Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Блогер Сяргей Ціханоўскі: «Неўзабаве ўлада зьменіцца»


Сяргей Ціханоўскі

Вядомы блогер Сяргей Ціханоўскі, якога сёньня раптоўна адпусьцілі з ізалятара часовага ўтрыманьня, на прэсавай канфэрэнцыі расказаў пра пляны на выбарчую кампанію.

Сёньня ж Цэнтравыбаркам зарэгістраваў ініцыятыўную групу па зборы подпісаў у падтрымку вылучэньня жонкі блогера Сьвятланы Ціханоўскай у якасьці кандыдата ў прэзыдэнты.

Супрацоўнікі АМАП, якія мяне затрымлівалі і перавозілі, называлі мяне «вораг нумар адзін дзяржавы». Я бачыў у іх вачах разгубленасьць. Я адчуваю, што сытуацыя можа пераламіцца — гэта наша краіна, нас 9 мільёнаў, і мы баімся аднаго чалавека, дыктатара? Я думаю, калі будуць масавыя пратэсты, то яны пяройдуць на бок народу. Яны мне самі казалі, што 2 тысячы ці 20 тысяч мы разгонім, але калі будзе 100 тысяч — мы пяройдзем на бок людзей.

Наш лёзунг «Стоп таракан, но пасаран» нарадзіўся пасьля размовы з жанчынай з Глыбокага, якая на сустрэчы расказала казку пра таракана. Напэўна, у нас выбарчая кампанія і пройдзе з гэтым лёзунгам.

Я хачу сказаць усім беларусам, што ня варта баяцца. Неўзабаве ўлада зьменіцца — калі ня ў час прэзыдэнцкіх выбараў, то ў найбліжэйшым годзе. Усе, хто атрымаў суткі і штрафы — атрымае кампэнсацыю. Верце ў перамены, ня бойцеся, трэба паказваць свой пратэст і перад выбарамі, і ў час выбараў. Хто цяпер ня можа сплаціць штрафы — зьвяртайцеся да нас, мы дапаможам.​

Я не прарасейскі кандыдат. У нас толькі адзін прарасейскі кандыдат, і гэта Лукашэнка. Гэта ён цалаваўся зь Ельцыным, ён сябруе з Пуціным. У нас частка людзей сумуе па Савецкім Саюзе, пэнсіянэры ў асноўным. Ня варта па СССР сумаваць. Ён ня вернецца.

Мяне вызвалілі, бо былі вялікія пратэсты па ўсёй краіне. Гэта не засталося па-за ўвагай грамадзкасьці, у тым ліку эўрапейскай. А Захад асуджае такія мэтады — забараняць мірныя сходы, выказваньне сваёй думкі.

30 сутак вісіць на мне, калі пачнуцца хваляваньні — мяне зноў закрыюць. Мяне закрылі, каб ня даць мне магчымасьці стаць кандыдатам. І надта я актыўна з камандай езьдзіў па Беларусі, сустракаўся з процьмай людзей. Я быў бы моцным кандыдатам — таму мне не далі зарэгістравацца.

Для мяне быў шок сёньня, калі я выйшаў, што маю жонку зарэгістравалі. Я ня ведаў, што яна зьбіраецца балятавацца. Але, відаць, праваабаронцы і сябры нашай каманды параілі, каб яна як кандыдат падала дакумэнты, і такім чынам наша ініцыятыўная група змагла прыняць удзел у прэзыдэнцкай кампаніі.

ЦВК незаконна мяне не зарэгістравала. Я з ІЧУ заяву ў ЦВК, з подпісам, як мае быць, у час даслаў. ЦВК не сказала, што атрымала маю пісьмовую заяву. ЦВК бачыць вялікую падтрымку мяне людзьмі, і таму мяне проста не дапусьцілі да выбараў.

Мы выкарыстаем усе законныя магчымасьці выбарчай кампаніі, каб ладзіць сустрэчы з выбарцамі па ўсёй краіне, даносіць да іх праўду.

На само галасаваньне мы людзей ня будзем клікаць — толькі байкот.

З чым Лукашэнка пойдзе на гэтыя выбары? З тым, што няма вайны? Мне здаецца, ён сам створыць цяпер вайну — грамадзянскую. Я думаю, што 90% беларусаў не падтрымліваюць Лукашэнку. Якая б ні была моцная ўлада, але без падтрымкі народу нічога не атрымаецца. Калі ён зноў сфальсыфікуе выбары — пачнецца партызанская вайна. Мне так здаецца.

Маёй жонцы тэлефанавалі сацыяльныя службы і намякалі, што ваш муж сядзіць у турме, можа, у вас ня ўсё добра ў сямʼі.

Пасьля выбараў я пагляджу — можа, мне зьехаць з краіны? Можа, беларусы заслугоўваюць такую ўладу? Калі мы, іншыя актывісты, хай некалькі тысяч, нешта робяць, а астатнія будуць абыякавыя да ўсяго, калі я пераканаюся на сваім досьведзе, што так і ёсьць — я зьеду. Але мне здаецца, што на гэтых выбарах беларусы скажуць сваё слова.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

УЖЫВУЮ Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак. Кандыдат у прэзыдэнты на выбарах-2010 Мікола Статкевіч зьбіраўся зарэгістраваць тры дзясяткі «кандыдатаў пратэсту», каб мець магчымасьць зьбіраць людзей на вуліцах, але ня ўдзельнічаць ў саміх выбарах. Яго і амаль усіх ягоных паплечнікаў не дапусьцілі да збору подпісаў — зарэгістравалі толькі групу Ўладзімера Няпомняшчых.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.

Гэтыя 15 чалавек будуць зьбіраць подпісы, каб стаць кандыдатамі ў прэзыдэнты. Хто яны

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG