Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ужывую Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі

Усё, што варта ведаць пра збор подпісаў, праграмы кандыдатаў, агітацыю, масавыя акцыі і рэпрэсіі падчас кампаніі выбараў прэзыдэнта Беларусі 9 жніўня 2020 году, якая адбываецца ва ўмовах пандэміі каранавірусу.


Чарга ля пікету Сьвятланы Ціханоўскай у Менску, 31 траўня

Коратка

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначылі на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары з прычыны пандэміі.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55, якія падалі заяўкі. Кандыдат у прэзыдэнты на выбарах-2010 Мікола Статкевіч зьбіраўся зарэгістраваць тры дзясяткі «кандыдатаў пратэсту», каб мець магчымасьць зьбіраць людзей на вуліцах, але ня ўдзельнічаць ў саміх выбарах. Яго і амаль усіх ягоных паплечнікаў не дапусьцілі да збору подпісаў — зарэгістравалі толькі групу Ўладзімера Няпомняшчых.​

Гэтыя 15 чалавек будуць зьбіраць подпісы, каб стаць кандыдатамі ў прэзыдэнты. Хто яны >>

Хто з магчымых кандыдатаў на прэзыдэнта вам найбліжэйшы? Прагаласуйце!

Цапкала ў Горадні: Дайце нам 10 мільярдаў, і мы закрыем атамную электрастанцыю

Валер Цапкала сустрэўся з жыхарамі Горадні на Савецкай плошчы 5 чэрвеня. Ён адказаў на пытаньні гарадзенцаў пра АЭС, беларускую мову і войска.

«Колькі вам заплацілі?» Як дэпутат Клішэвіч і сябры БРСМ перашкаджалі журналісту Свабоды весьці стрым зь пікету ў падтрымку Лукашэнкі

Некалькі пікетаў па зборы подпісаў у падтрымку дзейнага кіраўніка Беларусі прайшлі сёньня каля гандлёвага цэнтру Dana Mall у Менску. Радыё Свабода пасьлядоўна асьвятляе выбарчую кампанію ў Беларусі і вяла жывую трансьляцыю.

Прыблізна праз паўгадзіны пасьля пачатку трансьляцыі да журналіста Свабоды падышла дзяўчына ў масцы з пытаньнем «Скажыце, а колькі вам заплацілі за эфір? Вам ня сорамна прадаваць краіну?» Вакол журналіста Антона Трафімовіч адразу сабралася група моладзі, якія разам гучна сталі задаваць яму пытаньні. Чытайце артыкул цалкам па спасылцы.

Бабарыка адрэагаваў на словы «ня важна каго» пра расстрэлы і «краіну яны не атрымаюць»

5 чэрвеня ў жывой трансьляцыі на YouTube прэтэндэнт на вылучэньне кандыдатам у прэзыдэнты Беларусі Віктар Бабарыка першай справай выказаўся наконт заяваў пра войны, расстрэлы і «краіну яны не атрымаюць», не назваўшы пры гэтым прозьвішча Лукашэнкі.

«Хтосьці нас пужае агрэсіяй, кровапраліцьцем і ахвярамі. Я магу дакладна сказаць: беларусы — мірныя людзі, яны не дапусьцяць ніякага кровапраліцьця, ад каго б гэтая пагроза ні паходзіла. І беларусы маюць сілы, каб паставіць на месца любога чалавека або любую групу людзей, якая абвяшчае, што мае права страляць, расстрэльваць і пагражаць кровапраліцьцем уласнаму народу», — сказаў Бабарыка. Матэрыял цалкам чытайце па спасылцы.

«Гэта проста найвялікшая подласьць». Шушкевіч, Вайтовіч і Анісім — пра выбары і разгром «Страны для жизни»

Што адбываецца ў Беларусі зь сёлетнімі прэзыдэнцкімі выбарамі і чаму грамяць «Страну для жизни»? На гэтае пытаньне Свабоды адказалі першы сьпікер Вярхоўнага Савету ў часы незалежнасьці Беларусі Станіслаў Шушкевіч, былы старшыня Савету Рэспублікі, 11-ы прэзыдэнт НАН, акадэмік Аляксандар Вайтовіч і былая дэпутатка Палаты прадстаўнікоў, старшыня Таварыства беларускай мовы Алена Анісім. Чытайце па спасылцы.

У Кіеве прайшла акцыя салідарнасьці з затрыманымі ў Беларусі актывістамі ініцыятыўных груп. ФОТА

Каля дзясятка беларускіх і ўкраінскіх актывістаў правялі на Майдане Незалежнасьці ў Кіеве акцыю падтрымкі і салідарнасьці з затрыманымі ўдзельнікамі ініцыятыўных груп і апазыцыйнымі палітыкамі. Матэрыял цалкам чытайце па спасылцы.

Выпусьцілі маладзёна, якога затрымалі ў Горадні разам зь Ціханоўскім

20-гадовага Сяргея Калмыкова выпусьцілі зь СІЗА КДБ. Пра гэта Свабодзе паведаміла ягоная дзяўчына Ірына Федарэнка.

Хлопец патэлефанаваў ёй з тэлефона адваката і паведаміў, што ён на волі. Ірына пагаварыла зь Сяргеем літаральна пару сэкундаў. Як ён сябе адчувае, яна яшчэ ня ведае. «Ён пазваніў, сказаў, што засумаваў і што сёньня прыедзе», — пераказала дзяўчына. Сяргей прыяжджае ў Горадню ў ноч зь пятніцы на суботу (з 5 на 6 чэрвеня). Цалкам чытайце па спасылцы.

За ўдзел у акцыі падтрымкі Сяргея Ціханоўскага аштрафавалі адну зь лідэрак «Маці 328»

5 чэрвеня суд у Гомлі прысудзіў штраф адной зь лідэрак руху «Маці 328» Тацяне Канеўскай за «актыўны ўдзел у несанкцыянаванай акцыі». Маецца на ўвазе акцыя падтрымкі Сяргея Ціханоўскага, якая прайшла 7 траўня ў Гомлі. Цалкам чытайце па спасылцы.

У Мазыры затрымалі фэрмэра, у парсюкоў якога «браў інтэрвію» Ціханоўскі

5 чэрвеня ў Мазыры затрымалі фэрмэра Аляксандра Вянгуру. Пра яго здымаў сюжэт блогер Сяргей Ціханоўскі і «браў інтэрвію» ў ягоных парсюкоў — «прыкарытнікаў».

Учора ў фэрмэра быў ператрус, забралі ноўтбук. Цалкам чытайце тут.

У Жодзіне затрымалі журналістаў «Белсату»

5 чэрвеня ў Жодзіне затрымалі журналістаў тэлеканалу «Белсат» Галіну Абакунчык і Сяргея Кавалёва. Яны вялі стрым са збору подпісаў вылучэньне кандыдатам у прэзыдэнты жонкі блогера Сьвятланы Ціханоўскай у Жодзіна, паведаміў «Белсат» у Тэлеграме.

Як у Менску прайшоў пікет за Лукашэнку. ФОТА, ВІДЭА

У Менску на праспэкце Незалежнасьці, каля гандлёвага цэнтру Dana Mall, зьявіўся першы пікет за Аляксандра Лукашэнку. Да пунктаў збору стаяць чэргі, у іх шмат моладзі. Подпісы зьбіраюць пад сьцягамі БРСМ, «Белай Русі» і Фэдэрацыі прафсаюзаў.

Людзі, якія прыйшлі падпісацца за Лукашэнку, збольшага адмаўляюцца размаўляць ці камэнтаваць нешта Свабодзе на камэру. Тыя, хто ўсё ж пагаджаецца размаўляюць, кажуць, што прыйшлі па сваёй ахвоце і падтрымліваюць дзейнага прэзыдэнта. Чытайце цалкам і глядзіце фота па спасылцы.

«Вы нам пагражаеце?» Як ва ўстанове Кіраўніцтва спраў прэзыдэнта зьбіралі подпісы за Лукашэнку (аўдыё)

У Палацы Рэспублікі прымусова і ў працоўны час зьбіралі подпісы за Лукашэнку. Паводле дырэктара Палаца, зьбіраў подпісы намесьнік старшыні прафкаму з уласнай ініцыятывы. Праведзены разбор, ініцыятар збору подпісаў звольнены, перад супрацоўнікамі выбачыліся.

Радыё Свабода атрымала аўдыёзапіс сходу ў Палацы Рэспублікі, дзе ў працоўны час ідзе збор подпісаў за Аляксандра Лукашэнку. Паводле словаў зборшчыка, ён «выконвае распараджэньне дырэктара». Артыкул цалкам чытайце па спасылцы.

У Палацы Рэспублікі прымусова зьбіраюць подпісы за Лукашэнку
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:06:03 0:00
Наўпроставы лінк


Дохлыя пацукі і дымавыя шашкі Някляева. Як і з чаго ў Беларусі пачыналіся рэпрэсіі

Кожная масавая вулічная актыўнасьць у Беларусі суправаджалася раскрыцьцём гучных змоваў па тэлевізіі і пасьля масавымі арыштамі. Свабода прыгадала, як гэта было.

Чытайце артыкул па спасылцы.

У Канстытуцыйным судзе і Нацыянальным сходзе «прынялі да ведама» прапанову аб скасаванні пасады прэзыдэнта

Кіраўніцтва Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) атрымала адказы зь дзяржаўных установаў на іх прапанову «Праграма канстытуцыйных пераўтварэньняў».

Грунтоўная прапанова канстытуцыйнай рэформы распрацаваная партыйнымі экспэртамі з прыцягненьнем аўтарытэтных юрыстаў — былых чальцоў Канстытуцыйнага суду Міхаіла Пастухова і Валера Фадзеева. Цалкам дакумэнт выдадзены ў «Бібліятэцы сацыял-дэмакрата». Перадусім разглядаецца асноватворнае пытаньне: паводле якой Канстытуцыі жыць надалей? Далей чытайце па спасылцы.

«Мяне цяпер арыштуюць?» Пэнсіянэрка з Горадні адказала Лукашэнку і БТ

81-гадовая гарадзенка Галіна Філіпаўна Андрэйчык адказала Лукашэнку пра свой «палац», а тэлеканалу БТ — на разгалошваньне ейнай асабістай інфармацыі.

81-гадовая гарадзенка, дацэнт, вэтэран працы Галіна Філіпаўна Андрэйчык праславілася на ўсю краіну двойчы. Першы раз, калі 29 траўня ў Горадні дала кранальнае інтэрвію Сяргею Ціханоўскаму. Блогер прытуліў бабулю, а тая назвала яго ў адказ «сынком». Таксама жанчына выказалася пра «развал» Беларусі.

Другі раз слава знайшла гарадзенку ў вечаровым эфіры БТ 4 чэрвеня, калі з дрона паказалі дом, дзе яна жыве, і агучылі на ўсю краіну сьпіс ейнай прыватнай маёмасьці: кватэра ў цэнтры Горадні, катэдж, «дзьве недабудаваныя фазэнды», мікрааўтобус-«трохгодка» мінімум за 25 тысяч даляраў. Ейных дзяцей назвалі афіцыйна беспрацоўнымі.

На Галіну Філіпаўну зьвярнуў увагу, не назваўшы імя, і Лукашэнка. Ён 4 чэрвеня сказаў пра 80-гадовую жанчыну ў Горадні, якая «крычала, гарлала» і якая жыве ў «палацы». «Чаго табе не хапае?» — задаў ён рытарычнае пытаньне на адрас гарадзенкі. Цалкам чытайце па спасылцы.

У Гомлі затрымалі патэнцыйнага кандыдата ў прэзыдэнты Ўладзімера Няпомняшчых

У Гомлі ў другой палове дня 5 чэрвеня міліцыя затрымала патэнцыйнага кандыдата ў прэзыдэнты, сябра АГП Уладзімера Няпомняшчых. Цяпер ён знаходзіцца ў Цэнтральным РАУС.

«Я ня ведаю прычын затрыманьня. Кажуць, на мяне ёсьць нейкі пратакол, цяпер буду размаўляць з участковым», — сказаў Свабодзе Няпомняшчых. Цалкам чытайце па спасылцы.

Экс-прэм’ер Кабякоў заявіў, што не падпісваўся за вылучэньне Бабарыкі кандыдатам на прэзыдэнта

Былы прэм’ер-міністар Беларусі Андрэй Кабякоў заявіў 5 чэрвеня, што ягоным імем «спрабуюць маніпуляваць», піша БелТА. Ён сьцьвярджае, што не пакідаў подпісаў за патэнцыйных альтэрнатыўных кандыдатаў у прэзыдэнты.

Як адзначае Reform.by, пра тое, што Кабякоў падпісаўся за вылучэньне банкіра Віктара Бабарыкі, першым паведаміў Telegram-канал расейскага паліттэхноляга Ўладзіслава Рагімава, які месяц таму сьцьвярджаў, што ўцёк зь Беларусі, баючыся арышту. «Я ніякіх подпісаў ні ў адным падпісным лісьце нідзе ня ставіў», — заявіў Андрэй Кабякоў. Цалкам чытайце па спасылцы.

Кампрамат Лукашэнкі супраць апанэнтаў можа спрацаваць супраць яго самога

Чым больш нэгатыўнай інфармацыі сам Лукашэнка і ягоныя падначаленыя ўкідваюць супраць альтэрнатыўных кандыдатаў, тым больш можа вырасьці папулярнасьць супернікаў дзейнага прэзыдэнта, разважае ў новым блогу аналітык Свабоды Валер Карбалевіч. Чытайце па спасылцы.

Галасы вуліцы. Як выбарнікі тлумачаць, чаму яны за Лукашэнку. ВІДЭА

Падчас выбарчых пікетаў журналісты Свабоды гавораць у тым ліку з тымі, хто падтрымлівае дзейнага кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнку. Прадстаўляем некаторыя відэацытаты, у якіх людзі тлумачаць сваю пазыцыю.

«Мы не народзец, мы народ». Бабарыка ў Віцебску расказаў пра свой найвялікшы страх

Другая пасьля Гомля сустрэча ў межах туру Віктара Бабарыкі па Беларусі адбылася ў Віцебску вечарам 4 траўня. Патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты расказаў, што асаблівага зьвязвае яго зь Віцебшчынай і ці будзе ў ягонай камандзе месца жанчынам.

На пытаньне, да чаго варта імкнуцца грамадзтву будучыні, Бабарыка адзначыў тры пазыцыі: цярпімасьць, засвойваньне тэхналёгій і самарэалізацыя. І калі першыя дзьве беларусам уласьцівыя, над трэцяй варта папрацаваць.

«Мы мусім паверыць у сябе. Ведаць, што мы не народзец, мы народ», — адзначыў ён.

Чытаць далей >>

«Адмарозкі і майданутыя». Што Лукашэнка казаў пра апанэнтаў і пратэсты ў выбарчыя гады

Кожныя прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі суправаджаліся эмацыйнымі заявамі Аляксандра Лукашэнкі на адрас сваіх апанэнтаў і тых, хто рызыкаваў выходзіць на вулічныя пратэсты. Свабода прыгадала, што Лукашэнка казаў аб пратэстах з 2006 году.

  • «Ніякага захопу ўлады ня будзе»
  • «Далі табе па галаве, дык ты ж прэзыдэнтам хацеў быць»
  • «„Чалавек у спадніцы“ ня зможа выконваць абавязкі прэзыдэнта»
  • «Мы ведаем, на чыіх машынах ён езьдзіць, хто яго фінансуе»

Яшчэ >>

Загрузіць яшчэ

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG