Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Міліцыя загадала нічога не казаць, з дому не выходзіць». У Гомлі новыя падазрэньні на каранавірус


Машына хуткай дапамогі ў Гомлі, на якой жанчыну і мужчыну сталага веку забралі і павезьлі ў бок інфэкцыйнага шпіталя. 25 сакавіка 2020 году
Машына хуткай дапамогі ў Гомлі, на якой жанчыну і мужчыну сталага веку забралі і павезьлі ў бок інфэкцыйнага шпіталя. 25 сакавіка 2020 году

У Гомлі міліцыя ўключылася ў барацьбу з каранавірусам. У адным з дамоў, дзе ўчора праводзілі санітарную апрацоўку праз падазрэньне на каранавірус у адной з жыхарак, міліцыя абышла ўсіх жыхароў. Супрацоўнікі сілавой структуры загадалі жыхарам «нікому нічога не казаць» і не выходзіць з дому.

Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>

Маладая дзяўчына, жыхарка Гомля, на мінулым тыдні вярнулася з Францыі. На мяжы ў яе ўзялі мазок і адправілі дахаты. Учора, 24 сакавіка, дзяўчыну забралі з падазрэньнем на каранавірус. У пад’езьдзе дому, дзе яна жыла, мэдыкі правялі дэзынфэкцыю. На дзьвярах зьмясьцілі абвестку.

Абвестка на дзьвярах дома ў Гомлі
Абвестка на дзьвярах дома ў Гомлі

Раней Аляксандар Лукашэнка даў даручэньне міністру ўнутраных справаў Юрыю Караеву «дапамагаць змагацца з каранавірусам». «Ня трэба нікога напружваць, нікога хапаць. Хлебчыка і малака купіць і занесьці», — даручыў кіраўнік дзяржавы.

«Іншаплянэтнікі! Мы столькі адрэналіну атрымалі!»

Адна з жыхарак дому расказала Свабодзе пра ўчорашнія падзеі.

«Мы ўжо ведалі, што суседку нашу забралі. Чакалі мэдыкаў для дэзынфэкцыі падʼезду. Але як убачылі іх, божа мой! Іншаплянэтнікі! Мы ўсе схапілі адрэналіну. Працавалі яны апэратыўна, старанна — усё апрацавалі, дзьверы, вокны, ліфт, пляцоўку. Мы і да гэтага, на сваю ініцыятыву, калі пачалася пандэмія, самі рабілі дэзынфэкцыю з суседкамі па чарзе, усё мылі, са сродкамі», — кажа жанчына.

Цяпер у яе кватэры пахне хлёркай. Жанчына сама апрацоўвае памяшканьне. Пра маладую суседку яна кажа, што тая езьдзіла ў Францыю, прыкладна ў мінулую сераду вярнулася.

«Мы з суседзямі жывём дружна, але яе маці мы папярэдзілі, каб дзяўчына да нас не заходзіла, ці мала што, у нас малыя дзеці. Маці дзяўчыны сказала, што вядома, яна ўсё разумее. І мы дзяўчыну ня бачылі, толькі ведаем, што ўчора яе забралі», — зазначыла жанчына.

«Міліцыя сказала, што цяпер мы пад кантролем»

Паводле суразмоўцы, учора пасьля 22.00 да ўсіх суседзяў прыходзіла міліцыя.

«Яны перапісвалі ўсе нашы дадзеныя, супакойвалі, сказалі, што мы цяпер пад кантролем. І калі што — каб выклікалі „хуткую“, і нас завязуць адразу ў інфэкцыйны шпіталь. Міліцыя сказала, што нашы сьпісы будуць у мэдыкаў і што мы цяпер на карантыне, самаізаляцыі, і каб, пажадана, нікуды не хадзілі, нікому нічога не апавядалі», — дадала суседка.

Ранкам 25 сакавіка, паводле яе, прыехала «хуткая» па маці дзяўчыны, якая была ў Францыі.

«Звычайная „хуткая“. Толькі калі яе садзілі ў машыну, то прапанавалі надзець маску», — узгадала суседка.

Яна сама зьвярталася ў паліклініку з тэмпэратурай. «Там вельмі апэратыўна мне зрабілі аналізы, рэнтген, сказалі, што баяцца няма чаго, каранавірусу ў нас няма і быць ня можа. Прымаюць хутка, арганізавана, усе ў масках, трымаюць адлегласьць», — кажа жыхарка Гомля.

«Нічога не адбываецца! У нас усё добра!»

Ад жыхароў іншага шматпавярховага дому ў спальным раёне Гомля паступіла інфармацыя, што ў іхным падʼезьдзе ўчора праходзіла дэзынфэкцыя. З адной з кватэраў «хуткая» забрала з падазрэньнем на каранавірус маладую дзяўчыну, якая лятала раней у Лёндан.

Ля падʼезду карэспандэнты Свабоды сустрэлі сталую жанчыну. Яна зьняпраўдзіла інфармацыю, што адтуль забіралі маладую дзяўчыну і што праходзіла санітарная апрацоўка.

«Гэта ўсё няпраўда. У нас усё добра», — злосна адказала жыхарка дому. Празь некалькі хвілін да падʼезду падʼехала «хуткая», прычым яе супрацоўнікі былі ўбраныя ў ахоўныя касьцюмы.

Жанчыну і мужчыну сталага веку, які выйшаў з падʼезду, забралі на гэтай «хуткай» і павезьлі ў бок інфэкцыйнага шпіталя.

Свабодзе не ўдалося атрымаць камэнтар ні ў прэс-службе Мінздароўя, ні ў Гомельскім аблвыканкаме.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG