Названыя 9 клінік, дзе ў Менску абяцаюць зрабіць платны экспрэс-тэст на COVID-19
Міністэрства аховы здароўя Беларусі назвала ў Telegram менскія клінікі, у якіх ад 9 ліпеня робяць платныя тэсты на антыцелы да новага каранавірусу SARS-CoV-2.
Тэсты робяць у дзяржаўных паліклініках №№ 3, 6, 8, 14, 25, 29, 33, 35 і 38. Першая зь іх паведамляе, што тэст каштуе 22 рублі 51 капейку (за тое, каб вынікі прыйшлі ня ў клініку па месцы жыхарства, а на электронную пошту, просяць яшчэ 1 рубель 15 капеек). Кроў бяруць зь вены, пры сабе трэба мець пашпарт. Цалкам чытайце тут.
187 новых выпадкаў і 6 сьмерцяў. Афіцыйная статыстыка COVID-19 у Беларусі на 9 ліпеня
Паводле Міністэрства аховы здароўя, на 9 ліпеня ў Беларусі:
- агулам 64 411 чалавек са станоўчым тэстам на COVID-19 (у іх лік уваходзяць тыя, хто паправіўся і хто памёр);
- 449 памерлі, з памерлых усе, як піша міністэрства, былі «з шэрагам хранічных захворваньняў» і каранавіруснай інфэкцыяй (шматлікія родзічы памерлых кажуць, што гэта ня так — паміралі і без хранічных хваробаў);
- 53 609 пацыентаў паправіліся і выпісаныя пасьля COVID-19;
- гэта значыць, за дзень выявілі яшчэ 187 выпадкаў і прызналі яшчэ 6 сьмерцяў, выпісалі 755 чалавек;
- такім чынам, колькасьць «актыўных выпадкаў» зьменшылася на 125, цяпер хворых у афіцыйнай статыстыцы 10 802;
- ад пачатку эпідэміі ў краіне зрабілі 1 099 571 тэст (гэта 12 326 за дзень, днём раней было каля 9 тысяч);
- колькі пацыентаў у цяжкім стане ці на штучнай вэнтыляцыі лёгкіх, а таксама колькі хворых выпісалі дамоў на «амбуляторнае лячэньне», не паведамляюць.
Новы карантын ва Ўзбэкістане: зноў зачынілі крамы, рынкі, мячэці і спартовыя залі
З 10 ліпеня па 1 жніўня карантын ва Ўзбэкістане зноў зрабілі больш жорсткім: абмежавалі рух транспарту, забаранілі праводзіць масавыя мерапрыемствы і вясельлі, зачынілі паркі, рынкі, буйныя крамы і спартзалы. Старэйшым за 65 гадоў жыхарам забаранілі ў бліжэйшыя тры тыдні выходзіць на вуліцу.
Паводле дадзеных на 8 ліпеня, ва Ўзбэкістане на COVID-19 захварэлі больш за 11 тысяч чалавек. За апошнія суткі быў зафіксаваны новы дзённы рэкорд выяўленых выпадкаў – 422, усяго з пачатку пандэміі памерлі 47 чалавек.
Напярэдадні прадстаўнік рэспубліканскага штабу барацьбы з COVID-19 Хабібула Акілаў заявіў, што Міністэрства аховы здароўя Узбэкістану вычарпала свае рэсурсы: шпіталі для пацыентаў з каранавірусам перапоўненыя, месцаў у іх не засталося. Паводле яго слоў, калі ў дзень пачнуць выяўляць больш за 1000 выпадкаў, то ў сыстэме аховы здароўя Ўзбэкістану адбудзецца "поўны каляпс".
187 новых выпадкаў і 6 сьмерцяў. Афіцыйная статыстыка COVID-19 у Беларусі на 9 ліпеня
Паводле Міністэрства аховы здароўя, на 9 ліпеня ў Беларусі:
- агулам 64 411 чалавек са станоўчым тэстам на COVID-19 (у іх лік уваходзяць тыя, хто паправіўся і хто памёр);
- 449 памерлі, з памерлых усе, як піша міністэрства, былі «з шэрагам хранічных захворваньняў» і каранавіруснай інфэкцыяй (шматлікія родзічы памерлых кажуць, што гэта ня так — паміралі і без хранічных хваробаў);
- 53 609 пацыентаў паправіліся і выпісаныя пасьля COVID-19;
- гэта значыць, за дзень выявілі яшчэ 187 выпадкаў і прызналі яшчэ 6 сьмерцяў, выпісалі 755 чалавек;
- такім чынам, колькасьць «актыўных выпадкаў» зьменшылася на 125, цяпер хворых у афіцыйнай статыстыцы 10 802;
- ад пачатку эпідэміі ў краіне зрабілі 1 099 571 тэст (гэта 12 326 за дзень, днём раней было каля 9 тысяч).
«Будзе вызначана захадамі, якія робяцца ў краіне». САЗ пра другую хвалю COVID-19 у Беларусі
У Сусьветнай арганізацыі здароўя сказалі, што ня могуць прадказаць другую хвалю каранавірусу ў асобнай краіне, у тым ліку ў Беларусі. На пытаньні карэспандэнта Свабоды адказаў афіцыйны прадстаўнік Эўрапейскага бюро САЗ Джэймз Крэсўік.
Ці дастаткова Беларусь гатовая да другой хвалі і што рэамэндуе САЗ, чытайце па спасылцы.
Беларусь і МВФ ня могуць дамовіцца пра «каранавірусны крэдыт»
Міжнародны валютны фонд працягвае перамовы зь беларускімі ўладамі аб пазыцы ў памеры 940 млн даляраў на барацьбу з каранавірусам. Але захоўваецца шэраг рознагалосьсяў.
Пры гэтым Аляксандар Лукашэнка 19 чэрвеня заявіў, што краіна ня будзе выконваць патрабаваньняў МВФ. Ён заявіў, што дадатковыя ўмовы, якія ня тычацца фінансавай часткі пагадненьня, непрымальныя.
Брытанец, які прыяжджаў у Менск на парад, захварэў на COVID-19 і ледзь не памёр
Брытанец Бэнджамін Рыч езьдзіць па краінах былога СССР, здымае пра іх гісторыі і вядзе канал Bald and Bankrupt, у якога амаль 2 мільёны падпісчыкаў на Youtube. У канцы красавіка ён прыехаў у Менск, каб трапіць на парад Перамогі ў краіне, дзе не было локдаўну. Нядаўна падпісчыкі блогера заўважылі, што ён прапаў. Высьветлілася, той захварэў COVID-19 і некалькі тыдняў правёў у лякарні, зь іх дзевяць дзён — у рэанімацыі.
«Калі ласка, успрымайце хваробу сур'ёзна і не рабіце памылак, якія дапусьціў я», — напісаў Бэнджамін Рыч ў апісаньні да свайго новага відэа. Блогер лічыць, што захварэў у Сэрбіі. Цалкам чытайце па спасылцы.
193 новыя выпадкі і 5 сьмерцяў. Афіцыйная статыстыка COVID-19 у Беларусі на 10 ліпеня
Паводле Міністэрства аховы здароўя, на 10 ліпеня ў Беларусі:
- агулам 64 604 чалавекі са станоўчым тэстам на COVID-19 (у іх лік уваходзяць тыя, хто паправіўся і хто памёр);
- 454 памерлі, з памерлых усе, як піша міністэрства, былі «з шэрагам хранічных захворваньняў» і каранавіруснай інфэкцыяй (шматлікія родзічы памерлых кажуць, што гэта ня так — паміралі і без хранічных хваробаў);
- 54 254 пацыенты паправіліся і выпісаныя пасьля COVID-19;
- гэта значыць, за дзень выявілі яшчэ 193 выпадкі і прызналі яшчэ 5 сьмерцяў, выпісалі 645 чалавек;
- такім чынам, колькасьць «актыўных выпадкаў» зьменшылася на 457, цяпер хворых у афіцыйнай статыстыцы 9896;
- ад пачатку эпідэміі ў краіне зрабілі 1 111 614 тэстаў (гэта 12 043 за дзень, зь іх пасьпяховыя 1,6%, хоць 6 і 7 ліпеня было 4% і 5%).
Лукашэнка: праз тыдзень-два мы забудзем пра каранавірус
Такую заяву кіраўнік Беларусі зрабіў сёньня падчас выступу перад працаўнікамі менскага вытворчага аб’яднаньня «Атлянт».
Сярод іншага, ён сказаў, што ў Беларусі заробкі прыватных фірмаў павінны быць не ніжэйшыя за ўзровень дзесяці вядучых прадпрыемстваў дзяржаўнага сэктару, такіх як МАЗ, «Атлянт» і іншых.
Закрануў кіраўнік краіны і тэму пандэміі, карантыну і локдаўну ў розных краінах сьвету. На ягоную думку, Беларусь зрабіла правільна, што не спыняла вытворчасьці. Перайшоўшы на беларускую мову, Лукашэнка сказаў, што калі сьвет, «як у народзе кажуць скукарожыўся», мы выстаялі, вырабілі прадукцыю, і цяпер маем што прадаваць тым, хто выходзіць з карантыну.
Таксама Лукашэнка агучыў прагноз у справе эпідэміі ў Беларусі. Праз тыдзень-два, як кажуць мне лекары, мы перастанем адчуваць і размаўляць на тэму каранавірусу, — сказаў ён.
Пратэсты ў Бялградзе: пасьля сутыкненьняў паліцыя разагнала дэманстрантаў сьлезацечным газам
Вечарам 10 ліпеня ў сталіцы Сэрбіі адбыліся жорсткія сутыкненьні дэманстрантаў з паліцыяй пад будынкам парлямэнту. Нагодай да пратэсту стала ўвядзеньне камэнданцкага часу ў сувязі з пандэміяй каранавірусу.
Як расказвае Радыё Свабодная Эўропа, некалькі сотняў хуліганаў нападалі на паліцыю пад будынкам парлямэнту ў Бялградзе. Акцыя пачыналася мірна, у ёй удзельнічалі тысячы грамадзянаў, але пасьля пачатку сутыкненьняў асноўная частка дэманстрантаў адышла ад хуліганаў і назірала за бойкамі здалёк.
Група хуліганаў каля 9-й вечара пачала кідаць пэтарды, дымавыя шашкі і бутэлькі ў галоўны ўваход у парлямэнт, замінала журналістам здымаць гэта. Яны выкрыквалі лёзунгі супраць прэзыдэнтаў Сэрбіі і Чарнагорыі, супраць незалежнасьці Косава, скандавалі імя асуджанага за ваенныя злачынствы Ратка Младзіча. У паліцыю кідалі бутэлькі, камяні і пэтарды.
163 новыя выпадкі і 5 прызнаных сьмерцяў. Афіцыйная статыстыка COVID-19 у Беларусі на 11 ліпеня
Паводле Міністэрства аховы здароўя, на 11 ліпеня ў Беларусі:
- агулам 64 767 чалавекі са станоўчым тэстам на COVID-19 (у іх лік уваходзяць тыя, хто паправіўся і хто памёр);
- 459 памерлі, з памерлых усе, як піша міністэрства, былі «з шэрагам хранічных захворваньняў» і каранавіруснай інфэкцыяй (шматлікія родзічы памерлых кажуць, што гэта ня так — паміралі і без хранічных хваробаў);
- 54 919 пацыенты паправіліся і выпісаныя пасьля COVID-19;
- гэта значыць, за дзень выявілі яшчэ 163 выпадкі (апошні раз было менш 7 красавіка) і прызналі яшчэ 5 сьмерцяў, выпісалі 665 чалавек;
- такім чынам, колькасьць «актыўных выпадкаў» зьменшылася на 507, цяпер хворых у афіцыйнай статыстыцы 9389;
- ад пачатку эпідэміі ў краіне зрабілі 1 123 158 тэстаў (гэта 11 244 за дзень, зь іх станоўчыя 1,41% — рэкордна малы адсотак за ўвесь час);
- колькі пацыентаў у цяжкім стане ці на штучнай вэнтыляцыі лёгкіх, а таксама колькі хворых выпісалі дамоў на «амбуляторнае лячэньне», не паведамляюць.
Гэтым лічбам выказваюць недавер валянтэры і некаторыя мэдыкі, лічбы зьдзіўляюць знаёмых з законамі матэматычнай статыстыкі.
«Спартовы лад жыцьця дапамог майму дзеду ўратавацца ад каранавірусу», — тайбаксэр Дзьмітры Валент
Адзін з наймацнейшых беларускіх тайбаксэраў Дзьмітры Валент расказаў Свабодзе, як эпідэмія каранавірусу закранула ягоную сям’ю і парушыла пляны на чарговы чэмпіёнскі пояс.
165 новых выпадкаў і 5 прызнаных сьмерцяў. Афіцыйная статыстыка COVID-19 у Беларусі на 12 ліпеня
Паводле Міністэрства аховы здароўя, на 12 ліпеня ў Беларусі:
- агулам 64 932 чалавекі са станоўчым тэстам на COVID-19 (у іх лік уваходзяць тыя, хто паправіўся і хто памёр);
- 464 памерлі, з памерлых усе, як піша міністэрства, былі «з шэрагам хранічных захворваньняў» і каранавіруснай інфэкцыяй (шматлікія родзічы памерлых кажуць, што гэта ня так — паміралі і без хранічных хваробаў);
- 55 380 пацыенты паправіліся і выпісаныя пасьля COVID-19;
- гэта значыць, за дзень выявілі яшчэ 165 выпадкаў і прызналі яшчэ 5 сьмерцяў, выпісалі 461 чалавека;
- такім чынам, колькасьць «актыўных выпадкаў» 9088;
- ад пачатку эпідэміі ў краіне зрабілі 1 134 653 тэсты;
- колькі пацыентаў у цяжкім стане ці на штучнай вэнтыляцыі лёгкіх, а таксама колькі хворых выпісалі дамоў на «амбуляторнае лячэньне», не паведамляюць.
COVID-19 у сьвеце: многія краіны вяртаюць абмежаваньні
Ва Ўсходняй Эўропе многія краіны вяртаюцца да абмежавальных захадаў, што часам выклікае пратэст. Людзі прывозяць вірус з адпачынку. Агляд сытуацыі з каранавірусам у сьвеце на 13 ліпеня.
У Казахстане — дзень жалобы па памерлых ад COVID. Іх прэзыдэнт: «Гэта наша агульная трагедыя»
13 ліпеня, у Казахстане — дзень агульнанацыянальнай жалобы ў памяць пра ахвяраў эпідэміі каранавірусу. У дзень жалобы адмененыя забаўляльныя мерапрыемствы і перадачы. У найбуйнейшых мячэцях краіны прачытаюць памінальныя малітвы, а ў храмах пройдуць набажэнствы і паніхіды.
Паводле афіцыйных дадзеных, колькасьць тых, хто захварэлі каранавіруснай інфэкцыяй у краіне наблізілася да 60 000. У краіне за апошнія суткі каранавірус пацьвердзіўся яшчэ ў 1 646 чалавек. Цалкам чытайце тут.
Мёд і крыніца. Лукашэнка назваў новы «рэцэпт» ад каранавірусу
Падчас візыту ў Слаўгарадзкі раён 13 ліпеня Аляксандар Лукашэнка наведаў Блакітную крыніцу (таксама вядомую як Сіні калодзеж), што ў 4 км на поўнач ад вёскі Дубна. Там ён агучыў чарговы сумнеўны «сродак ад каранавірусу». «Сюды трэба прыяжджаць ад пандэміі лячыцца. Мёду пакаштаваў, акунуўся…» — перадае словы Лукашэнкі ягоная прэс-служба, якая адзначае, што ён заявіў гэта «з доляй гумару».
Даказана эфэктыўных лекаў ад COVID-19, як і вакцыны ад вірусу SARS-CoV-2, па-ранейшаму няма — існуюць толькі экспэрымэнтальныя патэнцыйныя лекі, распрацоўваюцца патэнцыйныя вакцыны. Цалкам чытайце тут.
Армэнія чацьвёрты раз працягвае рэжым надзвычайнага становішча
Урад Армэніі сёньня на пазачарговым пасяджэньні ўхваліў працяг яшчэ на месяц, да 12 жніўня, рэжыму надзвычайнага становішча, уведзенага ў краіне з 16 сакавіка ў сувязі з эпідэміяй каранавірусу. Гэта ўжо чацьвёртае падаўжэньне рэжыму надзвычайнага становішча.
Паводле заканадаўства Армэніі, толькі надзвычайнае становішча дазваляе ўладам забясьпечыць абавязковае нашэньне масак у грамадзкіх месцах ды іншыя антывірусныя захады.
Ужо больш за 65 тысяч выпадкаў. Афіцыйная статыстыка COVID-19 у Беларусі на 13 ліпеня
Паводле Міністэрства аховы здароўя, на 13 ліпеня ў Беларусі:
- агулам 65 114 чалавек са станоўчым тэстам на COVID-19 (у іх лік уваходзяць тыя, хто паправіўся і хто памёр);
- 468 памерлі, з памерлых усе, як піша міністэрства, былі «з шэрагам хранічных захворваньняў» і каранавіруснай інфэкцыяй (шматлікія родзічы памерлых кажуць, што гэта ня так — паміралі і без хранічных хваробаў);
- 55 492 пацыенты паправіліся і выпісаныя пасьля COVID-19;
- гэта значыць, за дзень выявілі яшчэ 182 выпадкі і прызналі яшчэ 4 сьмерці, выпісалі 112 чалавек;
- такім чынам, колькасьць «актыўных выпадкаў» — 9154; «актыўных выпадкаў» стала больш на 66, хоць да таго цэлы тыдзень іх колькасьць зьмяншалася;
- ад пачатку эпідэміі ў краіне зрабілі 1 141 580 тэстаў.
Пандэмія каранавірусу можа пабольшыць колькасьць галодных на сьвеце на 132 мільёны чалавек, — ААН
Колькасьць людзей, якія адчуваюць хранічны голад, можа да канца гэтага году пабольшыцца на 132 мільёны з прычыны пандэміі каранавірусу, гаворыцца ў справаздачы ААН, апублікаванай 13 ліпеня.
«З папярэдняй ацэнкі вынікае, што пандэмія можа дадаць ад 83 да 132 мільёнаў чалавек да агульнай колькасьці тых, хто недаядае ў 2020 годзе», — сьцьвярджае дакумэнт, падрыхтаваны пяцьцю агенцтвамі ААН на аснове глябальнага эканамічнага прагнозу.
Паводле зьвестак ААН, на працягу 2019 году колькасьць галодных людзей павялічылася на 10 мільёнаў і напрыканцы году склала 690 мільёнаў, або 9% насельніцтва плянэты.
«Занадта шмат краінаў пайшлі ў няправільным кірунку», — САЗ пра барацьбу з каранавірусам
Сусьветная арганізацыя аховы здароўя лічыць, што сытуацыя, зьвязаная з пандэміяй каранавірусу, будзе станавіцца ўсё «горш і горш». Генэральны дырэктар САЗ Тэдрас Аданом Гебрэесус заявіў 13 ліпеня, што «занадта шмат краінаў пайшлі ў няправільным кірунку».
Колькасьць выпадкаў заражэньня працягвае расьці там, дзе правераныя захады процідзеяньня альбо не ўжываліся, альбо не выконваліся, сказаў кіраўнік САЗ.
Цяпер у Паўночнай і Паўднёвай Амэрыкі найбольш цяжкая становішча. У ЗША, дзе выяўлена 3,3 мільёна інфікаваных, у апошні час расла напружанасьць у стасунках паміж мэдыцынскімі экспэртамі і прэзыдэнтам Трампам. Пацьверджаных сьмерцяў ад каранавірусу ў ЗША — 135 тысяч. Такія дадзеныя ўнівэрсытэту Джонза Гопкінза.