Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Люксэмбург стаў першай у сьвеце краінай зь бясплатным грамадзкім транспартам


У Люксэмбургу з 29 лютага адмененая плата за праезд на ўсіх відах грамадзкага транспарту. Гэта першы ў сьвеце выпадак, калі транспарт стаў бясплатным на тэрыторыі цэлай краіны.

Мера была прадпрынятая ў рамках барацьбы з скарачэньнем беднасьці і для разгрузкі дарог, — паведамляе Luxembourg Times.

Дагэтуль падобныя захады былі зробленыя ў Эстоніі, дзе ў 2013 годзе ў сталіцы краіны Таліне грамадзкі трэнспарт зрабілі бясплатным для жыхароў гораду. Пасьля гэты досьвед пашырыўся і на іншыя рэгіёны краіны.

У герцагстве Люксэмбург расьце сацыяльная няроўнасьць, нягледзячы на самыя высокія сярэднія зарплаты ў Эўразьвязе, 13% работнікаў і 10% пэнсіянэраў жывуць пад пагрозай беднасьці. Бясплатны транспарт стаў часткай кааліцыйнай угоды ў парлямэнце, якая прадугледжвае таксама павышэньне мінімальнай зарплаты і фінансаваньне дапамогі падданым для атрыманьня вышэйшай адукацыі.

Акрамя таго, у краіне налічваецца найбольшая колькасьць аўтамабіляў на душу насельніцтва ў Эўразьвязе. Туды езьдзяць на працу таксама каля 200 тысяч чалавек з суседніх Нямеччыны, Францыі і Бэльгіі. Гэта прыводзіць да шматлікіх шматгадзінных затораў. Улады спадзяюцца перасадзіць частку аўтамабілістаў на грамадзкі транспарт.

Аплата бясплатнага транспарту абыдзецца падаткаплатнікам у 41 мільён эўра ў год. Ня ўсе жыхары гэтым задаволеныя, адзначае Luxembourg Times. «Ня кожная краіна можа дазволіць выкінуць 41 мільён эўра на нешта, чаго ніхто не прасіў», — цытуе выданьне прафэсара мясцовага ўнівэрсытэту.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG