Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«На беларусах ня раз ставілі крыж». 100-гадовы беларус пра свой век і выпрабаваньне каранавірусам


100-гадовы беларус Аляксандар Міхайлавіч Дашкевіч
100-гадовы беларус Аляксандар Міхайлавіч Дашкевіч

Свабода працягвае сэрыю публікацый пра беларусаў, якія перакрочылі 100-гадовы рубеж. Суразмоўцы расказваюць пра перажытае і пра тое, як пандэмія каранавірусу 2020 году зьмяніла іхнае жыцьцё. Бабруйчанін Аляксандар Міхайлавіч Дашкевіч адзначыў 100-годзьдзе ў студзені.

За ягонымі плячыма трывогі савецкай калектывізацыі, ліхалецьце Другой усясьветнай вайны і сустрэча перамогі разам з амэрыканцамі.

«Нешта нядобрае адбываецца»

Аляксандар Дашкевіч удавец. Жонка памерла 8 гадоў таму. Разам яны пражылі амаль 50 гадоў, выгадавалі дваіх дачок, якія сталі настаўніцамі і цяпер часта адведваюць бацьку. Не забываюць яго і чыноўнікі. Сёлета павіншавалі са стагодзьдзем і ўручылі юбілейны мэдаль да 75-годзьдзя Перамогі.

«На ўрачыстасьці да Дня Перамогі даўно не хаджу, бо ня з тых, хто красуецца, — кажа ён. — Здароўе ня тое ўжо, дый хочацца спакою на схіле дзён...»

Аляксандар Дашкевіч
Аляксандар Дашкевіч

Сваё жыцьцё Аляксандар Міхайлавіч называе «нармальным» для 100-гадовага пэнсіянэра. На вуліцу з сваёй аднапакаёвай кватэры выходзіць зрэдку. Падыхаць сьвежым паветрам часьцей выбіраецца на гаўбец. Кажа, што здароўе пакуль дазваляе яму абыходзіцца без апекі родзічаў і сацыяльных работнікаў.

Пра пандэмію каранавірусу ён ведае з тэлевізійных перадач і гутарак са знаёмымі. Зразумеў, што «вакол дзеецца нешта нядобрае».

«Пабываўшы пад снарадамі ды кулямі ў вайну, пражыўшы доўгае жыцьцё, мне сорамна нечага баяцца», — адказвае стары на пытаньне, ці непакоіць сытуацыя з хваробай, ад якой няма лекаў.

На ягоны погляд, каранавірус, як любую іншую «навалу», трэба адужаць, каб «стаць мацнейшымі».

«Мы не з такім сутыкаліся і пераможцамі выходзілі, — кажа ён. — На беларусах ня раз ставілі крыж, а мы ўсё жывём...»

«Бацьку паставілі перад выбарам: альбо калгас, альбо Сыбір»

Аляксандар Дашкевіч нарадзіўся ў вёсцы Лагодаўцы, што за 25 кілямэтраў ад Бабруйску. Вучыўся ў беларускай школе. Скончыў сем клясаў. Акрамя яго, бацькі гадавалі яшчэ чатырох дзяцей. У гаспадарцы была «ладная дзялянка зямлі», пара коней, пяць кароў, дзясятак авечак, дзьве сьвінаматкі. У калектывізацыю, каб пазьбегчы высылкі ў Сыбір, бацька запісаўся ў калгас, і ўсё, што мела сям’я, абагулілі.

«Мне тады гадоў дзевяць было, і я памятаю, як бацьку далі выбіраць паміж калгасам і Сыбірам, — згадвае суразмоўца. — Тады калгасьніку кепска было. Галадалі. Хлеб сеялі, а яго не хапала. Давалі па пяцьдзясят грамаў зерня за працадзень. Адпрацуеш 500 дзён, а дадуць тры пуды зерня. Во як было...»

Узнагароды вэтэрана
Узнагароды вэтэрана

Пра стаўленьне ўлады да чалавека ў 1930-х Аляксандар Міхайлавіч кажа: яму «дыхаць было цяжка», але былі і такія, хто «жыў прыпяваючы».

«Я ўдзячны бацьку, што ён пайшоў у калгас і не зламаў мне жыцьцё, — разважае суразмоўца. — Праца ў калгасе для мяне была добрай навукай. Я зразумеў: калі ты не калгасьнік, то цябе могуць прытаптаць у любы момант...»

Ён прыгадвае, што трое ягоных дзядзькаў зьехалі былі ў Амэрыку, каб «разбагацець». Двое вярнуліся, трэці — Юзаф Дашкевіч — застаўся. Зь ім доўга ліставаўся бацька, пакуль сувязь не перарвалася. Як склаўся дзядзькаў лёс, ён ня ведае.

«Вызваляў Заходнюю Беларусь і піў з амэрыканскімі вайскоўцамі»

Падлеткам Аляксандар Дашкевіч упадабаў машыны. Дапамагаў кіроўцам іх рамантаваць, а яму за гэта давалі «паруліць». У 16 гадоў скончыў курсы, і яму даверылі «палутарку».

У 1939-м забралі ў войска. Кажа, што «вызваляў ад палякаў Заходнюю Беларусь». У памяць яму адклалася, што ня ўсе тамтэйшыя беларусы радаваліся прыходу савецкай улады, бо «ім было добра пад палякамі». Шмат было тых, каму не падабаліся новыя парадкі.

Віншавальныя паштоўкі, лекі: усё побач
Віншавальныя паштоўкі, лекі: усё побач

Працягваць службу Аляксандру Дашкевічу давялося ў Літве, на мяжы з акупаванай нацыстамі Польшчай. Калі пачалася вайна, быў у каравуле і «падняў сваю дывізію па трывозе». Разам зь ёю адступаў да Масквы.

На фронце выпала быць кіроўцам у артылерыі. Цягаў на ЗІСе гармату, а ў кузаве вазіў артылерыйскі разьлік і камплект снарадаў.

«Двойчы, а можа і болей, быў кантужаны, але кантузія на фронце не лічылася раненьнем. Троху ачуняў і зноў на перадавую», — згадвае ён.

Па ягоных словах, перамогу над нацыстамі ён сустрэў у Нямеччыне разам з амэрыканскімі вайскоўцамі на рацэ Эльбе і «зь імі піў гарэлку».

«Вясёлыя былі хлопцы, — кажа ён. — Жартавалі, сьмяяліся. Сярод іх было шмат „нашых“, якія разумелі расейскую мову...»

«Жыцьцё паказала, што лепей жыць у горадзе»

Пасьля вайны ў вёску Аляксандар Дашкевіч не вярнуўся. Асеў у Бабруйску. З Лагодаўкі забраў маці. У яе хаце засталася жыць сястра. Цяпер тая хата без гаспадара, заўважае ён.

«Хацеў быў прадаць, але не знайшоўся на яе пакупнік. Так і стаіць, а хата добрая», — кажа ён.

Аляксандар Дашкевіч у сваёй аднапакаёўцы
Аляксандар Дашкевіч у сваёй аднапакаёўцы

У Бабруйску ажаніўся. За жонку ўзяў дзяўчыну з суседняй вёскі Багуслаўкі. З гонарам адзначае, што адбудоўваў пасьляваенны Бабруйск і мала чаго ў ім узводзілася безь ягонага ўдзелу.

«Жыцьцё паказала, што лепей жыць у горадзе, — кажа ён. — Тут я пачуваўся вальнейшым. Было дзе жыць, меў свой агарод. Вадзіліся грошы...»

Кіроўцам Аляксандар Дашкевіч адрабіў да пэнсіі. Кажа, што за больш як 40 гадоў працоўнай дзейнасьці ў яго не было ніводнага сур’ёзнага дарожнага здарэньня. Пакуль дазваляла здароўе, бавіў час паляваньнем. Трымаў сабак.

У канцы гутаркі Аляксандар Міхайлавіч кажа: «Галоўнае ў жыцьці, каб была праца без прымусу і з годным заробкам».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG