Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Журналістаў тэлеканалу «Белсат» аштрафавалі за стрым на пікетах у Горадні і Гомлі амаль на 3 тысячы рублёў


Журналістаў неакрэдытаванага ў Беларусі тэлеканалу «Белсат» аштрафавалі амаль на 3 тысячы рублёў і канфіскавалі тэхніку. Справы разгледзелі ў судзе Ленінскага раёну Горадні і судзе Цэнтральнага раёну Гомля 18 чэрвеня.

У Горадні суд прызнаў двух журналістаў «Белсату» вінаватымі ў працы без акрэдытацыі (артыкул 22.9 КаАП Беларусі). Журналіста Зьмітра Міцкевіча асудзілі на 945 рублёў, відэаапэратара Сяргея Кавалёва — на 1080 рублёў, што агулам склала 2025 рублёў. Да таго ж, суд пастанавіў канфіскаваць у журналістаў тэхніку, у тым ліку відэакамэру і бесправадны перадатчык інтэрнэту.

Міцкевіч і Кавалёў вялі жывую трансьляцыю зь пікету для збору подпісаў у падтрымку Аляксандра Лукашэнкі ў Горадні 10 чэрвеня. Іх затрымалі ў той жа дзень яшчэ да завяршэньня пікету, калі яны скончылі працу.

У Гомлі міліцыя склала пратаколы на журналістаў-фрылансэраў за сюжэты ў эфіры тэлеканалу «Белсат». Яўгена Меркіса за стрым зь пікетаў па зборы подпісаў пакаралі штрафам 945 рублёў. На Ларысу Шчыракову міліцыя склала тры пратаколы за відэа зь пікетаў.

Адміністрацыйную справу Яўгена Меркіса па артыкуле 22.9 КаАП разглядаў судзьдзя Віктар Казачок. Ён адхіліў усе хадайніцтвы фрылансэра — пра магчымасьць удзелу ў судзе абаронцы, відэазапіс працэсу, дапрацоўку пратаколу, выклік у суд сьведкі — міліцыянта, які складаў пратакол.

Яўген Меркіс сваёй віны не прызнаў, але зазначыў, што стрым сапраўды праводзіў.

«Стрым зь пікету можа праводзіць кожны чалавек, нават вы (зьвярнуўся ён да судзьдзі). Я не супрацоўнік „Белсат“, але не адмаўляю, што праводзіў трансьляцыю», — сказаў ён.

Тры пратаколы, складзеныя на Ларысу Шчыракову, чакаюць свайго разгляду ў судзе. За красавік — чэрвень яе ўжо пакаралі трыма штрафамі агулам на 2565 рублёў.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі (на 13 лепеня) праваабаронцы налічылі больш за 700 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. 129 чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі, 252 чалавекі аштрафавалі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG