Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Я не магу быць прастытуткай». Што стаіць за дэмаршам Гайдукевіча?


Алег Гайдукевіч

Адзін з прэтэндэнтаў на пасаду прэзыдэнта, лідэр Лібэральна-дэмакратычнай партыі Алег Гайдукевіч зьняўся з выбараў. Прычым свайго рашэньня ніяк не патлумачыў. Ягоная сумбурная, няўцямная, супярэчлівая заява толькі напусьціла туману. Гэта заява вельмі разгубленага чалавека.

Сьцісла:

  • Гэта не было самастойным рашэньнем Алега Гайдукевіча.
  • Заклік Гайдукевіча галасаваць за Лукашэнку — ускоснае прызнаньне, хто яму прадыктаваў такое рашэньне.
  • Першапачатковы сцэнар уладаў на хаду моцна памяняўся. Бо зьявіліся нечаканыя кандыдаты. І ў новым сцэнары месца Гайдукевічу ўжо няма.
  • Магчыма, Лукашэнка хоча штучна змадэляваць жорсткую схему «Адзін супраць усіх». А ў такой мадэлі спойлеры не патрэбныя.

Ужо відавочна, што сёлетняя выбарчая кампанія вельмі багатая на нечаканасьці. Адна зь іх здарылася сёньня.

У сваіх публічных выступах Алег Гайдукевіч настойліва праводзіў думку, што палітычная партыя павінна ўдзельнічаць ва ўсіх выбарах. З гэтага пункту гледжаньня ён крытыкаваў апазыцыю і прыводзіў у якасьці станоўчага прыкладу ЛДП, якая выстаўляла кандыдатаў ва ўсіх акругах. Маўляў, адзіная партыя, якая ніколі не ігнаруе выбары.

Для мяне відавочна, што сёньняшняе рашэньне лідэра ЛДП не было самастойным. Гайдукевічы — бацька і сын — вельмі залежныя дзеячы. Залежныя ад таго, хто прапусьціў аднаго і другога ў парлямэнт. На чым трымаецца гэтая залежнасьць, можна толькі здагадвацца, але вяровачка вельмі кароткая.

Алег Гайдукевіч ня толькі зьняўся з кампаніі, але адначасова заклікаў «усіх пайсьці на выбары і прагаласаваць за дзейнага прэзыдэнта», які, па ягоных словах, «адзіны гарант адзінства краіны». А заадно пастараўся замазаць усіх астатніх кандыдатаў.

«Усе кандыдаты, якія засталіся, акрамя дзейнага прэзыдэнта, яны ўсе выступаюць за злом краіны. Нам не патрэбны Парашэнка (чытай Бабарыка. — Аўт.), нам не патрэбны былы чыноўнік (чытай Цапкала. — Аўт.), нам не патрэбныя тыя, хто бегае па вуліцах і прапануе адабраць і падзяліць (чытай Ціханоўскі. — Аўт.). Мы не падтрымліваем рэвалюцыю, рэвалюцыя — заўсёды кроў», — сказаў Гайдукевіч.

І чамусьці заявіў, што сабраныя 30 тысяч подпісаў ён перадасьць у штаб Лукашэнкі.

Ад палітыка, які зьбіраўся балятавацца на пасаду прэзыдэнта, такія заявы выглядаюць даволі дзіўна. На разумную галаву ня варта было б прызнавацца, адкуль яму прадыктавалі такое рашэньне. Асабліва ўражвае такая заява: «Я не магу быць прастытуткай». Крык душы. Амаль перадвыбарчы слоган. І хто за язык цягнуў? Чамусьці адразу ўзгадваецца Фройд. Відаць, трэба было вельмі моцна напужаць чалавека, каб ён выдаваў такія пэрлы.

Можна вылучаць розныя гіпотэзы, якія б тлумачылі, што ж насамрэч стаіць за гэтым дэмаршам. Самая верагодная палягае ў наступным. Першапачатковы сцэнар кампаніі, распрацаваны ў Адміністрацыі прэзыдэнта, паламаўся. Бо раптам замест усімі чаканых Севярынца, Губарэвіча, Калякіна зьявіліся нечаканыя кандыдаты. І ўсе пляны даводзіцца на хаду моцна мяняць. І ў новым сцэнары месца Гайдукевічу ўжо няма.

У зьвязку з гэтым цалкам верагодна, што Алегу Сяргеевічу растлумачылі ягоныя пэрспэктывы. Маўляў, проста так, за былыя заслугі сям’і перад прэзыдэнтам, яго ў наступны этап кампаніі не прапусьцяць, калі ён насамрэч не зьбярэ сапраўдныя 100 тысяч подпісаў. А з гэтым маглі быць вялікія праблемы. Ініцыятыўная група ў 4 тысяч чальцоў тут не павінна ўводзіць у зман. Мяркую, рэальных штыкоў там ня так шмат. На 2019 год, паводле афіцыйнай інфармацыі, ЛДП налічвала 47 тысяч сябраў. Чаму ж тады колькасьць ініцыятыўнай групы такая невялікая, усяго 1/10 частка партыйцаў?

Уся стратэгія лідэра ЛДП была арыентаваная на тое, што ніхто насамрэч правяраць ягоныя подпісы ня будзе, бо ён патрэбны ўладам у выбарчым бюлетэні. А калі высьветлілася, што ўсё ня так, то Алег Гайдукевіч не захацеў ганьбіцца. Бо гэта было б разбурэньнем міта пра «самую вялікую партыю Беларусі». Таму і саскочыў.

Больш цікавае пытаньне: чаму Лукашэнку гэтым разам не спатрэбіўся Гайдукевіч у ролі спойлера?

І тут зноў вяртаемся да таго, што першапачатковы сцэнар уладаў на хаду моцна памяняўся. Як памянялася палітычная атмасфэра ў краіне літаральна за два тыдні.

Сутыкнуўшыся з цэлым шэрагам сур’ёзных апанэнтаў, якія нечакана зьявіліся на перадвыбарчым гарызонце, магчыма, Лукашэнка хоча штучна змадэляваць жорсткую схему «Адзін супраць усіх». Паводле прынцыпу: чым больш ворагаў, тым больш гонару. Нешта падобнае да таго, што было ў 2010 годзе. А ў такой схеме яму зусім ня трэба, каб нехта блытаўся пад нагамі. У такой мадэлі спойлеры не патрэбныя. Нагадаю, дарэчы, што ў 2010 годзе бацька Алега Гайдукевіча Сяргей таксама зьняўся з выбараў.

У любым выпадку заклік галасаваць за Лукашэнку стаў яшчэ адным ударам па і так ня вельмі добрай рэпутацыі Гайдукевіча як самастойнага палітыка.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG