Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Я/мы Сяргей Сацук». БАЖ заклікала падтрымаць арыштаванага журналіста


Сяргей Сацук, галоўны рэдактар выданьня «Ежедневник», архіўнае фота

Беларуская асацыяцыя журналістаў, якая раней заклікала вызваліць затрыманага 25 сакавіка галоўнага рэдактара «Ежедневника» Сяргея Сацука, цяпер таксама заклікае далучацца да кампаніі ў падтрымку журналіста.

БАЖ прапануе:

  • накіраваць асабістыя звароты ў Камітэт дзяржаўнага кантролю з патрабаваньнем вызваліць журналіста (прыклад тут);
  • напісаць самому Сацуку ліст падтрымкі ў СІЗА (адрас: 20030, Менск, вул. Валадарскага, 2, Сяргею Сацуку);
  • выкарыстаць у сацыяльных сетках і на сайтах банэр у падтрымку Сацука (прыклад тут).

Банэры ў падтрымку Сацука БАЖ прапануе паводле таго ж узору, паводле якога ў Расеі рабілі выявы ў падтрымку Івана Галунова, якому ў 2019 годзе паліцыянты падкінулі наркотыкі.

25 сакавіка супрацоўнікі праваахоўных органаў затрымалі ў Менску галоўнага рэдактара онлайн-выданьня «Ежедневник» Сяргея Сацука. Затрыманьне адбылося пасьля 15-й гадзіны, калі Сяргей з жонкай пад’ехалі да крамы будаўнічых матэрыялаў у вёсцы Вялікае Сьціклева.

Пазьней стала вядома, што супраць журналіста завялі крымінальную справу за хабар. Падставай для затрыманьня стала нібыта атрыманьне Сацуком грошай для журналісцкіх расьсьледаваньняў «Ежедневника» больш за год таму.

Сяргей Сацук вядомы сваімі журналісцкімі расьсьледаваньнямі, адно зь іх — сэрыя публікацый у «Ежедневнике» аб карупцыі ў сыстэме аховы здароўя Беларусі.

Рэдакцыя «Ежедневника» лічыць затрыманьне помстай карупцыянэраў.

«Справа мэдыкаў». Што важна ведаць

Што здарылася. У чэрвені 2018 году стала вядома пра масавыя затрыманьні ў мэдыцынскай галіне. У дачыненьні да 37 службовых асобаў былі ужытыя розныя меры стрыманьня за злачынствы, прадугледжаныя трыма артыкуламі Крымінальнага кодэксу

  • 430 («Атрыманьне хабару»),
  • 431 («Даваньне хабару»)
  • 243 («Ухіленьне ад выплаты сумаў падаткаў і збораў»)

Усяго ў «справе мэдыкаў» фігуруюць звыш 90 чалавек. Усе яны, як сьцьвярджаюць у КДБ, неаднаразова атрымлівалі незаконныя грашовыя ўзнагароды за садзейнічаньне ў пастаўцы мэдабсталяваньня і мэдыцынскіх прэпаратаў па завышаных цэнах. Усім прыцягнутым да крымінальнай адказнасьці, за выключэньнем апошніх затрыманых, выстаўленыя абвінавачаньні паводле названых крымінальных артыкулаў.

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

  • 11 чэрвеня 2018 году стала вядома пра затрыманьне дырэктара Цэнтру экспэртыз аховы здароўя Аляксандра Сталярова, а таксама ягонага намесьніка (за стварэньне для «сваіх пастаўшчыкоў» прывабных умоў паставак імпартнага мэдычнага абсталяваньня ў дзяржаўныя шпіталі і паліклінікі).​
  • 18 чэрвеня «Ежедневник» паведаміў пра «масавыя затрыманьні ў структурах Мінздароўя» — больш за 10 чалавек — у межах апэрацыі аб пастаўках у беларускія мэдычныя ўстановы абсталяваньня па завышаных цэнах, паводле відавочна ашуканскіх схемаў. Сярод затрыманых аказаўся кіраўнік мэдыцынскай службы Міністэрства абароны Аляксей Яськоў.​
  • 19 чэрвеня МУС паведаміла пра затрыманьне галоўнага патолягаанатама Мінздароўя, кіраўніка гарадзкога клінічнага патолягаанатамічнага цэнтру Аркадзя Пучкова (за хабар цягам 10 год на суму каля 200 тысяч даляраў).​
  • 25 чэрвеня старшыня КДБ Валер Вакульчык паведаміў, што затрыманыя і ўзятыя пад варту 33 службовыя асобы, а ўсяго трапіла пад увагу больш за 50 чалавек. Фактычна ўсе яны віну прызналі і супрацоўнічаюць са сьледзтвам.
  • Паводле намесьніка генпракурора Беларусі Аляксея Стука, сфэра аховы здароўя лідзіруе па колькасьці карупцыйных злачынцаў: 114 за пяць месяцаў 2018 году.
  • 21 ліпеня быў звольнены затрыманы раней намесьнік міністра аховы здароўя Ігар Ласіцкі. Курыраваў пытаньні звароту мэдычных вырабаў у Беларусі і ліцэнзаваньня, за спрыяльнае вырашэньне пытаньняў, паводле КДБ, браў хабар «ад 2500 да 10 тысяч даляраў».
  • 21 жніўня агучаны першы вырак у справе мэдыкаў-карупцыянэраў: былы намесьнік галоўнага лекара па тэхніцы Менскай абласной дзіцячай клінічнай бальніцы Аркадзь Патапаў асуджаны да 6 гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму за карупцыйныя злачынствы.
  • 11 верасьня Аляксандар Лукашэнка заявіў, што па «справе мэдыкаў» распачатыя 95 крымінальных спраў, дзе фігуруюць «дзясяткі мільёнаў даляраў», амаль 100 чалавек трапілі пад сьледзтва.
  • 30 студзеня 2019 году стала вядома Камітэт дзяржаўнай бясьпекі вядзе папярэдняе сьледзтва па 4 крымінальных справах, у межах якіх 93 чалавекі маюць працэсуальныя статусы абвінавачаных і падазраваных: 30 службовых асобаў сыстэмы аховы здароўя і 63 асобы — уласьнікі (заснавальнікі), кіраўнікі і працаўнікі камэрцыйных структураў. У гэты час ужо ішоў шэраг судоў па карупцыйных справах у мэдыцыне.

«Ідзі і грабі». Былы высокапастаўлены чыноўнік Мінздароўя камэнтуе «справу мэдыкаў»

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG