Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Яшчэ «два-тры тыдні» па 340–360 выпадкаў на дзень. Прагноз Мінздароўя па COVID-19 у Беларусі


Намесьніца міністра аховы здароўя Алена Богдан, архіўнае фота
Намесьніца міністра аховы здароўя Алена Богдан, архіўнае фота

Міністэрства аховы здароўя Беларусі 14 красавіка зладзіла жывую трансьляцыю брыфінгу з удзелам намесьніцы міністра Алены Богдан, а таксама акушэраў і гінэколягаў. Сярод іншага Богдан дала прагноз распаўсюду вірусу ў Беларусі.

Паводле Богдан, у Беларусі ў апошнія тры дні штодзень рэгіструюць прыблізна 340–360 новых выпадкаў COVID-19, і гэтыя лічбы не мяняюцца (гэта значыць, што распаўсюд вірусу не паскараецца).

У Мінздароўя Беларусі чакаюць, што такая сытуацыя працягнецца яшчэ «каля двух-трох тыдняў». Яна заявіла, што ў Беларусі «робяць усе захады, каб не дапусьціць імклівага лявінападобнага росту».

Такім чынам, ніжняя мяжа «прагнозу Богдан» — 4760 новых выпадкаў, верхняя — 7560 новых выпадкаў у бліжэйшы час. Агульная колькасьць выпадкаў, такім чынам, можа неўзабаве дасягнуць 8041–10841 выпадкаў.

На чым грунтуецца такі прагноз, акрамя статыстыкі апошніх дзён, намесьніца міністра не сказала.

Няўрадавы Цэнтар дасьледаваньняў эўрапейскіх краінаў у пераходны пэрыяд (EAST Center) тыдзень таму прааналізаваў мэтодыку Імпэрскага каледжу Лёндану і пралічыў магчымыя сцэнары для Беларусі. Ацэньваўся не распаўсюд каранавірусу, а сьмяротнасьць. Пры сцэнары самай жорсткай барацьбы зь вірусам на раньнім этапе спрагназавалі 1860 сьмерцяў, пры адсутнасьці істотных захадаў — 68 тысяч сьмерцяў, пралічылі і два прамежкавыя сцэнары.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG