Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кароткія стрымы, гейміфікацыя, квізы і бонусы. Спыталі ў школьнікаў, якога дыстанцыйнага навучаньня яны хочуць


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Беларускім школьнікам у гэтым годзе быццам бы пашанцавала: замест аднаго тыдня вясновых канікул яны адпачываюць ужо трэці. І тае бяды — калі б прычынай ня быў каранавірус.

Афіцыйнай інфармацыі наконт дыстанцыйнага навучаньня ў беларускіх школах няма. Зноў працягнуць канікулы? Выпускнікі ня лічаць, што гэта выйсьце. Яны расказалі Свабодзе, якім бачаць дыстанцыйнае навучаньне ў школах і чаму яго трэба ўвесьці.

«Пакуль ішоў урок, ён проста гуляў у стралялку!»

Максім Скараходаў яшчэ ў школьныя гады заснаваў некалькі адукацыйных праектаў. Летась школу скончыў, але ва ўнівэрсытэт не паступаў. Цяпер усю адукацыю атрымлівае онлайн.

«Адукацыйны працэс павінен капіяваць паводзіны людзей у інтэрнэце, каб яны адчувалі сябе камфортна. Каб гэтага дасягнуць, патрэбная максымальна кароткая падача інфармацыі. Урокі па 45 хвілін у онлайне — гэта разоў у 10 цяжэй, чым у офлайне», — тлумачыць ён.

Максім Скараходаў
Максім Скараходаў

Тут, кажа Максім, два рашэньні: або кароткія ўрокі з канкрэтнай інфармацыяй, або гейміфікацыя заняткаў.

«Магчыма, рабіць іх у выглядзе сэрыялу, гульні, сторытэлінгу, віктарыны — мы расказваем гісторыі, прыводзім у прыклад жыцьцёвыя сытуацыі. Усё гэта для таго, каб трымаць увагу, якая вельмі лёгка ўцякае».

Таксама, паводле Максіма, у дыстанцыйным навучаньні важна наладзіць зваротную сувязь. Такіх інструмэнтаў шмат — онлайн-чаты, дзе можна ў любы момант задаць пытаньне і атрымаць адказ; заданьні ў фармаце тэстаў, запісу відэа, экспэрымэнтаў і гэтак далей, якія можна хутка праверыць; рэгулярныя «разборы палётаў».

«Калі ў школе ці ва ўнівэрсытэце мы можам на перапынку проста падыйсьці да настаўніка і „разабраць палёты“, то ў онлайне гэта арганізаваць цяжэй. Таму трэба рэгулярна ладзіць жывыя эфіры ці канфэрэнцыі ў Zoom і прысьвяціць час таму, што ў людзей не атрымліваецца, што ў іх не працуе, каб людзі не „захрасалі“. У онлайне ніхто руку не падыме і ня скажа, што ў яго штосьці не атрымліваецца».

Апроч гэтага важна прадумаць, як менавіта дастаўляць інфармацыю да вучняў, кажа Максім Скараходаў.

«Я бачыў, як у знаёмага брат зайшоў у „Google Класс“ і паралельна адкрыў Counter-Strike. Пакуль ішоў на заднім фоне ўрок, ён проста гуляў у стралялку! Каб такога пазьбегнуць, трэба ня проста даваць урокі, ня проста даваць кучу тэксту і казаць: „Вось, дзеткі, глядзіце і вучыцеся“. Трэба пераходзіць у інтэрактыўны фармат і ўводзіць гейміфікацыю».

Хлопец лічыць, што ўрокі можна праводзіць праз плятформу Zoom, дзе «людзям можна даць права голасу падчас уроку».

Можна выкарыстоўваць Kahoot! — гэта інтэрактыўная праграма для квізаў. Яна ператварае любы тэст у займальнае спаборніцтва, у якім ты можаш перамагчы або прайграць.

Таксама Максім прапануе ўводзіць бонусы для вучняў. Напрыклад, калі чалавек атрымаў 10 балаў, яму даюць «адгул» ці нейкі значак як напамін пра добрую адзнаку.

«Гэта будзе значыць больш, чым проста безаблічная лічба ў журнале, якая быццам бы ўплывае на тваю будучыню», — мяркуе Максім Скараходаў.

«Ня ўсе настаўнікі могуць асвоіць высокія тэхналёгіі»

Адзінаццаціклясьнік з Бабруйску Мікіта Суботкін кажа, што ў іхнай гімназіі пачалі ўжо тэставаць дыстанцыйнае навучаньне.

Мікіта Суботкін
Мікіта Суботкін

«Правялі онлайн клясную гадзіну і бацькоўскі сход. Мы карыстаемся сыстэмай відэасувязі Zoom, — кажа хлапец. — Як нам патлумачылі, у нас будуць урокі 20–30 хвілін праз Zoom. Гэта будзе не „пытаньне-адказ“, а ў фармаце лекцый — настаўнік будзе расказваць тэму, а ў чаце можна задаць пытаньне. Ня будзе такога — „раскажыце верш празь відэасувязь“. А заданьні ў нас будуць рассылацца праз пляцоўку Google — дакладна ня памятаю якую».

Адзіная праблема, кажа Мікіта, гэта калі ў сям’і некалькі дзяцей, а кампутар адзін.

«У мяне ўласны ноўтбук, і ўсё ў парадку», — дадае ён і кажа, што варыянт дыстанцыйнага навучаньня яго задавальняе.

Алена Болбат
Алена Болбат

Алена Болбат вучыцца ў вясковай школе. Для яе канікулы — магчымасьць самастойна падрыхтавацца да ЦТ. З дыстантам, лічыць дзяўчына, у вясковых школах могуць узьнікнуць праблемы.

«Мая малодшая сястрычка таксама сядзіць дома, і вось тут я ўжо бачу адмоўны бок сытуацыі. Наўрад ці мы пойдзем у школу і на наступным тыдні, таму гэта вельмі вялікі прабел у адукацыі, які невядома калі можна будзе нагнаць. Дыстанцыйнае навучаньне — выхад з гэтай сытуацыі, але гэтая сыстэма нераспрацаваная, яе нельга вось так на загад увесьці за некалькі дзён. Па-першае, настаўнікі. Ня ўсе яны могуць асвоіць гэтыя „высокія тэхналёгіі“, бо для іх гэта цяжка і незразумела. Па-другое, нельга забываць, што Беларусь — гэта ня толькі гарады, але і малыя вёскі, дзе ня ўсе маюць кампутары і інтэрнэт».

Але, дадае выпускніца, гэтую праблему можна абысьці. Напрыклад, аднаклясьнікі маглі б аб’ядноўвацца і перадаваць заданьні адзін аднаму.

«Некаторыя настаўнікі нашай школы ў тым жа „Вайбэры“ і „ЎКантакце“ маглі б перадаваць нам заданьні, якія трэба выканаць. Я разьлічваю толькі на навучаньне ў сыстэме „прачытаў самастойна — выканаў“. На жаль, па-іншаму ў нас пакуль немагчыма. Гэта, можа, і плюс, бо дзеці будуць вучыцца самі, што, на маю думку, толькі лепш. Але, канечне, ня ўсе будуць адказна ставіцца да гэтага».

«Давайце пакажам, што мы сапраўды разьвіваемся!»

Дар’я Галавацкая вучыцца ў адной са школаў Слуцку і ў гэтым годзе таксама сканчае 11 клясу. Яна адразу кажа, што хацела б, каб у школе ўвялі дыстанцыйнае навучаньне.

Дар’я Галавацкая
Дар’я Галавацкая

«Мне вельмі важна, каб мая вучоба працягвалася. Я хачу годна скончыць школу, здаць іспыты, ЦТ і паступіць ва ўнівэрсытэт. Дыстант, як я лічу, дасьць магчымасьць працягваць вучыцца далей».

Урэшце, кажа Дар’я, ёй хацелася б спакойна скончыць апошнюю чвэрць, не нашкодзіўшы ні сабе, ні сваім блізкім.

«Усё ж такі Рэспубліка Беларусь — краіна, дзе як мае быць разьвіваюцца IT-тэхналёгіі. Так давайце пакажам, што мы сапраўды разьвіваемся, не стаім на месцы і працягваем спакойна жыць, нягледзячы на страшную трагедыю ва ўсім сьвеце!»

Паводле дзяўчыны, асаблівую ўвагу ў дыстанцыйнай адукацыі трэба аддаць вусным прадметам, бо зь імі могуць узьнікнуць праблемы.

«Ёсьць жа скайп! Напэўна, занадта прымітыўна, але гэта максымальна не праблематычна, як я лічу. Заходзім у скайп і спакойна слухаем усё, што трэба. Чаму не? Можна было б паспрабаваць, каб настаўнікі загадзя запісвалі нейкія асаблівыя моманты і адпраўлялі ў гутаркі з вучнямі, вялі жывыя эфіры. Але я разумею, што гэта ўсё залежыць ад фінансавага становішча школ і рэгіёнаў, дзе яны знаходзяцца, дый ад самога жаданьня настаўнікаў».

«Тут ужо не атрымаецца змахляваць»

Вераніка Краеўская — з Жыткавічаў, вучыцца ў 10 клясе. Яна лічыць, што дыстанцыйнае навучаньне было б добрым рашэньнем, але новым і нязвыклым для большасьці школ.

Вераніка Краеўская
Вераніка Краеўская

«У нашай школе вельмі хутка і апэратыўна адрэагавалі на ўсю сытуацыю», — кажа дзяўчына. — Пакуль што вучням сказалі зарэгістравацца на плятформе «ЯКласс», якая дапамагае камунікаваць і вучню, і настаўніку на адлегласьці. На плятформу высылаюцца заданьні, якія неабходна зрабіць, але перад гэтым там ёсьць падрабязная тэорыя і пробныя тэсты. Гэта вельмі дапамагае, таму ўсё даступна і зразумела. Калі настаўнікам трэба нешта дадаткова, то яны даюць заданьне, а ты можаш ужо выкананыя заданьні адправіць ім на электронную пошту для праверкі«.

Настаўнікі, кажа Вераніка, у любы момант гатовыя адказаць на пытаньні вучняў.

«Для вучняў гэта таксама новы досьвед. Магчыма, ён будзе крыху больш складаны, чым традыцыйныя ўрокі, але толькі таму, што цяпер трэба навучыцца вучыцца самім. Бо тут ужо не праседзіш урок проста так, не атрымаецца змахляваць. Калі ты хочаш добры вынік, неабходна разабрацца самому».

Складаней за ўсё, лічыць дзесяціклясьніца, малодшым клясам, бо ня кожнае дзіця здольнае вывучыць матэрыял самастойна. Ім патрэбная падтрымка і дапамога бацькоў. Вось што трэба, каб зрабіць дыстанцыйнае навучаньне камфортным і эфэктыўным, паводле Веранікі:

«Зрабіць даступнай відэасувязь — для таго каб задзейнічаць слыхавую і зрокавую памяць. І даваць онлайн-тэсты і практыкаваньні для замацоўваньня матэрыялу».

Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG