Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Улады бязьдзейнічаюць і перакладаюць адказнасьць». Пагутарылі з бацькамі, якія не адпусьцілі дзяцей у школу ў траўні


Ілюстрацыйнае фота

Свабода пагутарыла зь віцебскімі бацькамі, якія ў сувязі з пандэміяй каранавірусу вырашылі не адпраўляць дзяцей у школу да наступнага навучальнага году. Па просьбе суразмоўцаў уласныя імёны зьмененыя.

Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>

«Па факце яны бязьдзейнічаюць, пераклаўшы адказнасьць на бацькоў»

Настасься, гадуе дзьвюх дачок, вучаніц 1 і 3 клясаў

Дочкі Настасьсі вучацца ў адной зь віцебскіх гімназій. Яны перасталі наведваць заняткі ў сакавіку. Настасься мяркуе, што і ў траўні ім будзе бясьпечней дома.

«Я прыняла рашэньне пакінуць дзяцей дома, таму што за мяне яго не прынялі іншыя людзі, якія мусілі гэтае рашэньне агучыць і ўзяць на сябе адказнасьць, — кажа Настасься. — Мне не падабаецца пазыцыя, калі такога маленькага чалавека, як я, ставяць ва ўмовы, калі яму трэба прымаць адказныя рашэньні. Раптам, калі я адвяду дзяцей у школу, яны захварэюць ці хтосьці па іх віне захварэе? Я не хачу быць адказнай за магчымыя заражэньні. Мне было б больш прыемна, каб кіраўніцтва краіны ці хаця б мясцовыя органы ўлады маглі вырашыць гэта за мяне. Па факце яны бязьдзейнічаюць, перакладаюць адказнасьць на бацькоў».

Няяснасьць і няпэўнасьць ва ўсім, па словах суразмоўцы, выклікае ў бацькоў шэраг пытаньняў.

«Мы і цяпер у нейкім няведаньні. Як дзяцей будуць атэстоўваць? Як увогуле будуць ставіцца да бацькоў, якія пакінулі дзяцей дома? Магчыма, у дачыненьні да нас пасьля прымуць рэпрэсіўныя меры? Я за празрыстасьць. Калі ўсе ў школу, скажыце, што гэта бясьпечна. Ці наадварот — усе застаёмся дома.

Каб была адэкватная статыстыка, якой можна давяраць, мы б разумелі, што ўжо на піку альбо выходзім на чаканае плято. Мы маглі б ацаніць свае сілы. Магчыма, цяпер, наадварот, трэба ўзмацніць меры дыстанцыяваньня і самаізаляцыі? Ці ўжо прыйшоў час вяртацца ў школу?

Якое пытаньне ні закрані, гэта тайна, пакрытая змрокам. Людзі пачынаюць дадумваць, як я. У мяне гэта падвышае ўзровень трывожнасьці. І мой нэгатыў пераносіцца на школу. Хоць я разумею, што настаўнікі — закладнікі сытуацыі. Напэўна, эфэктыўней і прасьцей для ўсіх было б арганізаваць дыстанцыйнае навучаньне».

Настасься кажа, што ў гэтым навучальным годзе ўжо не плянуе вяртаць дзяцей на вучобу. Адзнакі ня могуць стаяць у адным шэрагу са здароўем і бясьпекай.

«Шмат тыдняў мы ўжо дома. У мяне ёсьць магчымасьць працаваць дыстанцыйна і быць зь дзецьмі, — працягвае суразмоўца. — І цяпер быць дома перайшло ў такую фазу, калі ўсім падабаецца. Мы шмат часу гуляем па лесе, у дзяцей добры сон і апэтыт».

Самае складанае, па словах Настасьсі, — арганізаваць хатні вучэбны працэс.

«У нас дзьве дыямэтральна супрацьлеглыя настаўніцы. Дачцэ-першаклясьніцы скідваюць заданьні штодня. Іх мы дасылаем на праверку. Настаўніца трэцяй клясы пакідае заданьні ў электронным дзёньніку, а мы ў спакойным тэмпе іх выконваем. Нічога назад не вяртаем. Адзнакі цяпер мяне мала хвалююць. У найгоршым выпадку з малодшай дачкой нам пагражае сумны смайл — адзнак у першай клясе няма. Старэйшая дачка таксама ў пачатку навучальнага працэсу. Таму я аптымістычна настроілася на заканчэньне навучальнага году. Маральна я яго ўжо завяршыла. Проста пазьней зробім тэхнічнае завяршэньне — закрыем групы ў вайбэры. Я адпусьціла сытуацыю. Спадзяюся, да верасьня яна будзе больш пэўнай».

«Настаўнікі працуюць у тры зьмены — у школе, дома і ноччу»

Кацярына — мама пяцёх дзяцей. Яны вучацца ў 1, 5, 7 і 10 клясах адной з буйных віцебскіх школ.

Па словах Кацярыны, яе дзеці перасталі хадзіць на заняткі задоўга да веснавых вакацый.

«Я забрала дзяцей са школы дзеля бабуль, — тлумачыць мама. — Яны ўжо старыя, хацелася іх засьцерагчы. Бо дзеці дапамагаюць перадаваць прадукты, лекі. Таксама сябры-мэдыкі нам патлумачылі, што нагрузку на непадрыхтаваную да эпідэміі сыстэму аховы здароўя трэба зьнізіць. А зрабіць гэта можна, толькі седзячы дома, не ўскладняючы сытуацыю масавымі заражэньнямі. Мы адказна паставіліся да засьцярогі і з задавальненьнем засталіся дома. Хто ж ня хоча школу прапусьціць?»

Кацярына кажа, што за гэты час напісала каля 30 заяў.

«У мяне пяцёра школьнікаў, два зь іх ходзяць у музычную школу, — кажа яна. — Паўсюль просяць заявы, тэрміны ў іх трэба падаўжаць. Чатыры разы перапісвала ў школу, і ў музычную разы тры. Гэта ўжо 26. Добра яшчэ, што заявы можна праз вайбэр настаўніцы дасылаць».

У клясах, да якіх належаць дзеці Кацярыны, па-ранейшаму ходзяць у школу ад 5 да 10 чалавек. Жанчына думае, што да канца траўня яе дзеці ўжо ня выйдуць на заняткі.

«Дзеці цяпер шмат гуляюць. Па небясьпецы заражэньня вуліца непараўнальная са школай. Адзнакі для мяне ня вельмі важныя. У нашай сям’і няма выпускных клясаў. Ходзяць чуткі, што для атэстацыі возьмуць вынікі трох чвэрцяў і падзеляць на чатыры. Але гэта глупства, так нельга. У нас дыстанцыйнага навучаньня няма, карантыну таксама. Немагчыма ўвесьці карантын у школах, ня ўводзячы яго ў краіне. Астатняе — слабая эканоміка. Міністэрства адукацыі не гатовае да такой сытуацыі, ня можа даць талковых указаньняў. Настаўнікі ў кожным клясе дзейнічаюць на свой одум. Выніку няма».

Навучальны працэс у дзяцей Кацярыны арганізаваны па-рознаму.

«Пачатковая школа дае шмат заданьняў, у тым ліку мэтадычныя ўказаньні праз вайбэр. У 5 клясе адбываецца нешта незразумелае. Дачка цяпер баіцца вяртацца ў школу, бо шмат прапусьціла. А праграма ўжо больш складаная, без тлумачэньняў самастойна няпроста разабрацца. Па 7 клясе некаторыя заданьні дасылаем настаўнікам на пошту, некаторыя — у закрытую групу „ЎКантакце“. Дзясятай клясе таксама нешта скідваюць.

Кепска тое, што настаўнікі ня ў поўным аб’ёме запаўняюць электронны дзёньнік. Вядуцца групы. Інфармацыю трэба лавіць ці то ў вайбэры, ці то ў сацыяльных сетках. Няма выразнай лініі нават у межах адной клясы. Хтосьці з настаўнікаў кажа, што ён ня можа 400 хатніх прац праверыць. Складана, адпрацаваўшы сваю праграму ў школе, прыйсьці дахаты і працягваць навучаньне з тымі, хто ў школу ня ходзіць. У выніку мы атрымліваем ці то заданьні, ці то праверкі а 9–10-й гадзіне вечара. Рэжым працоўнага дня не выконваецца і ня можа выконвацца, таму што настаўнікі працуюць у тры зьмены — у школе, дома і ноччу».

Кацярына і яе муж працуюць з дому. Складана, але прыстасаваліся. Некалькі тыдняў школы, якія засталіся да канца навучальнага году, ня вартыя тых высілкаў, якіх вымагае ў вялікай сям’і збор у школу.

«Цяпер у мяне няма ані маральных, ані матэрыяльных рэсурсаў зноў зьбіраць дзяцей у школу. Быў вялікі перапынак — трэба даводзіць да ладу форму, штосьці набываць. Ня хочацца думаць, што ў траўні можа здарыцца першага верасьня. Толькі на аднаразовыя маскі колькі грошай спатрэбіцца на пяцёх дзяцей?»

«Можна было адразу адмяніць заняткі і спыніць гэты балаган»

Яўген, бацька дачкі-трэцяклясьніцы

«Па-першае, мы думаем аб здароўі дзіцяці, — тлумачыць рашэньне не вадзіць дачку ў школу Яўген. — У лютым-сакавіку нам казалі, што вірус небясьпечны для дарослых і пажылых. Цяпер стала вядома, што ад хваробы цярпяць і дзеці. Я гэта бачу ў краінах, дзе да статыстыкі ставяцца больш-менш адказна. Афіцыйныя дадзеныя ў Беларусі ў мяне не выклікаюць даверу. І тым ня менш, нават паводле гэтай статыстыкі, колькасьць захварэлых расьце. Хіба цяпер час весьці дзяцей у школу? Па-другое, мы жывём з пажылымі бацькамі, таму максымальна абмяжоўваем кантакты, каб мінімізаваць рызыку заражэньня. У краму выходзім раз на тыдзень. Выключна ў масках».

З пачатку сакавіка Яўген працуе дыстанцыйна. Ён без ваганьняў забраў дачку са школы.

«Яна займаецца самастойна, падручнікі ў нас ёсьць. Настаўніца дасылае заданьні, — кажа ён. — Дачка — адна з найлепшых вучаніц у клясе, за яе веды я спакойны. Нават калі ёй праз адсутнасьць зьнізяць выніковыя адзнакі — няхай. Гэта ні на што не паўплывае. Здароўе даражэйшае».

Яўген мяркуе, што ўлады павінны былі б па-іншаму адрэагаваць на сытуацыю.

«Міністэрства адукацыі ні ў гэтай сытуацыі, ні ў іншых ніяк сябе не праявіла. Я цудоўна бачу, якія ў нас падручнікі, сыстэма адзнак і падыход. Усё становіцца толькі горш. Я дапускаю, што ў міністэрстве працуюць таксама і адэкватныя людзі. Але ў нас ёсьць адзін харызматычны чалавек. І нават калі ў кагосьці з чыноўнікаў зьявіцца добрая ідэя, ня ён будзе вырашаць, што рабіць.

Пакуль што я ня бачу ніякіх станоўчых дзеяньняў ад Мінадукацыі. Можна было адразу адмяніць заняткі і спыніць гэты балаган. У клясе па 3-5 чалавек. Сэнсу ў гэтым няма. Дыстанцыйнае навучаньне наладзіць таксама цалкам магчыма. Пачатковую школу можна было б цяпер увогуле адпусьціць, а пасьля нагнаць».

Яўген кажа, што вяртаць дзяцей у школу таксама можна па-рознаму.

«Мне падабаецца досьвед Нямеччыны. Там дзяцей таксама пачынаюць вяртаць у школы. Але ў першую чаргу — выпускныя клясы, захоўваючы меры бясьпекі. У нас вяртаньне было раптоўнае. Нават адну з субот зрабілі працоўнай. Паказушна. У нас усё добра — і ў футбол гуляюць, і ў школу мы пойдзем».

«З бацькамі нічога не абмяркоўваюць»

Марыя — маці двух сыноў. Старэйшы вучыцца ў 9 клясе, малодшы ходзіць на падрыхтоўчыя заняткі для паступленьня ў школу.

Старэйшы сын Марыі — вучань адной з прэстыжных гімназій Віцебску. Па словах жанчыны, некалькі тыдняў у сынавай клясе дзяцей увогуле не было. Апошні тыдзень ходзяць тры вучні.

«Сёлета так супала, што малодшы сын паступае ў першую клясу, а старэйшы здае іспыты. Але абодвух я пакінула дома, — кажа Марыя. — Сытуацыя мяне пужае. Я вельмі ўразьлівая і лёгка паддаюся чужому ўплыву. Я ня ўпэўненая, што сытуацыя ў Віцебску паляпшаецца, нягледзячы на афіцыйныя заявы. Таму ня бачу сэнсу, каб дзеці наведвалі школу».

Марыя кажа, што рыхтавацца да іспытаў сын будзе дома.

«Настаўнікі ўсё роўна не рыхтуюць да іспытаў. Часта працуюць толькі з моцнымі вучнямі. А іншым што рабіць? Адзінае выйсьце — рэпэтытары. Многія цяпер працуюць зь дзецьмі онлайн».

Марыя кажа, што на фінальныя іспыты сын пойдзе, але пакуль невядома, як усё будзе.

«З бацькамі нічога не абмяркоўваюць. У тым ліку і гэтую сытуацыю. У гімназіі ўжо даўно ўведзеныя электронныя дзёньнікі, але запаўнялі іх толькі два настаўнікі. Я да гэтай пары ня бачу адэкватнай карціны па адзнаках свайго сына. Тое самае і з заданьнямі. Іх таксама пачалі дасылаць празь дзёньнік — або нічога няма, або дзіця да ночы сядзіць-разьбіраецца».

Марыя ўпэўненая, што ўвесьці дыстанцыйнае навучаньне можна было даўно.

«Мы жывём у ХХІ стагодзьдзі, аднак ня можам арганізаваць дыстанцыйнае навучаньне. Няўжо немагчыма было гэта зрабіць, калі ўсё толькі пачыналася, за тыдзень да вакацый? Тым больш што да канца году засталося зусім трошкі?

Нашая гімназія лічыцца прэстыжнай. Яна тэхнічна абсталяваная, і ў вучняў, і ў настаўнікаў ёсьць доступ да інтэрнэту, толькі кнопку націснуць — і займайцеся дыстанцыйна. Замест гэтага дзецям падаўжаюць вакацыі, яны нічога тры тыдні ня робяць, пасьля іх празьмерна загружаюць працай. Зь дзецьмі так нельга».

Як вырашыцца пытаньне з паступленьнем малодшага сына, Марыя таксама не ўяўляе. Сытуацыя ўскладняецца тым, што для школы трэба зьбіраць мэдычныя даведкі, праходзіць шэраг спэцыялістаў. А ў паліклініку, кажа маці, зь дзіцем цяпер ісьці страшна.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19

  • УЖЫВУЮ Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі
  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Проста чханьне — не сымптом каранавірусу.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​


Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Як зьмяняецца колькасьць хворых у Беларусі і суседніх краінах. Толькі графікі

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG