Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэтэндэнт на прэзыдэнцкую пасаду Губарэвіч патрабуе пераносу выбараў 


Юрась Губарэвіч
Юрась Губарэвіч

Лідэр руху «За свабоду» Юрась Губарэвіч перадаў у Міністэрства аховы здароўя зварот з патрабаваньнем выканаць усе рэкамэндацыі Сусьветнай арганізацыі здароўя адносна пераадоленьня пандэміі COVID-19.

УЖЫВУЮ Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі

Палітык, які ўдзельнічае ў прэзыдэнцкай кампаніі, правёў недалёка ад Міністэрства аховы здароўя пікет дзеля збору подпісаў, а таксама паспрабаваў данесьці да грамадзян ідэю пра небясьпеку правядзеньня выбараў у пэрыяд пандэміі, паведамляе БелаПАН.

Па словах Губарэвіча, у звароце ён патрабуе ад профільнага міністэрства паўнавартаснага інфармаваньня пра сытуацыю з каранавірусам у краіне. У прыватнасьці, ён настойвае, каб кіраўніцтва Міністэрства здароўя аднавіла практыку брыфінгаў, якіх не было ўжо больш за месяц.

Галоўнае патрабаваньне палітыка — перанос прэзыдэнцкіх выбараў на пазьнейшы час, каб правесьці іх бясьпечна і паўнавартасна.

«Выбары з Лукашэнкам на чале ўсяго дзяржаўнага апарату і машыны запалохваньня правесьці немагчыма, — кажа ён. — Мы ўжо цяпер бачым, што сваіх канкурэнтаў ён паступова зьнішчае, публічна зьневажае і не нясе за гэта ніякай адказнасьці. Людзей садзяць у турмы, затрымліваюць. Гэта той сцэнар, якога можна чакаць таксама і на этапе рэгістрацыі кандыдатаў».

Юрась Губарэвіч адзначыў, што тэкст звароту ляжа ў аснову пэтыцыі, пад якой рух «За свабоду» мае намер сабраць подпісы ў інтэрнэце і накіраваць іх у шэраг дзяржаўных органаў. На яго перакананьне, эпідэмія — важкая падстава для пераносу выбараў, каб людзі не рызыкавалі заразіцца.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG