Захады падтрымкі беларускай эканомікі дасягнуць некалькіх адсоткаў ад ВУП, паведаміў вечарам 26 красавіка ў эфіры тэлеканалу СТВ намесьнік міністра эканомікі Дзьмітрый Матусевіч.
Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>
«Думаю, што ў выніку, калі ўсё гэта складзецца, меры падтрымкі будуць складаць некалькі адсоткаў ад ВУП. Гэта вельмі сур'ёзная лічба», – сказаў Матусевіч.
Паводле яго, яшчэ адзін пакет падтрымкі, якім цяпер займаецца міністэрства, і які не ўвайшоў ва ўказ прэзыдэнта № 143 «Аб падтрымцы эканомікі», прадугледжвае прыцягненьне зьнешняга фінансаваньня. «Мы вядзем перамовы з шэрагам міжнародных фінансавых арганізацый, і гэтыя сродкі таксама, магчыма, трансфармуюцца ў лініі, у танныя крэдытныя лініі», – адзначыў намесьнік міністра.
Матусевіч таксама дадаў, што пад указ № 143 рыхтуецца трэці пакет захадаў падтрымкі, будуць прынятыя лякальныя акты, аднак якія – не канкрэтызаваў.
Указ № 143 быў падпісаны кіраўніком дзяржавы 24 красавіка. Ён накіраваны на падтрымку субʼектаў гаспадараньня асобных галінаў эканомікі.
Згодна з дакумэнтам, прадугледжана адтэрміноўка і растэрміноўка выплаты падатковых крэдытаў, скарочаны тэрмін вяртаньня з бюджэту розьніцы паміж сумай падатковых вылікаў і агульнай сумай ПДК.
Індывідуальным прадпрымальнікам даецца магчымасьць пераходу на іншыя рэжымы падаткаабкладаньня і пераразьліку адзінага падатку ў сувязі з часовым неажыцьцяўленьнем імі дзейнасьці.
Абласным і Менскаму Савету дэпутатаў рэкамэндавана ўдвая зьменшыць стаўкі адзінага падатку у другім і трэцім квартале.
Уводзяцца арэндныя канікулы, мараторый на павелічэньне базавай арэнднай велічыні і арэнднай платы. Акрамя таго, даецца права мясцовым распарадчым і выканаўчым органам памяншаць маёмасныя падаткі.