Лінкі ўнівэрсальнага доступу

З пачатку выбарчай кампаніі больш за 300 чалавек агулам асудзілі на 1568 сутак і 167 000 рублёў штрафаў


Паводле праваабаронцаў «Вясны», на акцыях «Ланцуг салідарнасьці» (а таксама перад самімі акцыямі і пасьля), якія праходзілі па ўсёй Беларусі з 18 па 21 чэрвеня, агулам затрымалі больш за 360 чалавек.

УЖЫВУЮ Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі

Затрыманьні прайшлі ў 19 гарадах Беларусі: Менск (больш за 260 чалавек), Гомель (13), Бабруйск (12), Наваполацак (10), Ганцавічы (10), Барысаў (10), Наваградак (9), Віцебск (7), Магілёў (6 ці болей), Берасьце (6), Рэчыца (3), Ваўкавыск (3), Маладэчна (3), Салігорск (2), Горадня (2), Ворша (2), Сьветлагорск (1), Ліда (1), Слуцак (мінімум 1).

Больш за 100 судоў над часткай затрыманых на акцыях прайшлі 22 і 23 чэрвеня. 8 чалавек атрымалі агулам 90 дзён арышту і як мінімум 78 чалавекам агулам прысудзілі каля 50 500 рублёў штрафаў. На ўдзельнікаў акцыяў працягваюць складаць пратаколы і судзіць іх.

З пачатку цяперашняй выбарчай кампаніі 111 чалавек атрымалі агулам 1568 содняў арышту паводле адміністрацыйных артыкулаў, выкарыстаных у мэтах палітычнага перасьледу. 205 чалавек пакараныя штрафамі агульным памерам больш за 167000 рублёў.

Праваабаронцам вядома прынамсі пра 650 адвольных затрыманьняў у пэрыяд з 6 траўня па 23 чэрвеня.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG