Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Настаўніцу, якая парвала вуха трэцяклясьніцы, суд аштрафаваў на 1890 рублёў


Гімназія №71, Гомель

Суд Савецкага раёну Гомля 15 красавіка вынес рашэньне ў справе прыватнага абвінавачаньня ў дачыненьні ўжо былой настаўніцы гімназіі №71. У студзені на ўроку матэматыкі яна траўмавала вуха вучаніцы 3 клясы.

Суд пакараў Тацьцяну П. штрафам на 70 базавых велічынь, што цяпер складае 1890 рублёў.

Маці дзяўчынкі зазначыла, што задаволеная прысудам:

«На працягу ўсяго працэсу настаўніца не прызнавала сваю віну, казала, што дачка атрымала траўму выпадкова, а не ад таго, што яна тузанула яе за вуха. Мы не імкнуліся да пэўнага пакарання, для нас галоўным было, каб суд прызнаў віну настаўніцы», — сказала яна.

Сама настаўніца не задаволена прысудам і будзе падаваць скаргу. Яна прызнае сваю віну часткова і лічыць, што суд не разабраўся ў справе, якую зрабілі «палітычнай».

Скандал у гімназіі №71 адбыўся 21 студзеня. 47-гадовая пэдагог, якая ў 2017 годзе атрымала званьне «Настаўніца году», моцна тузанула за вуха дзяўчынку К. Маці школьніцы зьвярнулася ў міліцыю. Савецкі РАУС Гомля вынес пастанову аб спыненьні праверкі ў дачыненьні настаўніцы і патлумачыў бацькам, што яны маюць права зьвярнуцца ў суд у парадку прыватнага абвінавачаньня. У дзеяньнях жыхаркі Гомля знайшлі склад злачынства паводле артыкулу 153 Крымінальнага кодэксу — наўмыснае прычыненьне лёгкага цялеснага пашкоджаньня.

Паводле артыкулу 426 Крымінальна-працэсуальнага кодэксу, крымінальную справу прыватнага абвінавачваньня (пад такую падпадае і артыкул 153 КК) распачынае асоба, пацярпелая ад злачынства. У выпадку яе няздольнасьці з прычыны ўзросту або стану здароўя выказваць сваю волю ў крымінальным працэсе можа любы зь яе паўналетніх блізкіх сваякоў або сям'і, законны прадстаўнік або прадстаўнік юрыдычнай асобы шляхам падачы ў суд заявы.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG