Савет міністраў Беларусі прыняў пастанову, паводле якой Гарадзейскі, Жабінкаўскі і Скідзельскі цукровы камбінаты атрымаюць 120 мільёнаў рублёў за кошт дырэктыўнага крэдытаваньня.
Паводле БелаПАН, грошы выдаткавалі па дзяржаўнай праграме разьвіцьця аграрнага бізнэсу на 2016-2020 гады, праз Банк разьвіцьця Беларусі.
Агульны ліміт дырэктыўнага крэдытаваньня сёлета складзе 1,06 мільярда рублёў. Пастанова ўраду ад 28 сьнежня 2019 году прадугледжвала, што аб’ём дырэктыўнага крэдытаваньня ў 2020 годзе складзе 740 мільёнаў рублёў, аднак пастановай ад 30 сакавіка ліміт быў павялічаны на 200 мільёнаў (на 27%).
Дырэктыўныя крэдыты даюцца прадпрыемствам на ільготных умовах. Міжнародныя фінансавыя арганізацыі лічаць, што дырэктыўнае крэдытаваньне зьяўляецца неэфэктыўнай формай разьмеркаваньня фінансавых рэсурсаў, і настойліва рэкамэндуюць беларускім уладам адмовіцца ад гэтай практыкі.
Старшыня праўленьня Банка разьвіцьця Андрэй Жышкевіч у лютым 2020 году заявіў, што з 2021 году практыка дырэктыўнага крэдытаваньня ў Беларусі можа быць спыненая, гэта прадугледжваецца дарожнай мапай рэформаў, якую ўрад краіны распрацоўвае пры падтрымцы Сусьветнага банка.
У канцы студзеня дырэктараў усіх чатырох цукровых заводаў Беларусі затрымалі. Арышты зьвязаныя з вонкавай дэбіторскай запазычанасьцю заводаў і махлярскімі схемамі, якія заключаліся паміж беларускімі кіраўнікамі прадпрыемстваў і расейскімі контрагентамі.