беднасьць.

«Кепскі эканамічны рост статыстычна зьвязаны з каляпсам аўтарытарызму і іншымі крызісамі ў дзяржаве. Праблема, аднак, у тым, што аўтарытарны каляпс не абавязкова азначае дэмакратызацыю. Многія дыктатарскія рэжымы пáдаюць і тут жа замяняюцца новымі дыктатурамі», — гаворыць дасьледніца.

Гэта наконт прычынаў. Беднасьць выклікае незадаволенасьць грамадзян і, у выніку, пратэсты. Дасьледаваньні Эрыкі Франц сьведчаць аб тым, што найлепшы спосаб забясьпечыць дэмакратызацыю ў краіне — негвалтоўныя масавыя пратэсты.

«Яны павялічваюць імавернасьць дэмакратызацыі. Але такія пратэсты могуць адбыцца ў першую чаргу ў такім палітычным асяродку, які паддаецца на палітычную рэформу. Важны фактар — ужываньне зброі сіламі бясьпекі. Калі падчас пратэстаў яна выкарыстоўваецца, то гэта не спрыяе дэмакратызацыі», — кажа Франц.

А як мяняецца ўлада, калі рэжымы ня здольныя на палітычныя рэформы і кампрамісы?

Добрыя навіны для аўтарытарызму ў Беларусі

1. Статыстыка пацьвярджае, што найбольшыя шанцы зрынуць дыктатара эліты маюць пры вайсковых рэжымах. Вайсковыя дыктатары рызыкуюць быць скінутымі ў кожны час. Зьмена асобы ва ўладзе пасьля такіх пераваротаў крайне рэдка вядзе да зьмены сыстэмы. Але, паводле Эрыкі Франц, гэта не беларускі выпадак.

2. На другім месцы па імавернасьці перавароту — аднапартыйны рэжым. Таксама не датычыць Беларусі.

3. Паводле Эрыкі Франц, рэжым Аляксандра Лукашэнкі ёсьць пэрсаналісцкай дыктатурай. І менавіта ў ёй найцяжэй арганізаваць пасьпяховы пераварот. Рызыка зрынаньня дыктатара ў такой сыстэме — мінімальная.

4. Пэрсаналісцкі дыктатар выбірае чыноўнікамі менш дасьведчаных і менш здольных памочнікаў, у якіх менш шанцаў яго зрынуць. У выніку ядро групы, на якую абапіраецца такі кіраўнік, складаюць пераважна ягоныя сямейнікі, блізкія сябры, саслужыўцы — ляяльныя людзі, якія павялічваюць яго шанцы ўтрымацца ва ўладзе.

5. Эрыка Франц спасылаецца на іншыя дасьледаваньні, якія даказваюць, што калі дыктатара ня зрынулі ў першым дзесяцігодзьдзі кіраваньня, то ў другім дзесяцігодзьдзі рызыка быць зрынутым напалову меншае.

6. Імавернасьць дзяржаўнага перавароту павялічваецца, калі ў краіне ўжо аднойчы быў пераварот.

7. Чым больш палітык харызматычны, тым большыя ягоныя шанцы працягнуць кіраваньне.

8. У палітыкаў, якія прыйшлі да ўлады праз выбары і потым сталі дыктатарамі, значна меншыя шанцы быць зрынутымі, чым у палітыкаў, якія прыйшлі да ўлады незаконным шляхам.

9. Большасьць дыктатараў былі зрынутыя сваімі прыхільнікамі. Але пэрсаналісцкіх дыктатураў гэта датычыць найменш, бо лідэр там падтрымлівае ўзаемную раздробленасьць невялікіх групаў, каб ня даць стварыцца новаму цэнтру ўлады.

10. Зрынаньне дыктатара або ягоная сьмерць не заўсёды азначаюць крах дыктатуры. Гэта розныя зьявы, лічыць Франц.

Акцыя пратэсту. 20 сьнежня, 2010 году
Акцыя пратэсту. 20 сьнежня, 2010 году

Сьмерць — ня выхад

Дыктатары, якія паміраюць «на троне», — вельмі дасьведчаныя і майстэрскія палітыкі, лічыць Франц. Яны здолелі абысьці многія небясьпекі і менавіта таму змаглі збудаваць моцныя палітычныя сыстэмы.

І таму біялягічны сыход дыктатара, як вынікае з дасьледаваньняў Эрыкі Франц і яе калегаў, — самы ненадзейны спосаб зьмены сыстэмы. Дасьледніца прааналізавала прыклады 79 дыктатараў, якія памерлі з 1946 па 2014 гады. Яна адкрыла, што сьмерць дыктатара практычна ніколі не азначае прыходу дэмакратыі.

«Ажно ў 92% выпадкаў пасьля сьмерці аўтарытарнага лідэра рэжым застаецца. Адна з прычынаў — "старая гвардыя", якая не жадае пераменаў, бо яны пагражаюць ужо яе ўладзе. Больш за тое, сьмерць дыктатара — адна з самых незаўважных падзеяў для сыстэмы аўтарытарных краін», — кажа Франц.

Пасьля сьмерці дзейнага лідэра дзяржаўныя перавароты адбыліся ўсяго ў 6% выпадкаў. Імавернасьць масавых пратэстаў пасьля сьмерці аўтарытарнага кіраўніка меншая, чым пасьля адстаўкі або іншых прычынаў сыходу.

Але... або Кепская навіна для дыктатуры

На пэрсаналісцкія рэжымы сьмерць дыктатара ўплывае інакш. Яна дае больш шанцаў на зьмену сыстэмы. Імавернасьць дэстабілізацыі пасьля сьмерці пэрсаналісцкага дыктатара значна вышэйшая, чым у іншых формах дыктатуры — вайсковай ці аднапартыйнай.

Калі памірае дыктатар, які не стварыў сваю партыю ў страху перад змовай або ягонае кіраваньне ня мела вайсковага характару, то рызыка дзяржаўнага перавароту расьце. Тое, што давала такому лідэру гарантыю кіраваньня пры жыцьці, у стане зьнішчыць ягоную сыстэму пасьля сьмерці. Але пры ўмове, што ёсьць крытычная маса, якая ня дасьць разгубленаму і раздробленаму атачэньню стварыць новы цэнтар сілы.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG