Ці паваляць беларускую эканоміку закрытыя межы. Разьбіраемся з экспэртамі
Расея, Украіна, Літва, Латвія і Польшча закрылі свае межы ў сувязі з пандэміяй каранавірусу. У гэтыя краіны Беларусь прадае сваю прадукцыю, а таксама імпартуе адтуль патрэбныя тавары. Як закрыцьцё межаў адаб’ецца на беларускай эканоміцы, разьбіраемся з экспэртамі.
«У мяне цётка ў моргу ляжыць!» Што адбываецца на мяжы Беларусі і Ўкраіны
Украіна з панядзелка закрыла межы. Пункты пропуску апоўначы абмежавалі сваю працу, спыніўся аўтамабільны і пешаходны рух. Цяпер на тэрыторыю Ўкраіны праз гэтыя пункты могуць трапіць толькі ўкраінскія грамадзяне ці беларусы, якія маюць від на жыхарства. Свабода праверыла, як працуюць абмежаваньні на беларуска-ўкраінскай мяжы.
Канапацкая выйшла да Дому ўраду, каб у Беларусі ўвялі карантын
Былая дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Ганна Канапацкая 16 сакавіка зладзіла адзіночны пікет каля Дому ўраду ў Менску.
Мэта пратэсту: увядзеньне карантыну і закрыцьцё беларускіх межаў праз каранавірус.
Падчас пікету Канапацкая 12 сэкунд пратрымала плякат «Карантын! Covid-19». На плошчы Незалежнасьці палітык знаходзілася каля 10 хвілін. Яна сышла ад Дому ўраду пасьля заўвагі міліцыянта, «каб не нарывацца».
«Я лічу, што ў прынцыпе, калі сёньня гэта сёньня не прынясе плёну, то можа заўтра пасьля заўтра. Можа быць заўтра мы павінны быць з вамі ў масках, каб паказаць, што мы ня проста кажам, а робім меры, каб гэта спыніць», — сказала Канапацкая.
Амэрыканец закупіў 17,700 бутэлек антысэптыку, каб перапрадаць. Супраць яго пачалі расьсьледаваньне
Як паведамляе Бі-бі-сі, гандлёвыя онлайн-плятформы пачалі змагацца з тымі, хто перапрадае па завышаных цэнах тавары, патрэбныя падчас эпідэміі каранавірусу.
Вугоршчына закрыла межы
У панядзелак Вугоршчына стала яшчэ адной эўрапейскай краінай, якая з прычыны новага каранавіруса абвясьціла пра жорсткія захады, закрыла свае межы і абмежавала рух.
«Мы закрываем межы Вугоршчыны для пасажырскага руху», — заявіў у панядзелак прэм’ер-міністар Віктар Орбан, выступаючы ў парлямэнце краіны.
«Цяпер адбываюцца міжнародныя перамовы для каардынацыі, гэта значыць, што ў далейшым у Вугоршчыну змогуць уехаць толькі яе грамадзяне», — сказаў ён.
«Я за ўвядзеньне карантыну», — беларуска, якая выздаравела ад каранавірусу
Тацьцяна Яфрэмава зь Віцебску была першай грамадзянкай Беларусі, у якой знайшлі новую інфэкцыю.
Дызайнэрка зь Віцебску Тацьцяна Яфрэмава даведалася пра хваробу неўзабаве пасьля вяртаньня з Італіі, дзе была ў камандзіроўцы. Дыягназ ёй паставілі 2 сакавіка. Хвароба працягвалася роўна два тыдні. Тацьцяна расказала Свабодзе, што 15 сакавіка яе ўжо прызналі здаровай.
«Тэсты маіх аналізаў ужо адмоўныя, сёньня мне паведамілі, што каранавірусу ў мяне ўжо няма, — сказала Свабодзе Тацьцяна. — Што будзе са мной далей, як доўга прабуду ў шпіталі, пакуль ня ведаю. Думаю, мне скажуць пра гэта неўзабаве. Пра хваробу шмат расказаць не магу. Падазраю, што ў мяне быў аблегчаны варыянт. Кашаль, закладзены нос, запаленьне вачэй. Цяпер нармальна пачуваюся».
Чарнагорыя — адзіная краіна Эўропы без каранавірусу
Па афіцыйных дадзеных чарнагорскай улады, у краіне пакуль не зафіксавана аніводнага выпадку COVID-19. Інстытут грамадзкага здароўя Чарнагорыі дагэтуль
не пацьвердзіў выпадкаў захворваньня з прычыны каранавірусу новага тыпу.
Як распавяла ў эфіры чарнагорскага тэлебачаньня доктар Радзіка Райчавіч, агульная колькасьць людзей, якіх у Чарнагорыі праверылі на каранавірус, складае 69.
Да гэтага часу ўсе вынікі тэстаў былі адмоўнымі. Чарнагорыя - апошняя краіна Эўропы, у якой няма афіцыйна пацьверджаных выпадкаў хваробы, празь якую СААЗ аб'явіла пандэмію.
Бэрдымухамэдаў распарадзіўся змагацца з каранавірусам дымам ад гармалы
Прэзыдэнт Туркмэністана Гурбангулы Бэрдымухамэдаў распарадзіўся правесьці спэцыяльныя мерапрыемствы па абкурваньні насельніцтва дымам гармалы (лекавай травяністай расьліны, вядомай пад назвай юзарлік або магільнік).
Гэтая ідэя прагучала на пасяджэньні па прыярытэтах дзяржаўнага разьвіцьця. Бэрдымухамэдаў заявіў, што «дым ад гармалы — эфэктыўны сродак, які актыўна супрацьдзейнічае пранікненьню ў арганізм чалавека розных ня бачных воку вірусаў».
Афіцыйна ўлады не паведамлялі пра выпадкі заражэньня каранавірусам COVID-19 у краіне.
«МенскЭкспа» пераносіць выставы на лета
У сувязі з пандэміяй каранавірусу кампанія «МенскЭкспа» пераносіць на сярэдзіну чэрвеня прынамсі чатыры выставы: «Машынабудаўніцтва-2020», «ЛітМэтЭкспа-2020», «Літаваньне і рэзка-2020» і «Абарона ад карозіі-2020». Лёс астатніх выставаў, што плянаваліся на бліжэйшы час, стане вядомы пазьней, сказалі Свабодзе ў кампаніі.
Тым часам выставачны цэнтар «БелЭкспа» пакуль перанёс толькі адну выставу: «Паляваньне і рыбная лоўля» цяпер заплянаваная на 30.04–3.05. А 2–4 красавіка ў календары цэнтру яшчэ значыцца выстава «Адпачынак-2020».
У Казахстане абвясьцілі надзвычайнае становішча
Улады Казахстана абвясьцілі надзвычайнае становішча ў краіне з прычыны ўспышкі каранавірусу. Па апошніх дадзеных, колькасьць пацьверджаных выпадкаў каранавірусу тут вырасла да дзевяці.
Першых заражаных COVID-19 у краіне выявілі 13 сакавіка.
У Казахстане ўводзіцца агульнанацыянальны карантын, забараняецца ўезд і выезд з краіны для ўсіх, акрамя дыпляматаў і асобаў, запрошаных урадам.
Дальнабойнік уцёк зь лякарні, не дачакаўшыся вынікаў тэсту на COVID-19
Кіроўца-дальнабойнік уцёк з інфэкцыйнага аддзяленьня ў Лідзкім раёне. Як расказвае «Лідзкая газэта», 46-гадовы мужчына родам з Дубровенскага раёну вярнуўся з Італіі, паскардзіўся на тэмпэратуру, здаў аналіз на COVID-19, але калі пачуў, што трэба здаць і аналіз на алькаголь, уцёк з прыёмнага пакою. Два дні сядзеў дома, не адчыняў дзьверы мэдыкам і міліцыі, на сувязь выйшаў толькі тады, калі стала вядома, што вынік аналізу адмоўны.
Лукашэнка: Расея не параілася перад тым, як закрываць мяжу
- «Можа, нам падумаць, а раптам вірус у трубе з нафтай або з прыродным газам? 70 млн тонаў нафты транспартуюць нафтаправодам „Дружба“. Вось што думалі людзі, калі прымалі такія рашэньні?»
- «Мне здаецца, што там больш заклапочаныя, як Маскву нейкім плотам абгарадзіць, і думаюць: ня дай Божа, урад Расейскай Фэдэрацыі заразіцца. Што будзе? А ня дай Божа, зь Мішусьціным нешта здарыцца?»
Больш выказваньняў Лукашэнкі пра закрыцьцё мяжы з Расеяй тут.
Каранавірус: зачыняюцца ўсе брамы. Што робіцца ў суседзяў Беларусі 16 сакавіка
У краінах Усходняй Эўропы колькасьць зафіксаваных выпадкаў каранавірусу расьце. Суседнія зь Беларусьсю краіны ўжо абвясьцілі карантын або надзвычайнае становішча, закрылі межы і пасажырскія транспартныя зносіны.
Чытаць падрабязна, што адбываецца ў Латвіі, Літве, Польшчы, Расеі і Ўкраіне.
Пасьпеў за 40 хвілін да закрыцьця мяжы. Беларус у апошні момант вярнуўся з Гішпаніі
Раман Шаўцоў скараціў свой адпачынак у Эўропе на тыдзень, страціў 400 эўра і ледзь не захрас паміж Польшчай і Гішпаніяй. Як уцякаў з ахопленай каранавірусам Гішпаніі і Польшчы, якая закрыла свае межы, ён расказаў Свабодзе.
У ноч з 15 на 16 сакавіка футбольны заўзятар прыехаў аўтобусам у Менск. Перад гэтым апошнія тры дні ён у літаральным сэнсе ўцякаў з Гішпаніі і Польшчы, якія праз каранавірус уводзілі ўсё больш строгія надзвычайныя меры. Маршрут ягонай эвакуацыі быў такі: Мадрыд — Сэвільля — Кракаў — Варшава — Менск.
«Беларускія памежнікі пыталі, ці быў хто ў Італіі, памералі тэмпэратуру і ўсіх адпусьцілі, — кажа Раман. — На пашпартным кантролі я сказаў, што я быў Гішпаніі. Памежніца не напружылася і спытала, як там абстаноўка».
«У мяне каранавірус». Беларуска з Чэхіі расказала, як працякае хвароба
Марыя (імя зьмененае) зь Беларусі жыве ў Чэхіі больш за 5 гадоў. Пасьля некалькіх паездак у Азію і навучаньня ў Празе яна вырашыла здаць тэст на каранавірус. Вынік аказаўся станоўчы.
«Я пачуваюся добра, у мяне нічога не баліць, цела ня ломіць», — апавядае Марыя. Менш як 2 тыдні таму яна вярнулася ў Чэхію з Тайлянду і Індыі.
У горадзе пра выпадак каранавірусу даведаліся хутка. «Пачалася нейкая шалёная рэакцыя: „Мы ўсе памром“. Не, усе не памром, — мяркуе яна, — Аднак людзі панікуюць і моцна баяцца».
Міністэрства адукацыі: у навучальных установах карантыну ня ўводзілі
У Міністэрстве адукацыі Свабодзе паведамілі, што ўсе навучальныя ўстановы ў Беларусі працуюць з узмоцненымі захадамі санітарна-эпідэміялягічнай бясьпекі.
Што да магчымага ўвядзеньня карантыну, то такое рашэньне прымае Міністэрства аховы здароўя.
«Але Міністэрства адукацыі рэкамэндуе абмежаваць доступ у навучальныя ўстановы, узмацніць санітарна-эпідэміялягічныя захады, не праводзіць масавых мерапрыемстваў, пры любых праявах прастудных захворваньняў зьвяртацца да доктара», — сказалі карэспандэнту Свабоды ў Міністэрстве адукацыі.
Мінспорту не забараняе спартовыя мерапрыемствы, толькі «рэкамэндуе скасаваць» дзіцячыя і міжнародныя
Міністэрства спорту днём 16 сакавіка абвясьціла, што рэкамэндуе скасаваць спартовыя мерапрыемствы з удзелам дзяцей і падлеткаў, а таксама міжнародныя спаборніцтвы ў сувязі з пандэміяй COVID-19. Паводле Мінспорту, усім падначаленым арганізацыям рэкамэндавалі скасаваць або перанесьці такія мерапрыемствы, заплянаваныя на дні да 6 красавіка.
Супольна зь Мінздароўя ладзяць цягам 14 дзён карантынныя захады і мэдычнае назіраньне за спартоўцамі і дэлегацыямі, якія вяртаюцца з краінаў з успышкамі COVID-19. І нават адмоўны вынік тэсту на новы каранавірус не вызваляе ад мэдычнага назіраньня.
Зь Беларусі ва Ўкраіну могуць трапіць толькі ўкраінцы і беларусы зь відам на жыхарства
Між Беларусьсю і Ўкраінай стала працуе 7 міжнародных пунктаў пропуску. Сёньня апоўначы ўсе яны абмежавалі сваю працу, спыніўся аўтамабільны і пешаходны рух.
Цяпер на тэрыторыю Ўкраіны праз гэтыя пункты могуць трапіць толькі ўкраінскія грамадзяне, а таксама іншаземцы і грамадзяне Беларусі, якія маюць ва Ўкраіне від на часовае або сталае жыхарства, зьяўляюцца сужэнцамі або бацькамі грамадзян Украіны.
Гэтыя абмежаваньні будуць дзейнічаць да 3 красавіка, але ў выпадку эпідэміі могуць быць прадоўжаны.
На сёньняшні дзень ва Ўкраіне афіцыйна пацьверджана пяць выпадкаў заражэньня небясьпечным каранавірусам.
Ужо 36. У Беларусі пацьвердзілі яшчэ дзевяць выпадкаў COVID-19
Міністэрства здароўя Беларусі абвясьціла 16 сакавіка абноўленыя зьвесткі пра колькасьць пацыентаў з пацьверджаным новым каранавірусам.
Цяпер у 36 людзей пацьверджаная наяўнасьць COVID-19. Яшчэ ў канцы мінулага тыдня паведамлялася пра 27 выпадкаў і трох пацыентаў, выпісаных здаровымі.
Паводле Мінздароўя, вынікі тэстаў паказалі COVID-19 у пяці студэнтаў БДУ (але клінічных праяваў хваробы ў іх няма) і чатырох грамадзянаў Беларусі, якія прыбылі з Амстэрдаму, Масквы і Мюнхэна (іх ізалявалі ў момант вяртаньня з-за мяжы).
Ужо выпісалі трох пацыентаў, у якіх раней знаходзілі новы каранавірус, а яшчэ тры «рыхтуюцца да выпіскі».
Яшчэ восем маюць «мінімальныя прыкметы інфэкцыйнага працэсу», яшчэ адзін «у стане сярэдняй цяжкасьці са станоўчай дынамікай», астатнія «ня маюць прыкметаў інфэкцыйнага працэсу».
На кантролі 2583 чалавекі — усе яны ня маюць прыкметаў інфэкцыі.
Адказную за каранавірус чыноўніцу Мінздароўя Лукашэнка прызначыў намесьніцай міністра
16 сакавіка Аляксандар Лукашэнка зрабіў шэраг кадравых прызначэньняў.
На пасаду намесьніцы кіраўніка Міністэрства аховы здароўя ўзгодненая Алена Богдан, якая да гэтага часу працавала ў ведамстве начальнікам галоўнага ўпраўленьня арганізацыі мэдычнай дапамогі, экспэртызы, зваротаў грамадзянаў і юрыдычных асобаў. Падчас апошніх прэсавых канфэрэнцый Богдан кантактавала з прэсай як дзяржаўны экспэрт у захадах мэдыкаў супраць распаўсюду каранавірусу.