Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сяргей Сацук: «Цяпер сілавікі змагаюцца за кантроль над карупцыйным рынкам»


Сяргей Сацук, архіўнае фота
Сяргей Сацук, архіўнае фота

Рэдактар «Ежедневника» Сяргей Сацук ня мае намеру радыкальна мяняць курс свайго інтэрнэт-рэсурсу і адмаўляцца ад антыкарупцыйных расьсьледаваньняў, хоць і прызнае, што «трэба зрабіць паўзу і агледзецца, ацаніць рызыкі, а ўжо тады вырашаць».

Сяргей Сацук перакананы, што ягонае расьсьледаваньне карупцыі ў Мінздароўя і крымінальная справа аб хабары, заведзеная на яго Сьледчым камітэтам, — зьвёны аднаго ланцужка. Але цяпер ён і сам зацікаўлены ў тым, каб сьледчыя ва ўсім аб’ектыўна разабраліся.

«Я даў падпіску аб неразгалошваньні матэрыялаў справы і камэнтаваць яе ніяк не магу. Дый сам не хачу, каб потым казалі, што яго адпусьцілі, бо на сьледзтва націснулі. Таму хай спакойна ва ўсім разьбяруцца і пераканаюцца, што я ні ў чым не вінаваты. Сьледзтва ідзе, я падазроны, заўтра ў мяне чарговы допыт. Пакуль пра маю справу гэта ўсё, што магу сказаць. Яшчэ дадам, што расьсьледаваньне пра карупцыю ў Мінздароўя я вырашыў спыніць», — сказаў Сяргей Сацук.

25 сакавіка супрацоўнікі Дэпартамэнту фінансавых расьсьледаваньняў Камітэту дзяржкантролю затрымалі рэдактара «Ежедневника» Сяргея Сацука каля будаўнічай крамы, куды журналіст прыехаў разам з жонкай.

«Маглі б выклікаць да сябе — я б прыйшоў. Маглі б прыехаць дамоў і адразу зрабіць вобшук, таксама зразумела. Але вось так, на вуліцы — гэта ж ужо форма псыхалягічнага ціску», — абураецца вядомы журналіст.

Нагадваю Сяргею пра час, калі ён быў затрыманы — празь некалькі дзён пасьля загаду Аляксандра Лукашэнкі спыніць распаўсюд фэйкавых матэрыялаў пра каранавірус.

«Валерый Паўлавіч, ужо хопіць на гэта глядзець. Трэба добра прайсьціся па гэтых сайтах, каналах. Загінула жанчына ў Віцебску — ніякага там каранавірусу, і пасьля гібелі ўзялі аналізы некалькі разоў. Мне дакладваюць па кожным выпадку падобных сьмерцяў... Не, узялі, раскаталі, што загінула нібыта ад каранавірусу. Для чаго? Каб стварыць паніку», — сказаў Лукашэнка старшыні КДБ Валерыю Вакульчыку на нарадзе 21 сакавіка.

Пытаюся ў Сяргея Сацука пра яго стаўленьне да вэрсіі, паводле якой, выконваючы менавіта гэты загад, сілавікі абралі яго на ролю «ахвярнага ягняці», а можа, і паквіталіся за антыкарупцыйныя расьсьледаваньні ў Мінздароўя. Такое можа быць?

«У нас канечне, усё магчыма. Цяпер, наколькі я бачу, ідзе барацьба за перадзел карупцыйнага рынку, за тое, хто яго будзе „крышаваць“. І гэта тычыцца ня толькі чыноўнікаў у мэдыцыне, а значна шырэй, ва ўсіх сфэрах, дзе ў апошнія гады адбыліся пасадкі буйных карупцыянэраў. Кадры там зьмяніліся, але ж карупцыйныя магчымасьці засталіся, і якія дакладна сілавікі цяпер іх будуць кантраляваць, гэта, на маю думку, яшчэ ня вырашана. Сілавікі за гэта цяпер змагаюцца», — мяркуе Сяргей Сацук.

Чаму журналіст вырашыў больш не дасьледаваць карупцыю ў сыстэме Мінздароўя? Сяргей Сацук кажа, што ў яго на гэтае расьсьледаваньне ўжо няма рэсурсаў.

«Далей працягваць — гэта як ісьці з голай задніцай на танк. Сэнсу няма. А другое, — сваімі дзеяньнямі супроць мяне яны паказалі нават больш, чым я б паказаў у далейшым расьсьледаваньні. Ужо і так усё пацьвердзілі, пра што я толькі задумваўся», — сказаў Сяргей Сацук.

На пачатку 2019 году Сяргей Сацук надрукаваў расьсьледаваньне пад назвай «Як у Беларусі зарабляюць на крыві», у якім выклаў вэрсію пра махлярствы з мэдычнымі прэпаратамі ў Беларусі.

Паводле Сяргея Сацука, менавіта тыя, хто стаяў за махлярамі, арганізавалі выхад летась у жніўні тэлесюжэту на БТ, у якім журналіста абвінавацілі ў атрыманьні хабару памерам 5 тысяч даляраў. Пра гэты хабар казаў бізнэсмэн, які даваў Сяргею інфармацыю пра махлярскую схему, раскрытую пазьней у артыкуле.

Сяргей Сацук сьцьвярджае, што ня браў ад таго чалавека хабару, а прапанаваў яму адкрыта пералічыць грошы на расьсьледаваньне, калі той жадае аказаць падтрымку. «Кажу пра гэта сьледчаму, а той заяўляе, што гэта я наўмысна прыдумаў такую схему, каб усё схаваць. Цьвердзіць, што ў яго тры вышэйшыя адукацыі», — згадвае Сяргей Сацук першы допыт пасьля затрыманьня.

На старонцы Сяргея Сацука ў Фэйсбуку знаходжу інфармацыю, што ён прадае свой дом, пра які, як напісана, «марыў усё жыцьцё». Ці не зьвязаны продаж дома са сьледзтвам?

«Ды не, як гэта можа быць зьвязана, калі сьледзтва пачалося некалькі дзён таму, а дом мы ўжо год як прадаём?», — кажа Сяргей Сацук і апавядае гісторыю дома.

Гэта ягонае адзінае жыльлё, гарадзкой кватэры ў Сацука няма. Дом ён будаваў сам, з жонкай.

«Купілі недабудаваны і два гады будаваліся. З жонкай самі падлогу рабілі, усе ўнутраныя працы. Ужо жывём тры гады. Гэта маё першае жытло, раней па арандаваных кватэрах езьдзілі — а тут свой дом, так, мара ўсяго жыцьця! Але вырашылі прадаць, бо шмат даўгоў. У тым ліку вінен людзям, у якіх пазычаў на будоўлю і так пакуль і не аддаў», — кажа Сяргей Сацук.

Паводле журналіста, галоўная праблема — тое, што ў вёсцы, дзе ён жыве, няма газу, а абаграваць дом электрычнасьцю аказалася вельмі дорага. Зімой лічыльнік накручвае па 600 рублёў у месяц, гэтак і набралася.

«Толькі за электрычнасьць 10 тысяч рублёў вінен. Ужо хацелі нас адключаць ад сьвятла за даўгі, дык зьвярнуўся ў Энэргазбыт, каб далі адтэрміноўку. Нядаўна прадаў стары аўтамабіль, дык хопіць, каб пакрыць адтэрміноўку ў траўні. Але грошы заканчваюцца. Таму спадзеў на тое, што дом прададзім, з даўгамі разьлічымся і на рэшту набудзем у Менску кватэру», — кажа пра частку жыцьцёвых плянаў рэдактар «Ежедневника» Сяргей Сацук.

У канцы размовы пытаюся пра ўмовы ў ізалятары на вуліцы Валадарскага, дзе журналіста трымалі 10 дзён, перад тым як пракуратура зьмяніла яму меру стрыманьня на падпіску аб нявыезьдзе.

«Мяне як прывезьлі ў „Валадарку“, дык замерылі тэмпэратуру. Аказалася крыху вышэй, чым нармальная. Можа, перахваляваўся, ці што? Хутка тэмпэратура спала, але мяне адразу разьмясьцілі ў мэдычнай частцы. Там і застаўся, у асобнай камэры, адзін. Збольшага нармальна, але было вельмі холадна. Ноччу клаўся апранутым, каб не замерзнуць.

Гэтак 10 дзён, і, вядома, ня думаў, што выйду ў іншае жыцьцё. Крыху ўразіла, калі сьледчы прыходзіў у масцы, адвакат таксама ў масцы. Але не чакаў таго, што ўбачыў на вуліцы: колькі людзей у масках, наколькі менш людзей стала на вуліцах, нават мала аўтамабіляў! Сапраўды, іншае жыцьцё, трэба цяпер прызвычайвацца», — падзяліўся назіраньнямі Сяргей Сацук.

«Справа мэдыкаў». Што важна ведаць

Што здарылася. У чэрвені 2018 году стала вядома пра масавыя затрыманьні ў мэдыцынскай галіне. У дачыненьні да 37 службовых асобаў былі ужытыя розныя меры стрыманьня за злачынствы, прадугледжаныя трыма артыкуламі Крымінальнага кодэксу

  • 430 («Атрыманьне хабару»),
  • 431 («Даваньне хабару»)
  • 243 («Ухіленьне ад выплаты сумаў падаткаў і збораў»)

Усяго ў «справе мэдыкаў» фігуруюць звыш 90 чалавек. Усе яны, як сьцьвярджаюць у КДБ, неаднаразова атрымлівалі незаконныя грашовыя ўзнагароды за садзейнічаньне ў пастаўцы мэдабсталяваньня і мэдыцынскіх прэпаратаў па завышаных цэнах. Усім прыцягнутым да крымінальнай адказнасьці, за выключэньнем апошніх затрыманых, выстаўленыя абвінавачаньні паводле названых крымінальных артыкулаў.

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

  • 11 чэрвеня 2018 году стала вядома пра затрыманьне дырэктара Цэнтру экспэртыз аховы здароўя Аляксандра Сталярова, а таксама ягонага намесьніка (за стварэньне для «сваіх пастаўшчыкоў» прывабных умоў паставак імпартнага мэдычнага абсталяваньня ў дзяржаўныя шпіталі і паліклінікі).​
  • 18 чэрвеня «Ежедневник» паведаміў пра «масавыя затрыманьні ў структурах Мінздароўя» — больш за 10 чалавек — у межах апэрацыі аб пастаўках у беларускія мэдычныя ўстановы абсталяваньня па завышаных цэнах, паводле відавочна ашуканскіх схемаў. Сярод затрыманых аказаўся кіраўнік мэдыцынскай службы Міністэрства абароны Аляксей Яськоў.​
  • 19 чэрвеня МУС паведаміла пра затрыманьне галоўнага патолягаанатама Мінздароўя, кіраўніка гарадзкога клінічнага патолягаанатамічнага цэнтру Аркадзя Пучкова (за хабар цягам 10 год на суму каля 200 тысяч даляраў).​
  • 25 чэрвеня старшыня КДБ Валер Вакульчык паведаміў, што затрыманыя і ўзятыя пад варту 33 службовыя асобы, а ўсяго трапіла пад увагу больш за 50 чалавек. Фактычна ўсе яны віну прызналі і супрацоўнічаюць са сьледзтвам.
  • Паводле намесьніка генпракурора Беларусі Аляксея Стука, сфэра аховы здароўя лідзіруе па колькасьці карупцыйных злачынцаў: 114 за пяць месяцаў 2018 году.
  • 21 ліпеня быў звольнены затрыманы раней намесьнік міністра аховы здароўя Ігар Ласіцкі. Курыраваў пытаньні звароту мэдычных вырабаў у Беларусі і ліцэнзаваньня, за спрыяльнае вырашэньне пытаньняў, паводле КДБ, браў хабар «ад 2500 да 10 тысяч даляраў».
  • 21 жніўня агучаны першы вырак у справе мэдыкаў-карупцыянэраў: былы намесьнік галоўнага лекара па тэхніцы Менскай абласной дзіцячай клінічнай бальніцы Аркадзь Патапаў асуджаны да 6 гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму за карупцыйныя злачынствы.
  • 11 верасьня Аляксандар Лукашэнка заявіў, што па «справе мэдыкаў» распачатыя 95 крымінальных спраў, дзе фігуруюць «дзясяткі мільёнаў даляраў», амаль 100 чалавек трапілі пад сьледзтва.
  • 30 студзеня 2019 году стала вядома Камітэт дзяржаўнай бясьпекі вядзе папярэдняе сьледзтва па 4 крымінальных справах, у межах якіх 93 чалавекі маюць працэсуальныя статусы абвінавачаных і падазраваных: 30 службовых асобаў сыстэмы аховы здароўя і 63 асобы — уласьнікі (заснавальнікі), кіраўнікі і працаўнікі камэрцыйных структураў. У гэты час ужо ішоў шэраг судоў па карупцыйных справах у мэдыцыне.

«Ідзі і грабі». Былы высокапастаўлены чыноўнік Мінздароўя камэнтуе «справу мэдыкаў»

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG