Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зьявілася тэставая вэрсія сайту для галасаваньня на апазыцыйных праймэрыз. Абіраць можна з 3 кандыдатураў

абноўлена

Удзельнікі праймэрыз, зьлева направа: старшыня руху «За Свабоду» Юрась Губарэвіч, сустаршыня БХД Вольга Кавалькова і старшыня АГП Мікалай Казлоў на мітынгу да Дня Волі ў 2019 годзе
Удзельнікі праймэрыз, зьлева направа: старшыня руху «За Свабоду» Юрась Губарэвіч, сустаршыня БХД Вольга Кавалькова і старшыня АГП Мікалай Казлоў на мітынгу да Дня Волі ў 2019 годзе

25 сакавіка пачаў працаваць сайт для галасаваньня на праймэрыз апазыцыйных кандыдатаў — prezident21by.org. Як удакладнілі пазьней арганізатары, пакуль гэта толькі тэставая вэрсія сайту для галасаваньня.

Яго стваральнікі просяць пакуль ня ўдзельнічаць у галасаваньні, бо тыя галасы, якія будуць адпраўленыя да афіцыйнага старту онлайн-галасаваньня, ня будуць улічаныя. Разам з тым, калі хтосьці ўсё ж прагаласуе і ў яго будуць заўвагі адносна працы сайту, просяць дасылаць інфармацыю пра гэта арганізатарам.

На сайце можна будзе прагаласаваць онлайн у сакавіку–красавіку 2020 году за аднаго з трох кандыдатаў:

  • Вольга Кавалькова (сустаршыня аргкамітэту партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя»),
  • Юрась Губарэвіч (старшыня руху «За Свабоду» ),
  • Мікалай Казлоў (лідэр Аб’яднанай грамадзянскай партыі).

Галасаваньне на сайце адбываецца двума спосабамі:

  • Галоўны — галасаваньне «за», якое залічыцца пры абраньні адзінага кандыдата.
  • Дадатковы — галасаваньне, пры якім можна аддаць два галасы «за» двух кандыдатаў і «супраць» яшчэ аднаго. Яно ня пойдзе ў залік, але пакажа, хто з палітыкаў ёсьць кампраміснай фігурай.

Каб прагаласаваць, на сайце трэба ўвесьці свой тэлефонны нумар, на які прыйдзе адмысловы код, пасьля якога можна атрымаць доступ да апытаньня. Галасаваць паўторна з аднаго і таго ж тэлефоннага нумару нельга.

Як зазначаецца на сайце, «удзельнікі галасаваньня даюць згоду на ўдзел у ініцыятыўнай групе адзінага кандыдата і лічаць удзел дзейнага кіраўніка дзяржавы ў выбарах незаконным».

24 студзеня стала вядома, што правацэнтрысцкая кааліцыя апазыцыі будзе вылучаць адзінага кандыдата на выбары прэзыдэнта. Зрабіць гэта плянавалі шляхам праймэрыз. Праз 53 дні кааліцыя перастала існаваць, зь яе выйшлі адразу два кандыдаты.

16 сакавіка з праймэрыз зьняўся сустаршыня Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі Павал Севярынец, які лічыўся фаварытам паводле вынікаў першых галасаваньняў. 17 сакавіка сваю кандыдатуру зьняў намесьнік старшыні Партыі БНФ Аляксей Янукевіч — партыя ўхваліла такое рашэньне праз «разбуранае адзінства ўнутры кааліцыі», канфлікт Севярынца і лідэра руху «За свабоду» Юрася Губарэвіча, а таксама праз ранейшы нядопуск да праймэрыз экс-дэпутаткі Палаты прадстаўнікоў Ганны Канапацкай.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG