Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шпіталь для лячэньня пацыентаў з каранавірусам, уладкаваны ў школьнай спартовай залі ў Бішкеку, Кіргізстан
Шпіталь для лячэньня пацыентаў з каранавірусам, уладкаваны ў школьнай спартовай залі ў Бішкеку, Кіргізстан

Пандэмія каранавірусу ў Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі

абноўлена

Карысныя парады

10:27 20.3.2020

«У пандэміі галоўнае — ператрываць некалькі самых складаных месяцаў», — Андрэй Дынько

Свабода задала вядомым беларускім інтэлектуалам некалькі пытаньняў пра антрапалягічны сэнс пандэміі, пра тое, як яна ўжо зьмяніла і яшчэ зьменіць Беларусь, сьвет і чалавека. Сёньня прапануем вашай увазе адказы галоўнага рэдактара часопісу «Наша гісторыя» Андрэя Дынько.

Сьцісла:

  • Лукашэнка — закладнік уласнай неінфармаванасьці і ўласнаручна створанага сабе іміджу «мудрага кіраўніка, які ніколі не памыляецца»
  • Калі адказ на пандэміі на Захадзе будзе неэфэктыўны, а ў Кітаі — эфэктыўны, то Кітай зь яе выйдзе ўзмоцнены, а Захад — аслаблены
  • У сытуацыі крызісу людзі ва ўсіх краінах яднаюцца вакол улады — калі бачаць яе эфэктыўнасьць, нават адкідаюць ранейшыя ідэалягічныя рахункі
  • Далей прыйдуць вакцыны і лекавыя сродкі, гэта пытаньне не гадоў, а месяцаў. Галоўнае цяпер — выйграць час
  • Мы назіраем цынічныя паводзіны прапагандысцкага апарату аўтарытарных рэжымаў, якія спрабуюць маніпуляваць людзьмі і ў гэтай драматычнай сытуацыі
  • У любых крытычных сытуацыях патрэбныя жорсткая дысцыпліна і самаабмежаваньні

Чытаць цалкам >>

10:26 20.3.2020

Казахстанскія мэдыкі выявілі каранавірус у двух пасажыраў з менскага авіярэйсу

Як расказаў прадстаўнік Міністэрства аховы здароўя​ Казахстану Дыяс Ахметшарып, за апошнія дні зарэгістравалі пяць новых выпадкаў заражэньня. Прычым два зь іх — у пасажыраў авіярэйсу зь Менску.

18 сакавіка казахстанскія ўлады дзеля праверкі пасадзілі самалёт зь Менску замест Нур-Султану ў Карагандзе. Грамадзянаў Беларусі на борце не было.

«Адзін пасажыр 1981 году нараджэньня, другі — 1972-га, — паведаміў чыноўнік на онлайн-брыфінгу. — І тры выпадкі ў Алматы: жанчына 1982 году, яшчэ адна 1979-га, прыбыла з Бэрліну. І адзін грамадзянін 1997 году прыляцеў з Францыі. Стан усіх здавальняючы».

Агулам у Казахстане вядома пра 49 выпадкаў заражэньня каранавіруснай інфэкцыяй: 2 у Карагандзе, 22 у Алматы і 25 у Нур-Султане. Сьмяротных вынікаў няма, запэўнілі ў Міністэрства аховы здароўя.

10:24 20.3.2020

У Расеі выпрабоўваюць вакцыну ад каранавірусу, чакаюць яе запуску ў канцы году

Расея распрацоўвае прататыпы вакцынаў для прафіляктыкі эпідэміі COVID-19. Сьцьвярджаецца, што дасьледчыкам удалося стварыць вакцыны як на аснове вірусных вэктараў грыпу, адру і стаматыту, так і на аснове сынтэтычных тэхналёгіяў.

Паратунак ад небясьпечнай хваробы шукаюць і ў іншых краінах сьвету — Кітаі, Ганконгу, Японіі, ЗША, Аўстраліі...

10:10 20.3.2020

У цэнтры Масквы будуць штодзень ладзіць хрэсны ход супраць каранавірусу

Намесьнік Высока-Пятроўскага манастыра Масквы ігумен Пётар (Ерамееў) абвясьціў у Instagram, што ад 18 сакавіка штовечар будзе ладзіцца хрэсны ход вакол будынку манастыра, тэрыторыю будуць акрапляць сьвятой вадой.

Хрэсны ход абяцаюць рабіць невялікім — 6–8 жыхароў манастыра на дыстанцыі адзін ад аднаго. Надалей хрэсныя хады зьбіраюцца ладзіць ужо на тэрыторыі манастыра.

У Расеі, дзе выявілі ўжо 199 выпадкаў COVID-19 і зафіксавалі першую сьмерць інфікаванай пацыенткі, пакуль не абвяшчалі ўсеагульнага карантыну або надзвычайнага становішча, але раней за тэрмін выправілі школьнікаў на вакацыі. Мэр Масквы ўвёў да 10 красавіка забарону на масавыя мерапрыемствы з больш як 50 удзельнікамі.

09:50 20.3.2020

Азіі пагражае другая хваля COVID-19 — праз Эўропу

Цяпер Кітай, Паўднёвая Карэя і іншыя краіны Азіі маюць посьпехі ў барацьбе з новым каранавірусам, перажылі пік. Але, як піша BBC, цяпер вірус туды могуць завезьці з ЗША і Эўропы.

«Дынаміка распаўсюду вірусу мяняецца, — адзначае брытанскае выданьне. — Краіны Эўропы становяцца асяродкамі пандэміі, у той час як Азія ўжо перажыла яе пік. На гэтым тле ўжо азіяцкім краінам, магчыма, спатрэбіцца закрываць свае межы».

Так, у Кітаі, дзе яшчэ нядаўна быў адзначаны першы дзень бяз новых заражэньняў, у сераду абвясьцілі аб 34 новых выпадках. Нацыянальны камітэт аховы здароўя заявіў, што ўсе заражаныя нядаўна прыехалі з-за мяжы.

У Сынгапуры за суткі зарэгістраваныя 47 новых выпадкаў, 33 зь якіх таксама былі завезеныя ў краіну з-за мяжы, і 30 былі жыхарамі Сынгапуру, якія вярнуліся дадому.

09:24 20.3.2020

Ужо 69. У Беларусі 12 інфікаваных COVID-19 з сымптомамі, яшчэ 42 без сымптомаў, 15 выпісалі

Міністэрства здароўя Беларусі абвясьціла 20 сакавіка абноўленыя зьвесткі пра колькасьць пацыентаў з пацьверджаным COVID-19​. Цяпер у 69 чалавек выявілі наяўнасьць новага каранавірусу. Два дні таму паведамлялі пра 51 выпадак (9 з сымптомамі, 37 без сымптомаў, 5 выпісаныя). А зараз:

  • 12 пацыентаў маюць клінічныя прыкметы хваробы COVID-19 — Мінздароўя тлумачыць, што яны «па сутнасьці зьяўляюцца хворымі»;
  • 42 пацыенты маюць станоўчыя тэсты на новы каранавірус SARS-CoV-2, але ня маюць сымптомаў хваробы;​
  • 15 пацыентаў ужо выпісалі пасьля адмоўных тэстаў на COVID-19, яшчэ 3 «рыхтуюцца да выпіскі».

Пад назіраньнем мэдыкаў застаецца неназваная колькасьць чалавек, але паведамляецца, што на наяўнасьць інфэкцыі абсьледавалі звыш 19 тысяч чалавек.

09:22 20.3.2020

Аповед інфэкцыяністкі, якая лечыць хворых на COVID-19

«Сама не баюся захварэць на COVID-19, але баюся заразіць сваіх пажылых і хворых родных», — кажа інфэкцыяністка Кацярына Гашкава.

У 4-гадовым узросьце яна пераехала ў Прагу з Кіева разам зь сям’ёй. Кацярына скончыла мэдычны факультэт Карлавага ўнівэрсытэту, паводле спэцыяльнасьці яна інфэкцыяністка, працуе ў Усьці-над-Лабай у інфэкцыйным аддзяленьні мясцовага шпіталя.

Кацярына расказала Свабодзе пра сваю працу з хворымі на каранавірусную інфэкцыю і сваё бачаньне таго, як будзе разьвівацца сытуацыя з пашырэньнем COVID-19 у Чэхіі і сьвеце.

Чытаць далей >>

09:19 20.3.2020

Аналітыкі: сусьветная эканоміка ўжо ўвайшла ў рэцэсію праз пандэмію каранавірусу

Пандэмія COVID-19 прывяла да таго, што фінансавыя рынкі перажываюць шок, найбуйнейшы з часоў сусьветнага фінансавага крызісу 2008 году. Пра гэта ўжо абвясьцілі дзясяткі цэнтральных банкаў у Эўропе, Амэрыцы, Азіі і Аўстраліі.​

Прагназуецца, што сусьветная эканоміка вырасьце сёлета на 1,6%, што складае каля паловы ад 3,1%, якія прагназаваліся ў студзеньскім апытаньні Reuters, і гэты рост будзе самым слабым з часу сусьветнага фінансавага крызісу 2007–2009 гадоў. Прагнозы росту сусьветнага ВУП у 2020 годзе вар'іруюцца –2,0% да 2,7%.​

Падрабязьней >>

09:07 20.3.2020

Саміт «Вялікай сямёркі» ў сувязі з каранавірусам вырашылі замяніць на відэаканфэрэнцыю

Раней на гэтым тыдні Трамп ужо праводзіў відэаканфэрэнцыю зь лідэрамі G7 і плянуе паўтарыць гэтую практыку ў красавіку, траўні і чэрвені, калі ў Мэрылэндзе павінен быў прайсьці саміт.​

У Белым доме гэты захад лічаць часткай намаганьняў для зьмякчэньня наступстваў пандэміі. Звычайна ж разам зь лідэрамі G7 на саміты прыяжджаюць вялікія дэлегацыі, а з усяго сьвету зьяжджаюцца журналісты, каб асьвятляць гэтую падзею.

09:05 20.3.2020

Беларускім каталікам прапанавалі далучыцца да службаў праз радыё і відэатрансьляцыі

Пандэмія новага каранавірусу прыпала на Вялікі пост — «пэрыяд малітвы і навяртаньня», адзначае Пастаянная рада Канфэрэнцыі каталіцкіх біскупаў Беларусі.

«Неабходна аб’яднаць малітву з намаганьнямі мэдыкаў і адказных за грамадзкі парадак, а таксама падпарадкавацца іх прадпісаньням і рэкамэндацыям, каб эфэктыўна супрацьстаяць гэтаму небясьпечнаму выкліку, якім ёсьць пандэмія каранавірусу», — раяць беларускім каталікам, нагадаўшы прымаўку «як трывога, так ад Бога».

Вернікам пажылога веку, людзям з сымптомамі хваробы, дзецям і школьнікам прапануюць даць дыспэнсу (вызваленьне) ад удзелу ў нядзельнай і сьвяточнай імшы. Але калі стан здароўя верніка дазваляе, то Касьцёл заклікае браць удзел у імшы і іншых набажэнствах.

Тым, хто ня можа браць асабісты ўдзел у службах, раяць далучацца да імшы праз радыётрансьляцыі (па нядзелях на Першым канале Беларускага радыё ў 8.15), а таксама праз шматлікія відэатрансьляцыі Catholic.by.

Пробашчам і кіраўнікам касьцельных структураў раяць «разважліва падысьці да арганізацыі мерапрыемстваў з пункту гледжаньня пастырскай неабходнасьці іх правядзеньня падчас эпідэміі і разгледзець магчымасьць іх адмены або перанясеньня на іншы час».

08:31 20.3.2020

Зь Беларусі ў WHO перадалі меншыя лічбы, чым публікавала Мінздароўя

Пасьля сярэдзіны дня 18 сакавіка ў Беларусі не паведамлялі пра колькасьць новых выпадкаў COVID-19 і стан хворых. Апошні раз Міністэрства здароўя сьцьвярджала, што на 8 раніцы 18 сакавіка ў краіне зафіксавалі 51 выпадак (9 пацыентаў з сымптомамі, 37 без сымптомаў, 5 выпісаліся).

У табліцах Сусьветнай арганізацыі здароўя (WHO) за 19 сакавіка пазначаныя нават меншыя лічбы зь Беларусі: 46 выпадкаў COVID-19 пацьверджана. Пры тым пазначана, што перадача адбываецца лякальна, а ня толькі праз завезеныя выпадкі.​

Мінздароўя Беларусі не называла такой лічбы — перад 51 выпадкам агучвалі 36. А 46 атрымаецца, калі ад 51 вядомага выпадку адняць 5 выпісаных, ды ў табліцы гаворка ідзе пра агульную колькасьць выяўленых выпадкаў, а не пра тое, што завецца «актыўнымі выпадкамі» (хворыя ў гэты момант).

08:02 20.3.2020

Лічбы на раніцу 20 сакавіка

  • У сьвеце зафіксавалі больш за 245 тысяч выпадкаў COVID-19: каля 81,2 тысячы ў Кітаі, 41 тысячы ў Італіі, 18,4 тысячы ў Іране, 18,1 тысячы ў Гішпаніі, 15,3 тысячы ў Нямеччыне, 14,3 тысячы ў ЗША, 10,1 тысячы ў Францыі, 8,7 тысячы ў Паўднёвай Карэі.
  • Ад хваробаў, якія выклікаў новы каранавірус, у сьвеце памерлі 10 046 чалавек. Зь іх 3404 у Італіі, 3252 у Кітаі, 1284 у Іране, 831 у Гішпаніі, 372 у Францыі, 217 у ЗША, 144 у Вялікай Брытаніі.
  • У Беларусі па стане на 18 сакавіка пацьвердзілі 51 выпадак COVID-19: 9 з сымптомамі, 37 без сымптомаў, 5 (паводле БТ, 6) ужо выпісалі. Пад назіраньнем яшчэ 1960 чалавек. Пасьля колькасьць выпадкаў перасталі паведамляць.
23:09 19.3.2020

Ва Ўкраіне зафіксавалі трэцюю сьмерць ад каранавірусу

У Івана-Франкоўску памерла жанчына ад каранавіруснай хваробы. Пра гэта паведамілі ў Міністэрстве аховы здароўя Ўкраіны. Усяго ва Ўкраіне афіцыйна пацьверджаны 21 выпадак заражэньня каранавірусам.

22:49 19.3.2020

Важнае за 19 сакавіка

  • Міністэрства аховы здароўя Беларусі больш за 37 гадзінаў не паведамляе пра колькасьць зарэгістраваных выпадкаў каранавірусу ў Беларусі.
  • Аляксандр Лукашэнка 19 сакавіка назваў сытуацыю з каранавірусам «псыхозам». Беларусь застаецца адной зь нешматлікіх дзяржаваў, якая не ўвяла карантын і не закрыла межы.
  • Паводле апошняга паведамленьня Міністэрства аховы здароўя, на 8.00 18 сакавіка ў Беларусі ў 51 чалавека выявілі наяўнасьць новага каранавірусу. Два дні таму паведамлялі пра 36 пацыентаў, дзень таму — што новых хворых ня выяўлена.
  • Паводле намесьніка міністра замежных справаў Андрэя Дапкюнаса, за апошнія суткі каля 2000 чалавек атрымалі дапамогу ад дыпляматычнага ведамства. Грамадзянам, якія ня могуць вярнуцца ў Беларусь, аказваецца дапамога.
  • Паводле МЗС Беларусі, за апошнія тры дні з краіны выехалі 11 тысяч беларусаў. «Грамадзяне, якія зьдзяйсьняюць падобныя крокі, мусяць усьведамляць, што робяць гэта на свой страх і рызыку», — папярэдзіла Міністэрства замежных спраў.
  • Паводле сьмяротнасьці ад каранавірусу Італія 19 сакавіка абышла Кітай. У Італіі праз пандэмію памерлі 3405 чалавек, у Кітаі паводле афіцыйных дадзеных, памерлі 3245 чалавек. Далей у гэтым сьпісе ідуць Іран (1284), Гішпанія (803), Францыя (372), ЗША (171), Вялікабрытанія (144).
  • Паводле Сусьветнай арганізацыі здароўя, на 19 сакавіка ў сьвеце зарэгістравалі 207,9 выпадкаў захворваньня на каранвірус. Ад хваробы памерлі агулам 8 648 чалавек.
22:17 19.3.2020

Трамп: лек супраць малярыі будуць выкарыстоўваць і супраць COVID-19

У Белым доме прайшоў чарговы брыфінг у справе барацьбы з каранавірусам. На ім прэзыдэнт Трамп выказаў упэўненасьць у тым, што па завяршэньні барацьбы з каранавірусам амэрыканская эканоміка зробіць новы рывок у сваім разьвіцьці.

Прэзыдэнт ЗША высока ацаніў працу ўсіх ведамстваў, якія ўдзельнічаюць у барацьбе з эпідэміяй, паведамляе Голас Амэрыкі. Трамп спыніўся на пытаньні аб мэдыкамэнтах, якія разглядаюцца мэдыкамі як эфэктыўныя сродкі супраць каранавірусу. Што да наяўных мэдыкамэнтаў, прэзыдэнт адзначыў, што неўзабаве асобам, якія хварэюць на каранавірус, стане даступны лек супраць малярыі (Hydroxychloroquine), які можна выкарыстоўваць і ў сытуацыі цяперашняй эпідэміі.

21:46 19.3.2020

Больш за 36 гадзін Міністэрства аховы здароўя не паведамляе пра колькасьць выпадкаў каранавірусу ў Беларусі

21:45 19.3.2020

МЗС: 11 тысяч беларусаў выехалі з краіны за 3 апошнія дні

«Грамадзяне, якія зьдзяйсьняюць падобныя крокі, мусяць усьведамляць, што робяць гэта на свой страх і рызыку», — папярэдзіла Міністэрства замежных спраў.

21:44 19.3.2020

«Заўтра дзеці вяртаюцца ў клясы, усё ў нас у парадку». У сетках пісалі пра «карантын» у яшчэ адной менскай школе

У сетках зьявіліся паведамленьні, што вучняў менскай школы № 212 пераводзяць на дыстанцыйнае навучаньне праз падазрэньне на каранавірус у аднаго з вучняў.

Дырэктарка школы Вольга Касалапава ў размове з карэспандэнтам Свабоды гэта адмаўляе.

21:29 19.3.2020

Італія паводле колькасьці ахвяраў каранавірусу абышла Кітай. 3405

Улады Італіі ўвечару 19 сакавіка паведамілі пра чарговы сумны рэкорд: 5322 новыя выпадкі інфікаваньня вірусам COVID-2019 і 427 новых выпадкаў сьмерці.

Агульная колькасьць заражаных дасягнула 41 035. 3405 чалавек памерлі.

Італія абагнала паводле колькасьці сьмерцяў Кітай — дзе, паводле афіцыйных дадзеных, памерлі 3245 чалавек.

20:20 19.3.2020

Аліеў абвінаваціў «пятую калёну» у тым, што яна «хоча зьнішчыць Азэрбайджан» праз каранавірус

Прэзыдэнт Азэрбайджану Ільхам Аліеў 19 сакавіка зьвярнуўся з прамовай да народу з нагоды сьвята Наўруз і ў сувязі з каранавірусом і ня выключыў, што ў краіне бліжэйшым часам можа быць абвешчана надзвычайнае становішча. На дадзены момант у Азэрбайджане выяўлена 44 хворых на каранавірус, адзін зь іх памёр. Аднак рэжым надзвычайнага становішча пакуль не абвешчаны, як і няма ў краіне абмежаваньняў на перамяшчэньне: зачыненая толькі мяжа з Іранам.

Аліеў, тым ня менш, дапусьціў, што гэта можа быць зроблена, у тым ліку з палітычных матываў.

«На жаль, паступаюць факты, зьвязаныя з безадказнасьцю. Мы бачым і адкрытую правакацыю. Адкуль зыходзіць гэтая правакацыя — ад той самай пятай калёны, ворагаў, якія знаходзяцца сярод нас, элемэнтаў, якія называюць сябе апазыцыяй, здраднікаў, якія атрымліваюць грошы з-за мяжы, — заявіў Аліеў. — Іх галоўная мэта — зьнішчыць Азэрбайджан. Чым горш Азэрбайджану, тым лепш ім. Паглядзіце на іх выступы ў сацыяльных сетках, яны поўныя нянавісьці, правакацый. Яны нібы хочуць, каб адбыліся беспарадкі... Хочуць, каб была паніка! Мы ня можам дазволіць, каб антыазэрбайджанскія сілы, пятая калёна, нацыянальныя здраднікі, скарыстаўшыся гэтай сытуацыяй, зьдзейсьнілі якую-небудзь правакацыю».

Загрузіць яшчэ

XS
SM
MD
LG