Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Яго цанілі нават ворагі. Памяці шчасьлівага чалавека Юрыя Зісера


Юры Зіссер выступае на сьвяткаваньні БНР-100, Менск, 25 сакавіка 2018
Юры Зіссер выступае на сьвяткаваньні БНР-100, Менск, 25 сакавіка 2018

У разгар «справы БелТА» рэдактар «Нашай нівы» Ягор Марціновіч напісаў, што Юрыю Зіссеру варта даць званьне Героя Беларусі за ўсё, што ён зрабіў для краіны. У гэты сумны дзень, калі Юры памёр, прыгадваецца гэтая ацэнка. І дадаў бы — герой жыцьця.

У апошнія гады ён працягваў цьвёрдай рукой кіраваць парталам, цікавіцца стартапамі моладзі, граць на любімым аргане, чаму навучыўся некалькі гадоў таму, шчодра займацца дабрачыннасьцю, выступаў на БНР-100, пісаў праграмныя тэксты ў Фэйсбуку — і ўсё гэта, пакутуючы на цяжкую хваробу, якая не пакідала шанцаў.

Калі мінулай восеньню мы сустракаліся зь ім у Менску, на маё асьцярожнае пытаньне, як ідзе лячэньне, ён, усьміхнуўшыся, адказаў: «Ну як? Усё безнадзейна».

І ў гэтым быў увесь ён — спалучэньне халоднай, кампутарнай рацыянальнасьці і прагі да жыцьця, жалезнай волі і пэўнага нават рамантызму.

У памяці сяброў, калегаў, нават канкурэнтаў і ворагаў, ён такім і застанецца. Сапраўднага чалавека не бывае бяз ворагаў, але Юрыя цанілі нават яны — як годнага ворага.

Дарэчы, калі ладзілі «справу БелТА» — ведалі ж, што б’юць сьмяротна хворага чалавека. Але ён, як сапраўдны баец, і не прасіў ад іх літасьці. Годны вораг.

Юры Зісер і прыхільнікі творчасьці Сьвятланы Алексіевіч сустракаюць яе ў міжнародным аэрапорце «Мінск», 2015 год
Юры Зісер і прыхільнікі творчасьці Сьвятланы Алексіевіч сустракаюць яе ў міжнародным аэрапорце «Мінск», 2015 год

А ў гісторыі Беларусі ён безумоўна застанецца як стваральнік унікальнай зьявы — парталу Tut.by. Як у аўтарытарнай краіне прыватны інфармацыйны рэсурс можа заставацца незалежным і пры гэтым стаць першым нумарам, стаць у Байнэце фактычна галоўным канкурэнтам, шчытом ад разьліваннага мора «русского мира»?

Як? Цуд. Талент. Чуйка, як кажуць. Унікальнае ўменьне прайсьці паміж Сцылай патрэбаў аўдыторыі і Харыбдай ціску дзяржавы. Дай Бог гэтага яго пераемнікам і спадчыньнікам.

Я толькі час ад часу пішу на Tut.by, да «кухні» парталу не датычны, але пару разоў бачыў, як кіраваў бізнэсовец Зісер. Ён не какетнічаў, калі казаў, што ня лезе ў бягучыя справы парталу. Але, калі трэба было, прымаў стратэгічныя рашэньні, для некаторых балючыя, для многіх дзіўныя, якія здаваліся памылковымі — «будзе так» ці «так ня будзе». І курс «карабля» мяняўся. І гэта і было сапраўднае лідэрства, якога Юры не губляў нават на шпітальным ложку.

Юры Зісер з удзельнікамі «Курапацкай варты», 8 траўня 2019
Юры Зісер з удзельнікамі «Курапацкай варты», 8 траўня 2019

Ён і ў сваіх інтэрвію, і ў прыватных размовах распавядаў пра тое, як давялося сербануць поўнай лыжкай і ў «лихие 90-е», і ў наступныя «лагодныя» гады, давялося сербануць і эксцэсаў постсавецкага «дзікага капіталізму», і наездаў часоў беларускага «дзікага аўтарытарызму», распавядаў, як яго рабавалі і натуральныя бандыты, і «бандыты» у чынавенскіх строях і ў пагонах. Але пры гэтым быў і лічыў сябе шчасьлівым чалавекам, які рэалізаваў сябе напоўніцу. Рэалізаваў тое, пра што марыў, а можа нават і марыць ня мог, у юнацтве.

Юры нарадзіўся ва Ўкраіне, юнацтва пражыў там, пераехаў у Беларусь разам з жонкай-беларускай, Юліяй Чарняўскай. І стаў беларусам. Стаў часткай культурнага, інтэлектуальнага, палітычнага беларускага кантэксту, што і ёсьць нацыя, беларускі бок стаў яго бокам. І ён біўся за інтарэсы гэтага боку з усім сваім талентам і ўменьнем. Яго выступ на БНР-100 быў публічнай дэклярацыяй гэтага, фактычнай дэклярацыяй было ўсё яго жыцьцё ў Беларусі. І сваім жыцьцём ён казаў, хоць і без патасу, якога не любіў: Мы выйграем, хлопцы і дзеўкі, мы, беларусы, выйграем.

Як бы ня склалася далей жыцьцё, помнікам Юрыю стане Tut.by. Але хацелася б, каб партал заставаўся жывым напамінам аб ім, працягам яго жыцьця, цяпер ужо пасьля яго сьмерці.

Юры Зісер у адпачынку, архіўнае фота
Юры Зісер у адпачынку, архіўнае фота

Нам усім будзе яго не хапаць. Усім, і ворагам таксама.

Самыя шчырыя спачываньні яго родным і любімым людзям — жонцы Юліі, дачцэ Яўгеніі, маленькай унучцы Алісе, яго фізычнаму працягу на гэтым сьвеце.

Бывай, дарагі Юра! Вечная памяць!

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG