Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пачалі судзіць палітвязьня Шаўрова — за пафарбаваныя рукі помніка Пушкіну і палітычныя графіці


Піліп Шаўроў у судзе
Піліп Шаўроў у судзе

Суд Цэнтральнага раёну Менску пачаў разглядаць справу актывіста «Маладога фронту» Піліпа Шаўрова, затрыманага ад 19 студзеня пасьля яўкі з павіннай. Яго вінавацяць у «хуліганстве» за тое, што ён пафарбаваў у чырвоны колер рукі помніка Пушкіну ў Менску і зрабіў іншыя палітычныя графіці.

Што здарылася

​17 студзеня стала вядома, што нехта пафарбаваў чырвонай фарбай рукі помніка Аляксандру Пушкіну каля гатэля «Беларусь» у Менску. Амбасада Расеі выступіла з адмысловай заявай, а Сьледчы камітэт Беларусі завёў крымінальную справу аб пашкоджаньні помніка. У першай палове дня 20 студзеня стала вядома, што ў нанясеньні фарбы на помнік Пушкіну прызнаўся актывіст «Маладога фронту» Піліп Шаўроў, які 19 студзеня сам прыйшоў у міліцыю.

Піліп Шаўроў (зьлева) ў судзе
Піліп Шаўроў (зьлева) ў судзе

Шаўрова вінавацяць таксама ў тым, што ён намаляваў бел-чырвона-белы сьцяг на памятным знаку загінулым супрацоўнікам Міністэрства ўнутраных справаў у Менску, напісаў «1937» на агароджы помпавай станцыі ў Бараўлянах.

Пасьля эпізоду з помнікам Пушкіну амбасада Расеі выступіла з адмысловай заявай, а Сьледчы камітэт Беларусі завёў крымінальную справу аб пашкоджаньні помніка.

Шаўроў прызнае віну толькі часткова. Шкоду ад ягоных дзеяньняў ацанілі ў 228 рублёў 66 капеек.

Шаўрова прызналі палітвязьнем

Шэраг праваабарончых арганізацыяў Беларусі месяц таму запатрабаваў неадкладна спыніць крымінальны перасьлед Шаўрова. Перасьлед лічаць палітычна матываваным, а самаго Шаўрова прызналі палітычным зьняволеным.

Дзяржаўны абвінаваўца на працэсе
Дзяржаўны абвінаваўца на працэсе

Супольную заяву падпісалі праваабарончыя арганізацыі «Вясна», «Беларускі Хэльсынскі камітэт», Human Constanta, Беларускі дом правоў чалавека імя Звоскава, а таксама «Цэнтар прававой трансфармацыі», Асамблея НДА, Беларускі ПЭН-цэнтар, Беларуская асацыяцыя журналістаў, Офіс правоў людзей з інваліднасьцю, група «Ідэнтычнасьць і права», «Беларускі дакумэнтальны цэнтар» і «Ініцыятыва FORB».

У заяве адзначаюць, што, паводле прававога аналізу, учынак Шаўрова ня мае складу злачынства, апісанага ў артыкуле 339 КК («Хуліганства»), нанесеныя ім графіці ня зьнішчылі і не пашкодзілі аб’екты, не прывялі да страты аб’ектамі спажывецкіх якасьцяў. Вяртаньне аб’ектаў у пачатковы выгляд патрабавала пэўных выдаткаў, але грошы маглі быць спагнаныя ў грамадзянска-прававым парадку.

У судзе над Шаўровым
У судзе над Шаўровым

Зьмест малюнкаў і надпісаў у кантэксьце грамадзка-палітычных падзеяў і публічных грамадзкіх дыскусіяў, якія адбываліся ў краіне (сэрыя публічных акцыяў пратэсту супраць гэтак званай «паглыбленай інтэграцыі» Расіі і Беларусі) у канцы 2019 году, сьведчаць аб тым, што матывам Шаўрова пры іх нанясеньні было выказваньне погляду на гэтыя значныя для грамадзтва тэмы, — пішуць у заяве. — Мы лічым, што такія формы выказваньня думкі падпадаюць пад абарону Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах і ня маюць нічога агульнага з указанымі ў працэсуальным дакумэнце Сьледчага камітэту матывамі».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG