Ярмошына зьвярнулася ў Сьледчы камітэт, угледзела пагрозы сабе

Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына.
Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына.

Старшыня Цэнтарвыбаркаму Лідзія Ярмошына заявіла, што ўсе скаргі Віктара Бабарыкі — «сплянаваная кампанія дыскрэдытацыі кіраўніка дзяржавы».

Цяперашнія выбары яна назвала «самымі цяжкімі яшчэ на пачатковым этапе». «Палітыкі і змагары», падкрэсьліла яна, «уводзяць у зман» грамадзян.

Лідзія Ярмошына адзначыла, што на пікеце Сьвятланы Ціханоўскай пачула пагрозу сабе — слова «прыхлопнуць» ды эпітэты. Гэта можна ўспрыняць як «пагрозу забойства», дадала яна.

Таксама чыноўніца пабачыла пагрозу ў тым, што каля ейнага дома зьбіраліся зладзіць пікет для збору подпісаў за Ціханоўскую і закліку «зайсьці ў госьці» да яе.

Ярмошына падрыхтавала зварот у Сьледчы камітэт з просьбай праверыць, ці не ўкладваюцца гэтыя дзеяньні ў «перашкоду ажыцьцяўленьню выбарчых правоў» (арт. 191 КК).

Яна таксама прасіла чальцоў камісіяў паведамляць, калі ім паступаюць пагрозы — гэтыя зьвесткі перададуць у праваахоўныя органы, а таксама ў Міністэрства замежных справаў, для інфармаваньня «нашых замежных партнэраў».

​
XS
SM
MD
LG