Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Памёр заснавальнік Tut.by Юры Зісер


Юры Зісер
Юры Зісер

Пасьля працяглай хваробы ў Менску 17 траўня памёр заснавальнік Tut.by, грамадзкі дзяяч і мэцэнат Юрый Зісер. Пра гэта паведамляе Tut.by.

Юрыю Зісеру было 59 гадоў, ён нарадзіўся ва Львове, бацька быў інжынэрам, маці – музыкантам. У 1980-ых гадах Юрый Зісер пераехаў у Менск усьлед за сваёй будучай жонкай, культуролягам Юліяй Чарняўскай.

Некалькі гадоў Юрый Зісер працаваў сыстэмным праграмістам у дасьледчым інстытуце анкалёгіі і мэдыцынскай радыялёгіі ў Бараўлянах, займаўся навукай.

У 1992 годзе заснаваў кампанію «Надзейныя праграмы», якая займалася распрацоўкай банкаўскага праграмнага забесьпячэньня.
Пасьля адукацыйнай паездкі ў ЗША ў 1999 годзе загарэўся ідэяй стварыць беларускі Yahoo – так у 2000 годзе з бясплатнай пошты стартаваў партал TUT.BY. Юрый Зісер сам неаднаразова публікаваўся на TUT.BY. Займаў актыўную грамадзянскую пазыцыю.

Стаяў ля вытокаў шэрагу беларускіх і міжнародных інтэрнэт-праектаў. Быў актыўным удзельнікам стартап-руху, мэнтарам. Актыўна займаўся дабрачыннасьцю і мэцэнацтвам, але аб гэтай сваёй дзейнасьці практычна не расказваў.

У сувязі з эпідэміялягічнай сытуацыяй разьвітаньне з Юрыем Зісерам пройдзе ў вузкім коле. Сям'я Юрыя Зісера просіць ушанаваць яго памяць дома, а замест кветак зрабіць ахвяраваньне на барацьбу з COVID-19.

У сваім акаўнце на facebook жонка Юрыя Зісера Юлія Чарняўская напісала, што яе муж чатыры гады змагаўся з цяжкай хваробай і нядаўна ляжаў у лякарні.

«Майго Юры больш няма. Гэта немагчыма. Але тое, што з яго стадыяй і формай хваробы ён пражыў чатыры гады, яшчэ больш немагчыма. Гэта было цудам, які зьдзіўляў лекараў. Так, ён такі! Ён аптыміст, жыцьцялюб і герой. Я ганаруся ім, як ганарылася 34 гады і яшчэ 15 дзён. І буду ганарыцца заўсёды.

У сувязі з эпідэміяй мы не можам зладзіць адкрытыя пахаваньне. Прабачце. Хоць Юра памёр ад раку, ён доўга ляжаў у лякарні, а лякарняў без віруса цяпер не бывае. Не хочацца падвяргаць нікога небясьпецы. Калі эпідэмія схлыне, мы маем намер правесьці прыгожы вечар яго памяці, так што словы, якія вы хочаце сказаць, не застануцца не сказанымі.

Зараз я не гатовая да таго, каб даваць камэнтары і інтэрвію, спадзяюся, вы зразумееце, сябры-журналісты. Ўсім астатнім сябрам дзякую за добрае стаўленьне да яго і жаданьне падтрымаць. Цяпер мне патрабуюцца сілы і час для годнага разьвітаньня, таму не крыўдуйце на тое, што не падымаю слухаўку і не адказваю», — напісала Юлія Чарняўская.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG