Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Астравецкім раёне 12 чалавек прымусова праверылі на каранавірус


Першыя вучэньні на Беларускай АЭС у Астравецкім раёне, ілюстрацыйнае фота

Пракурор Астравецкага раёну санкцыянаваў прымусовы мэдычны агляд 12 чалавек, «кантактаў першага ўзроўню» з хворымі на COVID-19, якія «ўхіляліся» ад тэстаў на каранавірус.

«Некалькі дзён гэтыя людзі знаходзіліся пад мэдычным наглядам, а пасьля былі ізаляваныя ў хатніх умовах. Кожнаму зь іх уручылі патрабаваньне аб выкананьні правілаў паводзінаў у самаізаляцыі», — піша пракуратура.

Больш нічога пра гэтых 12 чалавек не паведамляюць. Ці ўжо зрабілі ім тэсты, пракуратура ня піша, але дзяржаўнае інфармагенцтва БелТА сьцьвярджае, што тэсты правялі.

Таксама невядома, ці зьвязаныя тыя, хто «ўхіляўся», зь Беларускай АЭС, што будуецца ў Астраўцы. Нядаўна каранавірус западозрылі ў 15 будаўнікоў БелАЭС з Расеі (яны наракаюць, што іх трымаюць у ізаляцыі і не даюць вынікаў тэстаў), таксама шпіталізавалі сотню чалавек, якія кантактавалі з гэтымі будаўнікамі.

Пра першы прымусовы тэст на каранавірус стала вядома 14 красавіка: яго пастанавілі зрабіць жанчыне з Гомлю.

Закон «Аб прадухіленьні распаўсюду хваробаў, якія ўяўляюць небясьпеку для здароўя насельніцтва» ў артыкуле 19 дазваляе прымусовы мэдычны агляд асобы, адносна якой ёсьць «дастатковыя падставы» дапускаць наяўнасьць «грамадзка небясьпечнай хваробы» (у прыватнасьці, гаворка ідзе пра вірус імунадэфіцыту чалавека).

Хваробу COVID-19, выкліканую новым каранавірусам SARS-CoV-2, залічылі да «грамадзка небясьпечных» 18 лютага 2020 году.

12 красавіка намесьніца міністра аховы здароўя Беларусі Алена Богдан расказала, што цяпер «прапрацоўваецца варыянт» адпраўляць на самаізаляцыю і хворых на COVID-19 у лёгкай форме. Паводле яе, на 12 красавіка на самаізаляцыі ў Беларусі было каля 5000 чалавек. З паведамленьня Міністэрства аховы здароўя 14 красавіка можна зрабіць выснову, што пэўную частку хворых выправілі дамоў — 634 або менш.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю

  • УЖЫВУЮ Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі
  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Проста чханьне — не сымптом каранавірусу.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​


Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Як зьмяняецца колькасьць хворых у Беларусі і суседніх краінах. Толькі графікі

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG