Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Настаўнікаў знайшлі праз Facebook». Як прадпрымальніца самастойна стварыла онлайн-школу


Аксана Шаўчэнка (справа) і Аляўціна Новікава, якія разам стварылі праект «Няшкола» 
Аксана Шаўчэнка (справа) і Аляўціна Новікава, якія разам стварылі праект «Няшкола» 

Гамяльчанка Аксана Шаўчэнка ўзначальвае невялікае прадпрыемства і каардынуе праграмы «Школы сацыяльнага прадпрымальніцтва». Яе сын ня надта любіць вучыцца ў школе. «Перанос канікулаў і карантын натхнілі мяне стварыць онлайн-праект „Няшкола“, дзе мой сын нарэшце захацеў вучыцца», — кажа прадпрымальніца.

Як гэта было?

Сын Аксаны вучыцца ў спартыўнай клясе. Са спортам у яго ўсё з парадку, з вучобай — ня надта, кажа яго маці.

«Так склалася, што Слава ня мае ахвоты да заняткаў. Не, ён не гультай, ён мэтанакіраваны, шмат трэніруецца. Але ўрокі, хатнія заданьні не выклікаюць у яго імпэту. Тут яшчэ і дадатковыя канікулы, і карантын. Я зразумела: трэба нешта вырашаць. Патэлефанавала паплечніцы Аляўціне (у яе таксама сын вучыцца ў 9 клясе) і прапанавала стварыць онлайн-школу», — кажа Аксана.

Аксана Шаўчэнка з сынам
Аксана Шаўчэнка з сынам

Далей было так.

  • Праз абвесткі ў чатах сваіх клясаў Аксана і Аляўціна знайшлі іншых ахвочых і набралі дзьве дзявятыя клясы.
  • Праз абвесткі ў Facebook яны знайшлі выкладчыкаў розных прадметаў, якія звычайна займаюцца рэпэтытарствам.
  • Наладзілі камунікацыю, дамовіліся пра аплату, пачалі праводзіць урокі праз Zoom i Skype.

Што гэта дало?

Праект «Няшкола» — гэта альтэрнатыва школьнай адукацыі (бясплатнай) і рэпэтытарству (часта дарагому), кажуць яго стваральнікі. Бацькі ўваходзяць у своеасаблівы каапэратыў, дзякуючы чаму адзін урок каштуе 3–5 рублёў. Аксана кажа, што праект некамэрцыйны.

У «Няшколе» не абавязкова займацца ўсімі прадметамі, можна выбраць для сябе 2–3 неабходныя, астатнія вывучаць самастойна. Ёсьць расклад і электронны журнал наведваньняў, зваротная сувязь з настаўнікамі і хатнія заданьні.

Аксана Шаўчэнка (зьлева) і Аляўціна Новікава
Аксана Шаўчэнка (зьлева) і Аляўціна Новікава

«Галоўны вынік — гэта тое, што ў дзяцей зьявіўся інтарэс да ўрокаў — дзякуючы добрым настаўнікам. У сына загарэліся вочы! Ён пачаў разьбірацца ў матэматыцы, просіць дадатковыя заняткі па ангельскай мове. Таму што настаўнікі, якія выкладаюць у нас — зацікаўленыя ў выніку і ў тым, каб дзеці расьлі. У нас невялікія групкі дзяцей, што дазваляе кожнаму ўдзяліць увагу, уключыць яго ў працэс, даць веды. Аказалася, што школьную праграму можна асіліць нашмат хутчэй! Напрыклад, наш выкладчык матэматыкі давёў, што за два ўрокі ў тыдзень можна засвоіць той матэрыял, на які ў школе аддаецца пяць урокаў», — кажа прадпрымальніца.

Яна ў захапленьні ад выкладчыкаў: «Пэдагогі рознымі спосабамі кажуць, што ўсе дзеці — унікальныя, таленавітыя, разумныя, і з гэтага зыходзяць. У нашых школах, на жаль, не заўсёды сустрэнеш такіх настаўнікаў».

Што будзе далей?

Цяпер у «Няшколе» займаюцца каля 30 вучняў 5, 6, 7 і 9 клясы.

Аксана марыць, што «Няшкола» знойдзе сваіх вучняў, настаўнікаў, бацькоў і будзе працаваць ня толькі да канца траўня, але і зь верасьня.

«Пакуль у нас задача сабраць тэставыя клясы, паспрабаваць, сабраць зваротную сувязь — атрымаецца, не атрымаецца... Прааналізаваць усё, вызначыць — ці гатовыя бацькі ўключыцца ў гэты праект. Пакуль гэта проста каапэрацыя, а мы з Аляўцінай — натхняльнікі і валянтэры», — кажа Аксана.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG