Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Заўтра дзеці вяртаюцца ў клясы, усё ў нас у парадку». У сетках пісалі пра «карантын» у яшчэ адной менскай школе


Менская школа № 212, 19 сакавіка 2020 году
Менская школа № 212, 19 сакавіка 2020 году

Дырэктарка школы Вольга Касалапава ў размове з карэспандэнтам Свабоды гэта адмаўляе.

Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>

У сетках зьявіліся паведамленьні, што вучняў менскай школы № 212 пераводзяць на дыстанцыйнае навучаньне праз падазрэньне на каранавірус у аднаго з вучняў.

«Мы працуем у штатным рэжыме, — сказала яна. — Калі вам патрэбная інфармацыя пра здароўе нашых вучняў, зьвяртайцеся ва ўстановы аховы здароўя. У нас такой інфармацыі няма», — сказала яна.

Паводле дырэктаркі, ніякім СМІ яна не пацьвярджала, што ў школьніка падазраюць каранавірус.

«Заўтра дзеці вяртаюцца ў клясы, усё ў нас у парадку», — сказала дырэктарка.

На ўваходзе ў школу вісіць інфармацыя аб прафіляктыцы каранавірусу, а таксама аб’ява, што на падставе рэкамэндацыяў Міністэрства адукацыі «з мэтай гарантаваньня бясьпечнага знаходжаньня вучняў доступ пабочных асобаў у будынак школы абмежаваны».

Абвестка на дзьвярах школы
Абвестка на дзьвярах школы

«Паважаныя бацькі! Просім вас паставіцца з разуменьнем і, улічваючы эпідэміялягічную сытуацыю, суправаджаць вашых дзяцей да дзьвярэй школы. Рэкамэндуем зьвярнуцца ва ўстановы аховы здароўя, калі вы заўважылі першыя прыкметы недамаганьня».

Вучні, якія былі побач са школай, сказалі, што іх адпусьцілі зь пятага ўроку, а ці трэба ісьці на заняткі заўтра, яны даведаюцца ўвечары.

Паводле неафіцыйнай інфармацыі, у вучня школы «нічога не знайшлі, нічога не пацьвердзілася, нібыта там нехта іхны знаёмы недзе быў».

«Заўтра школа працуе, праводзяць дэзынфэкцыю, а калі ўжо бацькі такія панікёры, то могуць напісаць заяву, што яны не прывядуць сваіх дзяцей», — сказала крыніца.

У Міністэрстве аховы здароўя сытуацыю не пракамэнтавалі.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG