Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ярмошына папрасіла фэміністак заступіцца за яе. Што яны ёй адказалі

абноўлена

Лідзія Ярмошына. 2019 год. Архіўнае фота.
Лідзія Ярмошына. 2019 год. Архіўнае фота.

4 чэрвеня на пасяджэньні ЦВК Лідзія Ярмошына адзначыла, што на пікеце Сьвятланы Ціханоўскай пачула пагрозу сабе — слова «прыхлопнуць» ды эпітэты. Паводле яе, гэта можна ўспрыняць як «пагрозу забойства». Таксама чыноўніца пабачыла пагрозу ў тым, што каля ейнага дома зьбіраліся зладзіць пікет для збору подпісаў за Ціханоўскую, і ў закліку «зайсьці ў госьці» да яе.

УЖЫВУЮ Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі

«Дзе наогул ваша абарона, спадарыні фэміністкі, мяне, пажылой жанчыны, ад замахаў? Гэта мэтады браткоў з 90-х, у нас ніколі не чапалі прыватнае жыцьцё асобаў, якія працуюць у дзяржапараце і займаюцца палітыкай», — заявіла старшыня ЦВК. Вось што ёй адказалі беларускія фэміністкі.

«Калі спадарыня Ярмошына зьвярнулася да фэміністак, то я б да яе схадзіла і афіцыйна паразмаўляла»

Выкладчыца, сумадэратарка суполкі Femtalking і фэміністка Натальля Кулінковіч лічыць, што шукаць абароны ў фэміністак Лідзіі Ярмошынай можна.

Натальля Кулінковіч
Натальля Кулінковіч

— Чаму не? Яна ж жанчына. Я, напрыклад, упэўненая, што ў выніку ўсіх сваіх намаганьняў на працы дзеля прэзыдэнта Лукашэнкі яна атрымала ня так шмат, як атрымаў бы на яе месцы мужчына. Я лічу, што фізычна зь ёй рабіць што-небудзь нельга. На жаль, мы амаль упэўненыя, што яна падманвала грамадзтва. За гэта трэба судзіць, але трэба, каб усё было цывілізавана, каб у яе былі адвакаты, каб яе фізычна не краналі. За тое, што яна рабіла, за падман — бо мы ведаем, што яна адказвала за тое, як лічыліся нашы галасы, — яна павінна адказаць, але, безумоўна, не фізычна. Нельга яе забіваць, біць, нельга ісьці да яе ў хату спрабаваць зрабіць над ёй самасуд. Бо калі такія сьмелыя мужчыны, ці нават жанчыны, якія пішуць, што трэба Ярмошыну на вілы, дык хай яны гэта самае скажуць мужчынам, і тады мы паглядзім, якія яны на самой справе сьмелыя.

Калі ўжо спадарыня Ярмошына зьвярнулася да фэміністак, то я б да яе схадзіла, я б зь ёй афіцыйна паразмаўляла. Як яна мае права да нас зьвяртацца, так і мы да яе. Калі ўжо яна зьвяртаецца да нас, мы б тады селі і паразмаўлялі і даведаліся яе пункт гледжаньня на тое, напрыклад, што цяпер адбываецца з жаночымі правамі ў нашай краіне.

«Фэміністкі заўсёды выступаюць супраць мовы нянавісьці»

Філёзаф і фэміністка Вольга Шпарага адзначае дваістасьць сытуацыі.

Вольга Шпарага
Вольга Шпарага

— З аднаго боку зразумела, што любы абражаны чалавек мае патрэбу ў падтрымцы. Фэміністкі заўсёды выступаюць супраць мовы нянавісьці, абразы. Гэтага не павінна быць нідзе ў грамадзтве. У гэтым сэнсе мы павінны салідарызавацца супраць любых формаў абразаў. Аднак, калі паглядзець на Ярмошыну (пра гэта пісалі іншыя фэміністкі ў сацсетках), то гэта чалавек, які мае ўладу, і мы бачым, што яна злоўжывае ўладай. Калі ты злоўжываеш уладай, цябе будуць за гэта крытыкаваць, жанчына ты ці мужчына. У нашым нецярпімым грамадзтве табе будзе даставацца яшчэ і за тое, што ты жанчына. Ярмошына найперш заслугоўвае крытыкі як прадстаўніца ўлады, якая ёю злоўжывае.

Што да яе знакамітай заявы, што жанчына павінна варыць боршч, то фэміністкі і тыя, хто зь імі салідарызуецца, крытыкуюць гэта, мяркуюць, што такія заявы замацоўваюць за жанчынай ролю захавальніцы хатняга ачагу, той, што ня здольная ўдзельнічаць у палітычнай барацьбе, прэтэндаваць на ролю прэзыдэнта. Сама гэтая заява крытыкуецца, але гэта ня значыць, што трэба абразьліва выказвацца. Калі чалавек, які мае ўладу, кажа такое, то на ім ляжыць асаблівая адказнасьць, таму што зь яго дапамогай такія стэрэатыпы маюць дадатковую сілу.

«Заклік да фэміністак — гэта дэмагогія і нічога больш»

Фэміністка і блогерка Наста Захарэвіч лічыць, што Лідзія Ярмошына займаецца дэмагогіяй.

Наста Захарэвіч
Наста Захарэвіч

— Калі прыбраць эмацыйны складнік яе пасажу, па фактах застаецца наступнае: старшыня ЦВК лічыць, што надпіс на пікеце спадарыні Ціханоўскай — гэта пагроза жыцьцю. Яна падала заяву ў адпаведныя органы. А заклік да фэміністак — гэта дэмагогія і нічога больш. Ну, хочацца ёй нас зачапіць, вось і чапляецца. Гэта абсалютна клясычны падыход, які выкарыстоўваюць людзі, якія ненавідзяць фэмінізм. Я магла б адказаць ёй у яе ж манеры, але я не хачу паддавацца на правакацыю.

Увогуле, за ўсіх фэміністак адказаць не магу, але што тычыцца мяне асабіста, дык я клянуся, што, калі раптам Лідзію Ярмошыну паб’юць ці заб’юць, я абавязкова пра гэта напішу, як пішу пра іншых жанчын, якія цярпяць ад гендэрна абумоўленага гвалту альбо становяцца ягонымі ахвярамі. Я пастаўлюся да гэтага злачынства гэтак сама, як стаўлюся да ўсіх астатніх. Бо забіваць нельга нікога — нават такіх людзей, як Лідзія Ярмошына. Хай жыве доўгае жыцьцё! Зрэшты, яна сама неяк казала ў інтэрвію, што пажыцьцёвае зьняволенне горшае за сьмяротнае пакараньне. А ёй, як ні круці, трэба жыць з наступствамі сваіх заяваў і дзеяньняў. Ад сябе нікуды не ўцячы.


«Фэміністкі не павінны яе абараняць, гэта праца МУС, сілавікоў»

Фэміністка і журналістка Яўгенія Доўгая лічыць, што ў гэтым выпадку Лідзіі Ярмошынай трэба зьвяртацца па абарону не да фэміністак, а да праваахоўных органаў.

Яўгенія Доўгая
Яўгенія Доўгая

— Я не разумею выпаду ў бок фэміністак, бо яны не павінны яе абараняць. Гэта праца МУС, сілавікоў. Праца фэміністак і актывістак — прасоўваць рэчы, якія ня будуць дыскрымінаваць жанчын. Тая самая Лідзія Ярмошына ня раз дазваляла сабе ня вельмі добрыя выказваньні на адрас жанчын. Напрыклад, пра той самы боршч. Крыху незразумела, чаму менавіта фэміністкі павінны ўзяць на сябе ролю абаронцаў Лідзіі Ярмошанай. Аляксандар Лукашэнка прызначыў новы ўрад, у якім няма ніводнай жанчыны. Гэта пацьвярджае ягоныя словы пра тое, што ў нас Канстытуцыя нібыта не пад жанчыну, пацьвярджае яго адносіны да жанчын. Калі ён будзе выказвацца наконт Лідзіі Ярмошый па-сэксісцку, то тут фэміністкі могуць сказаць, што гэта сэксізм і ён недапушчальны ў дачыненьні да яе.

Што тычыцца фізычнай абароны, тут фэміністкі абсалютна ні пры чым. Цяпер рыхтуецца адкрыты ліст у ЦВК ад больш чым 120 чалавек, якіх абурыла заява Лукашэнкі, што Канстытуцыя не падыходзіць да жанчыны-прэзыдэнта. Лідзіі Ярмошынай, калі яна атрымае гэты ліст, варта задумацца, што нешта ня так у словах кіраўніка дзяржавы. І ня трэба перакладаць фізычную абарону, якой МУС мае займацца, на фэміністак, якія проста свае правы абараняюць.

«Было б добра, каб яна падтрымала нас, жанчын без рэсурсаў, бяз права голасу, бяз права на жыцьцё бяз гвалту»

Адна з каардынатарак ініцыятыўнай групы «Маршыруй, дзетка» Марыша Корж кажа, што было б добра, каб старшыня ЦВК падтрымала жанчын, а не прасіла абароны ў іх.

Марыша Корж
Марыша Корж

— Вельмі зручна заклікаць фэміністак дапамагчы, калі табе гэта зручна, асабліва, калі табе раптам патрэбная жаночая салідарнасьць, калі хочацца кінуць кагосьці на барыкады. Але я асабіста і мае каляжанкі-актывісткі ня можам падтрымаць Лідзію Міхайлаўну проста таму што яна жанчына. Яна не проста жанчына, яна жанчына, якая

  • трансьлюе антыжаночую павестку замест пашырэньня правоў і магчымасьцяў (вары боршч, а ня лезь на выбары, да прыкладу)
  • не разумее ці робіць выгляд, што не разумее, што такое гендэрная дыскрымінацыя (яна не падтрымала жанчын, калі Аляксандар Лукашэнка сказаў, што Канстытуцыя не пад жанчыну напісана)
  • і наогул Лідзія Ярмошына валодае велізарным рэсурсам і падтрымлівае гвалт у дачыненьні да грамадзян (і жанчын у тым ліку).

Лідзія Міхайлаўна заўсёды можа зьвярнуцца ў суд, калі ёй так хочацца. Больш за тое, яна яго выйграе, таму што яна «не звычайная» жанчына. Было б добра, каб яна падтрымала нас, жанчын без рэсурсаў, бяз права голасу, бяз права на жыцьцё бяз гвалту, а не прасіла абароны ў нас.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG