Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палітычная ахвяра каранавірусу. Што стаіць за справай Сяргея Сацука


Сяргей Сацук, галоўны рэдактар выданьня «Ежедневник» (архіўнае фота)

Мяркуючы па ўсім, журналіст трапіў пад кампанію барацьбы з фэйкамі пра каранавірус.

Сьцісла:

  • Непрыемнасьці ў Сацука пачаліся тады, калі ён пачаў пісаць пра карупцыю ў сыстэме аховы здароўя.
  • Журналіста, падобна, арыштавалі за эпізод, які нібыта адбыўся больш за год таму.
  • «Сілавікі» выконваюць загад Лукашэнкі разабрацца з фэйкамі. А Сацук трапіў пад руку.
  • Паводле дэкрэту № 3 ад 10 траўня 2019 году, у хабарніцтве цяпер можна абвінаваціць абсалютна любога чалавека.

Рэпрэсіямі супраць незалежных мэдыя ў Беларусі нікога ня зьдзівіш. Яны адбываюцца рэгулярна. Яшчэ ва ўсіх у памяці гучная і скандальная «справа БелТА».

Але нават на гэтым тле кейс Сяргея Сацука выглядае пэўным эксклюзівам. Журналіста, які пісаў пра карупцыю, арыштоўваюць за карупцыю, за тое, што нібыта атрымаў хабар. Дзіва дзіўнае. Які-небудзь іншаземец увогуле не зразумее, як такое можа быць. Але ў Беларусі здараліся і не такія дзівосы.

Непрыемнасьці ў Сацука пачаліся тады, калі ён пачаў пісаць пра карупцыю ў сыстэме аховы здароўя. Прычым пасьля таго, як пра грандыёзны скандал у гэтай сфэры паведаміў сам Лукашэнка, КДБ рэгулярна апавядаў пра сутнасьць справы, шмат публікавалі дзяржаўныя мэдыя. Але тое, што дазволена ўладам, не дазволена незалежным СМІ. Бо апошнія ня ведаюць межаў, далей за якія заходзіць нельга, не разумеюць, каго можна чапаць, а каго не. Мяркуючы па ўсім, Сацук перайшоў гэтыя межы і ў выніку стаў аб’ектам выкрывальніцкіх публікацый у дзяржаўных мэдыя.

Тут цікава супаставіць даты. Матэрыял супраць Сацука ў «Советской Белоруссии» зьявіўся 9 красавіка 2019 году. У ім журналіст абвінавачваўся ў тым, што ён нібыта за грошы дапамагаў устараняць канкурэнтаў. Але галаслоўна, бяз фактаў.

Сюжэт на тэлеканале «Беларусь-1», у якім нібыта Сацук атрымлівае грошы ад бізнэсоўца Віктара Мядзьведзкага (які на той момант знаходзіўся за кратамі), прайшоў 22 жніўня 2019 году. Але сам факт перадачы грошай, паводле таго сюжэту, здарыўся 4 студзеня 2019 году.

Такім чынам, па вэрсіі праваахоўных органаў, якія вялі апэратыўныя відэаздымкі і перадалі іх БТ, «злачынства» адбылося больш за год таму. Чаму ж адразу па гарачых сьлядах не распачалі крымінальную справу? Мусіць, не было адмашкі з узроўню, на якім прымаюцца палітычная рашэньні. Бо рэпрэсіі супраць журналіста — гэта заўсёды палітычны скандал, на які без асаблівай неабходнасьці ўлады вырашылі не ісьці.

Чаму цяпер справе далі ход? Выкажу гіпотэзу, якая шмат што тлумачыць.

21 сакавіка падчас нарады аб захадах супраць каранавірусу Лукашэнка абурыўся публікацыямі ў незалежных мэдыя, якія «сеюць паніку», і даручыў КДБ разабрацца зь «нягоднікамі, якія ўкідваюць гэтыя фэйкі». Ён заявіў: «Хопіць на гэта глядзець. Трэба добра прайсьціся па гэтых сайтах, каналах... Навошта яны людзей атручваюць?.. Чаму мы праходзім міма такіх людзей, якія робяць гэта наўмысна?»

КДБ пачаў працу. Зачапіцца няма за што, а загад кіраўніка дзяржавы выконваць трэба. Пачалі шукаць ахвярнага казла, каб можна было адрапартаваць. Хто больш за ўсё ганіў беларускую мэдыцыну, пісаў пра карупцыю там? Сацук. Гэта на тле запэўніваньняў дзяржаўных мэдыя, што беларуская мэдыцына — найлепшая ў сьвеце, у краіне няма ніводнай сьмерці ад каранавірусу. Вось і выцягнулі з доўгай скрыні леташнюю справу.

Такім чынам, мяркуючы па ўсім, Сацук трапіў пад кампанію барацьбы з фэйкамі пра карана вірус. Гэтая справа павінна выканаць важную палітычную задачу. Хто цяпер асьмеліцца ўсумніцца ў праўдзівасьці інфармацыі Міністэрства аховы здароўя пра сытуацыю з каранавірусам? Асабліва з улікам таго, што самыя драматычныя падзеі ў гэтай сфэры яшчэ наперадзе.

Цяпер што тычыцца юрыдычнага боку справы. Доўгі час абвінавачваць у хабары маглі толькі службовую асобу, то бок дзяржаўнага чыноўніка. Але 10 траўня 2019 году Лукашэнка выдаў дэкрэт № 3 «Аб дадатковых мерах па барацьбе з карупцыяй». Паводле яго, паняцьце «карупцыя» моцна пашырылася. Цяпер да службовых асобаў, якія могуць быць абвінавачаныя, што бралі хабар, прыраўноўваюцца «асобы, упаўнаважаныя ў вызначаным парадку на правядзеньне юрыдычна значных дзеяньняў». З такім пашыраным тлумачэньнем у хабарніцтве цяпер можна абвінаваціць абсалютна любога чалавека. І любая перадача грошай адным грамадзянінам другому можа быць ацэненая як хабар. А, як вядома, беларускія суды апраўдальных прысудаў практычна не выносяць.

Калі выкладзеная вэрсія слушная, то Сацук стаў першай палітычнай ахвярай каранавірусу.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG