Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Якія сэрвісы дыстанцыйнай адукацыі прапануюцца менскім настаўнікам і школьнікам


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Адзіная плятформа дыстанцыйнага навучаньня школьнікаў у Беларусі можа зьявіцца хіба «к канцу 2020 году». Пакуль жа настаўнікі і вучні карыстаюцца самымі рознымі плятформамі і сэрвісамі, а «зьверху» адназначных рэкамэндацый не даюць.

У камітэце адукацыі Менгарвыканкаму БелТА расказалі, чым карыстаюцца ў менскіх школах для дыстанцыйнай адукацыі (пры тым, што заняткі вядуцца і ў саміх школах, бо карантын не абвяшчаўся).

Для пэдагогаў прапануюць «сыстэму дыстанцыйнага навучаньня» ад Менскага гарадзкога інстытуту разьвіцьця адукацыі. Настаўнікі самі могуць ствараць у ёй курсы і тэсты для дыстанцыйнай адукацыі на адкрытай адукацыйнай плятформе Moodle. Для пэдагогаў, якім цяжка ўправіцца з сыстэмай, прапануюць кансультацыі і «онлайн-кабінэт псыхоляга». Сыстэма даступная толькі на расейскай мове.

Матэрыялы для дыстанцыйнай адукацыі часткова разьмясьцілі на сайце Vuchan.by. Там выклалі ўжо звыш сотні відэаматэрыялаў, але сьпіс даступных матэрыялаў там далёкі ад поўнага: калі па беларускай мове ёсьць матэрыялы для 3–11 клясаў, то па матэматыцы толькі для 8 і 10 клясаў, па ўсясьветнай гісторыі — для 5 і 9, па музыцы — толькі для 1 клясы, і на кожны прадмет — ня больш за пару ўрокаў. Большасьць матэрыялаў — статычныя прэзэнтацыі з галасавымі камэнтарамі.

Пры гэтым якасьць запісу голасу не паўсюль высокая. Напрыклад:

Школьныя падручнікі даступныя ў фармаце PDF на Нацыянальным адукацыйным партале.

«Большасьць сталічных пэдагогаў, звыш 13,5 тысячы, сэртыфікаваныя як карыстальнікі інфармацыйна-камунікацыйных тэхналёгій, — сказалі БелТА ў сталічным камітэце адукацыі. — Многія праходзілі навучаньне стварэньню ўласных дыстанцыйных курсаў, старонак на сайтах, блогаў, выкарыстаньню розных мэсэнджараў у адукацыйным працэсе».

Паводле камітэту, настаўнікі карыстаюцца для сувязі з вучнямі ў тым ліку праграмамі Viber, Skype, WhatsApp, Facebook Messenger і Discord, сэрвісамі Schools.by, Znaj.by, Effor.by, Yaklass.by, Google Classroom, плятформамі для вэбінараў Zoom, MyOwnConference, AnyMeeting, ClickMeeting, GoToMeeting, WebinarJam, ON24, Livestorm, Adobe Connect...

З названых ня ўсе сэрвісы перакладзеныя нават на расейскую мову, далёка ня ўсе бясплатныя. Дакладных рэкамэндацый пра тое, якімі сэрвісамі карыстацца і як кампэнсаваць выдаткі на платныя сэрвісы, чыноўнікі не даюць.

Колькі са згаданых 13,5 тысячы «карыстальнікаў ІКТ» праводзяць дыстанцыйныя ўрокі і колькі зь іх карыстаюцца якімі сэрвісамі, не паведамляецца.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG