Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь папросіць крэдыты на 2,5 млрд даляраў на падтрымку эканомікі, — віцэ-прэм’ер


Віцэ-прэм’ер Дзьмітры Круты, архіўнае фота

Урад Беларусі рыхтуе новы пакет сацыяльнай падтрымкі. Неабходнае істотнае перафарматаваньне бюджэту. На сфэру аховы здароўя (закупку абсталяваньня, тэст-сыстэмаў, даплаты мэдыкам) патрэбныя дадаткова 800 млн рублёў. Яшчэ 300 млн — на дапамогу людзям зь нізкімі даходамі.

Грошы на гэта будуць прасіць у міжнародных фінансавых арганізацыяў, расказаў вечарам 26 красавіка віцэ-прэм’ер Дзьмітры Круты на дзяржаўным тэлеканале «Беларусь-1». Паводле яго, падрыхтаваныя два пакеты падтрымкі эканомікі і сацыяльнай сфэры, якія на наступным тыдні перададуць на разгляд Аляксандру Лукашэнку.

У інтэрвію дзяржаўнаму каналу АНТ ён дадаў, што памер унутранай дзяржаўнай запазычанасьці павялічыцца на яшчэ 1,2 млрд рублёў (на 1 сакавіка тая складала 9,0844 млрд, зьнешняя ж — 16,8542 млрд даляраў).

Ідуць перамовы з МВФ, Сусьветным і Эўрапейскім інвэстыцыйным банкамі

У праграме «Галоўны эфір» на БТ віцэ-прэм’ер Дзьмітры Круты анансаваў новы пакет падтрымкі эканомікі і сацыяльнай сфэры, які будзе прадстаўлены ў бліжэйшыя дні. Ідуць перамовы з МВФ, Усясьветным банкам і іншымі.

«У МВФ будзем прасіць 900 мільёнаў даляраў; у Сусьветнага банку — 300 мільёнаў даляраў, у Эўрапейскага інвэстыцыйнага банку — 300 мільёнаў даляраў, — паведаміў Круты. — Сумарна 2–2,5 мільярда даляраў мы зможам прыцягнуць ад зьнешніх крэдытораў. Гэта будзе вельмі добрая лічба. Сацыяльная сфэра, усе 6 блёкаў, будзе каштаваць 5 – 6 мільярдаў рублёў, гэта 3–4% ад гадавога аб’ёму ВУП».

Як расказаў Круты, «практычна ўсе зь іх» ужо атрымалі заяўкі Беларусі, «ніхто зь іх не адмовіў». Ён згадваў таксама Банк разьвіцьця Кітаю, але ня згадваў расейскія крыніцы.

Вырасьце дапамога па беспрацоўі, падтрымаюць маламаёмных

На думку Дзьмітрыя Крутога, дзяржаўная падтрымка зараз неабходная, па-першае, сфэры паслугаў; транспартнікам, якія сутыкнуліся з крызісам самымі першымі; а таксама сфэры турызму, спорту. Ён прывёў прыклады: амаль на 40% упаў пасажыразварот, у «Белавія» адкладзеныя 2300 рэйсаў з 3000. Мясцовым органаам улады дадуць паўнамоцтвы на прадстаўленьне «арэндных вакацыяў», падатковага крэдыту, зьніжэньня стаўкі маёмасных падаткаў, вяртаньне прадпрымальнікам сплачанага адзінага падатку.

Мяркуецца, што будзе перагледжаная дапамога па беспрацоўі. Як адзначыў Круты, «людзі зараз ня хочуць рэгістравацца на біржы працы, таму што дапамога мізэрная — 28 рублёў». Таму мяркуецца, што дапамога па беспрацоўі будзе павялічаная да бюджэту пражыткавага мінімуму — да 247 рублёў. Але пры ўмове, што чалавек будзе зарэгістраваны на біржы працы ўжо тры месяцы.

Таксама віцэ-прэм’ер распавёў, што наймальнік атрымае магчымасьць даплачваць тым, хто знаходзіцца ў прастоі ці працуе на няпоўны працоўны дзень — да ўзроўню мінімальнага заробку, 375 рублёў.

Сярод іншых захадаў — матэрыяльная дапамога людзям зь нізкімі даходамі, якія атрымліваюць дзяржаўную адрасную сацыяльную дапамогу, у першую чаргу — сем'ям зь дзецьмі. Даплата на кожнага чальца сямʼі будзе павялічана да бюджэту пражыткавага мінімуму. Паводле Крутога, выплаты павялічацца прыкладна на 50–55 рублёў на чалавека.

Таксама Круты дапусьціў, што ў Беларусі будуць выдаваць прадпрыемствам «крэдыты на заробкі», хоць адзначыў, што «ў звычайнай сытуацыі, сыходзячы з рынкавых канонаў» гэта «кепскае рашэньне». Але нават калі такое прымуць, дадаў ён, рашэньне «ня будзе масавым».

Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю

  • УЖЫВУЮ Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі
  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Проста чханьне — не сымптом каранавірусу.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​


Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Як зьмяняецца колькасьць хворых у Беларусі і суседніх краінах. Толькі графікі

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG