Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Падчас пратэсту ў Менску, 14 ліпеня 2020
Падчас пратэсту ў Менску, 14 ліпеня 2020

Людзі выйшлі на вуліцы пасьля нерэгістрацыі Бабарыкі і Цапкалы. Адбыліся затрыманьні

Усё, што варта ведаць пра выбарчую кампанію ў Беларусі, якая адбываецца ва ўмовах пандэміі каранавірусу.

«Рэжым можа запанікаваць», — аўтар кнігі пра Беларусь як апошнюю дыктатуру Эўропы

На пытаньні Свабоды пра прэзыдэнцкія выбары адказвае Эндру Ўілсан, прафэсар украінскіх дасьледаваньняў ва Ўнівэрсытэцкім каледжы Лёндану, старшы аналітык Эўрапейскай рады міжнародных дачыненьняў, аўтар кнігі «Беларусь: Апошняя эўрапейская дыктатура».

Сьцісла:

  • Нас чакаюць цікавыя выбары, незалежна ад таго, ці будзе ў іх цікавы вынік.
  • Бабарыка і Цапкала ставяць пад сумнеў балянсаваньне, якое трымае гэты рэжым шмат гадоў, — расейскія субсыдыі ў абмен на паслугі ў замежнай палітыцы.
  • Расея можа ў нейкай ступені падтрымліваць альтэрнатыўных кандыдатаў як папярэджаньне Лукашэнку.
  • Трэба быць гатовымі да новых тыпаў фальсыфікацый і палітычных рэпрэсій.
  • Лукашэнка наўрад ці дазволіць некаму быць большым папулістам і славянафілам, чым ён сам.
  • Ціханоўскі падобны да Лукашэнкі ў 1994 годзе, але ў сучасных умовах. Ён трапляе ў настрой тых людзей, якія пратэставалі ў 2017-м.
  • Байкот можа быць эфэктыўны, калі папулярныя кандыдаты выключаныя з выбараў, калі існуе расчараваньне ў эканамічных пэрспэктывах і калі эпідэмія каранавірусу працягне бушаваць і людзі ня змогуць бясьпечна галасаваць.
  • Праблема байкоту ў тым, што ён пасіўны, а пратэст пасьля выбараў актыўны. Часам цяжка пераключыцца з аднаго на другое.

Чытаць далей >>

Бабарыка выказаўся пра затрыманьне Ціханоўскага і саюзную дзяржаву з Расеяй

Тое, што адбываецца зь відеаблогерам Сяргеем Ціханоўскім, незаконна і правакацыйна, заявіў прэтэндэнт на пасаду прэзыдэнта Віктар Бабарыка на сустрэчы з чальцамі сваёй ініцыятыўнай групы ў Гомлі.

«Я бачу, што тут фармуецца грамадзянская супольнасьць. Гомель нарадзіў стваральніка валянтэрскай ініцыятывы дапамогі лекарам ByCovid19 Андрэя Стрыжака. І змагара Сяргея Ціханоўскага», — адзначыў ён.

Што яшчэ сказаў Бабарыка >>

Два магілёўцы «адклікалі» подпісы за Лукашэнку — заявілі, што зьбіралі пад пагрозамі

Два жыхары магілёўскіх інтэрнатаў падалі 2 чэрвеня заявы ў выбарчую камісію аб адкліканьні сваіх подпісаў за вылучэньне кандыдатам у прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнкі.

У заявах яны сьцьвярджаюць, што 26 траўня да іх дамоў прыйшлі працаўнікі інтэрнату з патрабаваньнем падпісаццца за вылучэньне Лукашэнкі.

Гарбузава (імя не называецца) ў заяве сьцьвярджае, што подпісы зьбіраў вахцёр і загадчыца інтэрнату. Яна падпісалася, бо яна жыве ў інтэрнаце з трыма дзецьмі, чакае пераезду ў новую кватэру, але там пакуль вядзецца рамонт. Яна патрабуе адклікаць свой подпіс, бо, піша, «уся мая сям’я хоча жыць у цывілізаванай і нармальнай краіне». Свой ліст яна завяршае словамі «Жыве Беларусь».

Нікіцёнак (імя таксама не называецца) сьцьвярджае, што ў яго падпісацца за Лукашэнку патрабаваў вахцёр інтэрнату. Ён піша, што быў вымушаны падпісацца, але «раскайваецца ў сваім учынку» і просіць адклікаць подпіс.

«Я хачу жыць годна, — завяршае Нікіцёнак свой ліст. — За Беларусь!»

Затрымалі аўтара каналу «Мозырь для жизни». Рабілі начны ператрус у фэрмэра, якога здымаў Ціханоўскі

У Мазыры затрымалі Аляксандра Цуканава — аўтара Youtube-каналу «Мозырь для жизни», які толькі 2 чэрвеня быў вызвалены пасьля 25 сутак арышту за сустрэчу з блогерам Сяргеем Ціханоўскім. Затрыманы таксама сябар Цуканава па імені Дзяніс (прозьвішча пакуль невядомае), які прыходзіў падтрымаць яго на судзе і сустракаў з ізалятару.

У вёсцы Прудок Мазырскага раёну сярод ночы праваахоўнікі пачалі ператрус у гаспадарцы фэрмэра Аляксандра Сіраша, які даваў камэнтары блогеру Сяргею Ціханоўскаму для каналу «Страна для жизни». Менавіта ў Сіраша Ціханоўскі здымаў «інтэрвію» са сьвіньнямі.

Бабарыка: Наша мэта — падняць тыя 40%, якія не зьбіраюцца ісьці на выбары


На сустрэчы з ініцыятыўнай групай патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка сказаў, што мэта яго і каманды — «падняць тыя 40%, якія сёньня адказваюць, што адназначна не ідуць на выбары або пакуль сумняваюцца».

Ці адмовіцца Масква ад Лукашэнкі

Якую пазыцыю зойме, ужо займае Расея падчас цяперашніх выбараў у Беларусі, ці будзе падтрымліваць нейкага пэўнага кандыдата? Якіх кандыдатаў на беларускіх выбарах Масква ўспрымае як сваіх ворагаў? Ці можа абвяшчэньне канстытуцыйнага рэфэрэндуму ў Расеі прывесьці да рэзкага абвастрэньня там палітычнай сытуацыі? Гэтыя тэмы ў Праскім акцэнце абмяркоўваюць дырэктар расейскай службы Радыё Свабода Андрэй Шары, Сяргей Навумчык і Юры Дракахруст.

Жонка шматдзетнага гарадзенца, затрыманага па «справе Ціханоўскага»: «Ён сядзіць у адной майцы»

Гарадзенца Васіля Баброўскага затрымалі ў Горадні ўвечары 29 траўня разам зь Ціханоўскім і іншымі. Аднак сваякі Васіля даведаліся пра гэта толькі на пятыя суткі.

Ператрус па «справе Ціханоўскага»

Лукашэнка адправіў урад у адстаўку

Лукашэнка адправіў у адстаўку ўрад перад прэзыдэнцкімі выбарамі, «каб людзі, галасуючы за або супраць, разумелі, хто будзе займацца вырашэньнем іх надзённых пытаньняў, зьвязаных зь іх жыцьцём, сацыяльна-эканамічным разьвіцьцём нашай дзяржавы». Раней 25 траўня ён казаў, што гэта дапаможа павысіць давер выбарцаў.

Міліцыя працягвае перасьледваць актывістаў па ўсёй Беларусі

З розных гарадоў працягваюць паведамляць, што супрацоўнікі міліцыі перасьледуюць актывістаў і ўдзельнікаў легальных пікетаў па зборы подпісаў за вылучэньне альтэрнатыўных кандыдатаў на прэзыдэнцкіх выбарах, паведамляе праваабарончы цэнтар «Вясна».

Больш за 10 скаргаў прыйшло на Лукашэнку за словы «ў нас Канстытуцыя не пад жанчыну». ЦВК ужо адказала

У адказе Цэнтральнай выбарчай камісіі гаворыцца, што для вынясеньня папярэджаньня Аляксандру Лукашэнку «няма прававых падстаў».

Праграма «Лицом к событию»: «Лукашэнка страшнейшы за каранавірус». ПАДКАСТ

«Такога ў гісторыі Беларусі яшчэ не было», — кажуць аналітыкі ў праграме расейскай службы Радыё Свабода «Лицом к событию», якую вядзе Міхаіл Сакалоў.

На дачы Ціханоўскага адбываецца вобшук

Вобшук праходзіць на дачы пад Гомлем, у невялікім пасёлку, — паведаміў Свабодзе каардынатар ініцыятыўнай групы Сьвятланы Ціханоўскай Аляксандар Кабанаў.

«Маці Сяргея была ў Менску, дапамагала Сьвятлане даглядаць дзяцей. Сьледчы пазваніў, яе забралі зь Менску і павезьлі ў Гомель на вобшук. Вобшук адбываецца проста цяпер. Адвакат папярэдзіў Сьвятлану, што, верагодна, вобшук будзе і ў яе», — сказаў Аляксандар Кабанаў.

Сьвятлана Ціханоўская паведаміла Свабодзе, што вобшук адбываецца ў садовым таварыстве Уць за 30 кілямэтраў ад Гомля, Сяргей там ані прапісаны, ані зарэгістраваны, толькі часам прыяжджаў туды пераначаваць. Паводле Сьвятланы, у маці Ціханоўскага хворае сэрца, але сьледчыя сказалі, што калі яна не паедзе зь імі, лецішча ўзламаюць і ўсё адно абшукаюць. Паводле інфармацыі Сьвятланы, ужо ўскрылі дзьверы і правялі вобшук у відэастудыі Сяргея Ціханоўскага ў цэнтры Гомля. Цалкам чытайце па спасылцы.

«Гэта зьнішчае нашу навуку!» Чаму ўлады забаранілі СМІ праводзіць апытаньні пра рэйтынг кандыдатаў?

Беларускім СМІ забаранілі рабіць інтэрнэт-апытанкі сярод сваіх чытачоў пра рэйтынг патэнцыйных кандыдатаў у прэзыдэнты. Такія апытанкі прыраўнялі да апытаньняў грамадзкай думкі, якія адносяцца да грамадзка-палітычнай сытуацыі. За правядзеньне такіх апытаньняў без адмысловых дазвольных дакумэнтаў СМІ могуць пакараць.

Рэдактараў шэрагу беларускіх СМІ выклікала на гутарку Міністэрства інфармацыі. Артыкул цалкам чытайце па спасылцы.

Як адбываўся ператрус па «справе Ціханоўскага». ВІДЭА

Ірына Федарэнка, дзяўчына затрыманага па «справе Ціханоўскага» Сяргея Калмыкова, расказала пра затрыманьне і ператрус у іхнай кватэры​.

Дорага. ЦВК адказаў адмовай на прапанову зрабіць выбары дыстанцыйнымі

На зварот аб правядзеньні прэзыдэнцкіх выбараў праз інтэрнэт, які сабраў на сайце Petitions.by дзьве сотні подпісаў, прыйшоў адказ старшыні Цэнтральнай выбарчай камісіі Лідзіі Ярмошынай.

«Увядзеньне дыстанцыйнага электроннага галасаваньня патрабуе як яго заканадаўчага рэгуляваньня, так і значных фінансавых выдаткаў на распрацоўку праграмнага забесьпячэньня працэдуры галасаваньня, абароны перадачы вынікаў волевыяўленьня выбарнікаў, захаваньня таямніцы галасаваньня і іншага», — гаворыцца ў адказе Ярмошынай. Цалкам чытайце па спасылцы.

«Заезджая зорка і заакіянскія завадатары». Што раёнкі пішуць пра выбары і прэтэндэнтаў на пасаду прэзыдэнта

Амаль у кожным беларускім раёне ёсьць газэта, якая фінансуецца дзяржавай. Свабода паглядзела, што з гэтых выданьняў жыхары могуць даведацца пра выбары і пра прэтэндэнтаў на пасаду прэзыдэнта. Чытайце артыкул па спасылцы.

Прэтэндэнт на прэзыдэнцкую пасаду Губарэвіч патрабуе пераносу выбараў

Лідэр руху «За свабоду» Юрась Губарэвіч перадаў у Міністэрства аховы здароўя зварот з патрабаваньнем выканаць усе рэкамэндацыі Сусьветнай арганізацыі здароўя адносна пераадоленьня пандэміі COVID-19.

Палітык, які ўдзельнічае ў прэзыдэнцкай кампаніі, правёў недалёка ад Міністэрства аховы здароўя пікет дзеля збору подпісаў, а таксама паспрабаваў данесьці да грамадзян ідэю пра небясьпеку правядзеньня выбараў у пэрыяд пандэміі. Цалкам чытайце па спасылцы.

Затрыманага блогера Ціханоўскага і яго паплечнікаў перавялі ў менскі сьледчы ізалятар

Жонка затрыманага блогера Сяргея Ціханоўскага кажа, што ейны муж у СІЗА на Валадарскага, там яму прынялі перадачу.

Праваабарончы цэнтар «Вясна» адзначае: днём 2 чэрвеня стала вядома, што на Валадарскага перавезены Вяргілій Ушак, 3 чэрвеня — што там жа Яўген Разьнічэнка і Аляксандар Арановіч. Днём раней таксама стала вядома, што з горадзенскага ізалятара на Акрэсьціна перавялі Арцёма Сакава. Лёс астатніх пакуль высьвятляецца.

Адвакат Зьмітра Фурманава кажа, што супрацоўнікі МУС зьбівалі затрыманага. Вяргілій Ушак у зьняволеньні абвясьціў галадоўку. Цалкам чытайце па спасылцы.

«Саша Тры Працэнты і беларускі Навальны». Расейскія СМІ пра Лукашэнку і ягоных апанэнтаў на выбарах

Як цэнтральныя расейскія газэты пішуць аб прэзыдэнцкай кампаніі ў Беларусі і яе асноўных гульцах. Чатыры цытаты:

  • «Ведомости»: Ціханоўскі стаў альтэрнатывай Лукашэнку
  • «Коммерсантъ»: Людзі раптам зразумелі, што яны не «народзец», а народ
  • «Новая газета»: Лукашэнка думаў, што пандэмія яму дапаможа. Выявілася, наадварот
  • «Московский комсомолец»: Беларускі народ не прайграе выбары

Падрабязны агляд расейскай прэсы аб выбарчай кампаніі ў Беларусі чытайце па спасылцы.

Загрузіць яшчэ

XS
SM
MD
LG