Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МЗС Беларусі, амбасады ЗША і Ўкраіны ўшанавалі памяць героя сустрэчы на ​​Эльбе


Ускладаньне кветак да магілы героя сустрэчы на Эльбе Аляксандра Сільвашкі
Ускладаньне кветак да магілы героя сустрэчы на Эльбе Аляксандра Сільвашкі

3 чэрвеня 2020 году з нагоды 75-й гадавіны сустрэчы савецкіх і амэрыканскіх войскаў на Эльбе на могілках «Міханавічы» пад Менскам прайшла цырымонія ўшанаваньня памяці героя сустрэчы на Эльбе Аляксандра Сільвашка.

Намесьнік міністра замежных спраў Беларусі Алег Краўчанка, часовая павераная ў справах ЗША ў Беларусі Джэніфэр Мур, амбасадар Украіны ў Беларусі Ігар Кізім і адна з дачок вайскоўца Тацяна Герашчанка ўсклалі кветкі да ягонай магілы, паведамляе МЗС Беларусі.

Аляксандар Сільвашка — савецкі салдат са знакамітага фатаздымку, які быў апублікаваны ў многіх газэтах і стаў сымбалем славутай сустрэчы саюзьнікаў па антыгітлераўскай кааліцыі на Эльбе. На фота ён цісьне руку амэрыканскаму лейтэнанту Ўільяму Робэртсану. Гэтай сустрэчай, якая адбылася 26 красавіка 1945 году на мосьце праз раку Эльбу, быў пакладзены пачатак сустрэчам саюзьнікаў на больш высокім узроўні — камандаваньня палкоў, дывізій і гэтак далей.

Аляксандар Сільвашка і Ўільям Робэртсан 26 красавіка 1945 году на мосьце праз раку Эльбу
Аляксандар Сільвашка і Ўільям Робэртсан 26 красавіка 1945 году на мосьце праз раку Эльбу

Сустрэча на Эльбе паслужыла пачаткам моцнага сяброўства афіцэраў, якое прайшло празь дзесяцігодзьдзі: Аляксандар Сільвашка і Ўільям Робэртсан падтрымлівалі сяброўскія адносіны, перапісваліся і сустракаліся ў памятныя даты на тэрыторыі Расеі, ЗША, Нямеччыны.

Ініцыятарам памятнага мерапрыемства выступіла амбасада Ўкраіны.

«Вельмі прыемна, што наша ініцыятыва знайшла падтрымку ў МЗС Беларусі і амбасады ЗША. Гэта выдатна», — падзякаваў амбасадар Ігар Кізім. Ён таксама прапанаваў амэрыканскаму боку адшукаць сваякоў другога ўдзельніка сустрэчы на Эльбе, лейтэнанта Робэртсана, і, магчыма, запрасіць іх у Беларусь.

Неўзабаве ў музэі аграгарадка Морач, дзе доўгі час жыў і працаваў Аляксандар Сільвашка, таксама адкрыецца падрыхтаваная амбасадай фотавыстава, прысьвечаная ўкраінцам, якія вызвалялі Беларусь ад нацыстаў у 1941–1945 гадах. Некалькі стэндаў экспазыцыі прадметна раскажуць пра Аляксандра Сільвашку і яго баявы шлях.

Алег Краўчанка ўскладае кветкі да магілы Аляксандра Сільвашкі
Алег Краўчанка ўскладае кветкі да магілы Аляксандра Сільвашкі

«Дружба лейтэнантаў Сільвашкі і Робэртсана, якую яны пранесьлі праз усё жыцьцё, — гэта гістарычны тастамэнт нашчадкам ад сапраўдных герояў. Гэта сымбаль сумеснай перамогі, агульных каштоўнасьцяў, а таксама таго, што нашы адносіны вызначаюцца не рознагалосьсямі, а тым, што нас аб’ядноўвае, уключаючы памяць аб вялікім подзьвігу нашых народаў», — сказаў намесьнік міністра замежных спраў Беларусі Алег Краўчанка.

Часовая павераная ў справах ЗША ў Беларусі Джэніфэр Мур падкрэсьліла, што, аддаючы даніну памяці і павагі ўдзельнікам Другой усясьветнай вайны, важна памятаць памылкі мінулага і ніколі іх не паўтараць.

«Я рада знаходзіцца тут у той момант, калі нашы двухбаковыя адносіны паляпшаюцца, калі ўжо гэтым летам у Беларусь прыедзе наш амэрыканскі амбасадар і нашы народы выявяць, што ў нас ёсьць больш агульнага, чым рознага», — сказала Джэніфэр Мур.

Аляксандар Сільвашка нарадзіўся ва Ўкраіне, але большую частку жыцьця пражыў у Беларусі. Тут ён працаваў пэдагогам, кіраваў працай школ у розных рэгіёнах Беларусі, меў 50-гадовы пэдагагічны стаж. У 2008 годзе быў прызнаны «Ганаровым грамадзянінам Зэльвенскага раёну», а таксама атрымаў званьне Ганаровага грамадзяніна горада Торгаў (ФРГ), а па выніках паездкі ў ЗША ў 1986 годзе — Ганаровага грамадзяніна гарадоў Канзас-Сіці (штат Канзас) і Далас (штат Тэхас).

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG