Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гайдукевіч пацьвердзіў плян Кісель зьняцца на яго карысьць


Алег Гайдукевіч
Алег Гайдукевіч

Патэнцыйная кандыдатка на прэзыдэнта Натальля Кісель 15 чэрвеня зьнялася з выбараў, заявіўшы, што плянавала зьняцца з выбараў на карысьць Алега Гайдукевіча. Ён пацьвердзіў Tut.by, што сапраўды абмяркоўваў са штабам Кісель такое рашэньне.

«Так, гэта праўда. Мы абмяркоўвалі гэта. Першапачаткова плянавалася, што да канца збору подпісаў мы сустрэнемся і Натальля здыміцца на маю карысьць. Тым больш, што ў яе ініцыятыўнай групе ёсьць чальцы Лібэральна-дэмакратычнай партыі», — сказаў Гайдукевіч.

Ён дадаў, што быў ня супраць такога варыянту. Пры гэтым выбарчае заканадаўства Беларусі, не прадугледжвае працэдуры перадачы падпісных лістоў іншым кандыдатам. Гайдукевіч падкрэсьліў, што плян «зьняцца на карысьць іншага кандыдата» мае выключна маральны аспэкт.

«Зразумела, што па законе нельга перадаць сабраныя подпісы іншаму кандыдату, зьняцца — гэта проста маральна падтрымаць, агітаваць за кандыдата», — сказаў Гайдукевіч.

Алег Гайдукевіч зьняўся з выбараў яшчэ 26 траўня. Ён заявіў, што здымаецца з выбараў на карысьць Аляксандра Лукашэнкі.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG