Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гэта выглядае як зьвёны аднаго ланцуга»,— Цапкала пра затрыманьні Ціханоўскага і Бабарыкі


Валер Цапкала

Прэтэндэнт на пасаду прэзыдэнта Беларусі Валер Цапкала ў інтэрвію расейскаму агенцтву РИА Новости асудзіў затрыманьне свайго канкурэнта на выбарах Віктара Бабарыкі і заклікаў беларускія ўлады да «сумленнай гульні».

На пытаньне, ці можна разглядаць як пасьлядоўныя зьвёны аднаго ланцуга затрыманьні блогера Сяргея Ціханоўскага і Віктара Бабарыкі, Цапкала сказаў, што «прынамсі, гэта выглядае так».

«Падобна да таго, што ў вачах большай часткі насельніцтва Беларусі гэта выглядае як зьвёны аднаго ланцуга», — сказаў Цапкала.

«Мы асуджаем затрыманьне (Віктара Бабарыкі. — РС)», — сказаў Цапкала і дадаў, што такая ацэнка падзей выцякае зь ягонай «прынцыповай пазыцыі ў пытаньнях так званых эканамічных злачынстваў», якой ён прытрымліваўся і раней, яшчэ на пасадзе кіраўніка адміністрацыі ПВТ.

На думку Цапкалы, калі ў праваахоўнікаў ёсьць пытаньне да чалавека ў падатковай або фінансавай сфэры, трэба старанна прааналізаваць сытуацыю, перш чым садзіць яго ў турму.

Паводле Цапкалы, паколькі Віктар Бабарыка відавочна не ўяўляе ніякай пагрозы для грамадзтва, нікуды не ўцячэ, «хай працягвае займацца той дзейнасьцю, якой займаецца, і дае паказаньні, у прысутнасьці адвакатаў». А калі дзяржаве дзейнасьць бізнэсоўца нанесла нейкую шкоду, «дзяржава сваё заўсёды возьме». «Я прыхільнік таго, каб усе пытаньні эканамічнага характару вырашаліся спакойна, за сталом перамоваў», — сказаў Цапкала.

Камэнтуючы абставіны затрыманьня Віктара Бабарыкі і нядопуск да яго адвакатаў 18 чэрвеня, Цапкала заўважыў, што яму «вельмі хочацца, каб паводзіны праваахоўных органаў даказвалі, што мы жывём у 21 стагодзьдзі, у цывілізаванай, сучаснай эўрапейскай краіне».

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі (на 13 лепеня) праваабаронцы налічылі больш за 700 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. 129 чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі, 252 чалавекі аштрафавалі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG