Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«У мяне каранавірус». Беларуска з Чэхіі расказала, як працякае хвароба


Чалавек у адмысловым касьцюме ў Празе. Ілюстрацыйнае фота
Чалавек у адмысловым касьцюме ў Празе. Ілюстрацыйнае фота

Марыя (імя зьмененае) зь Беларусі жыве ў Чэхіі больш за 5 гадоў. Пасьля некалькіх паездак у Азію і навучаньня ў Празе яна вырашыла здаць тэст на каранавірус. Вынік аказаўся станоўчы.

УЖЫВУЮ Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі

«Праз суткі атрымала вынік»

«Я пачуваюся добра, у мяне нічога не баліць, цела ня ломіць», — апавядае Марыя. Менш як 2 тыдні таму яна вярнулася ў Чэхію з Тайлянду і Індыі. Па вяртаньні адразу захацела здаць тэст. Аднак ёй адмовілі: жанчына была ў краінах, дзе на той момант зафіксавалі няшмат выпадкаў.

«У Тайляндзе тады было ўсяго 3 выпадкі, а ў Індыі — 10, і ўсе ў рэгіёнах, куды я ня езьдзіла. Мае спадарожнікі, дарэчы, пачуваюцца выдатна», — кажа дзяўчына.

Марыя жыве ў невялікім чэскім горадзе за 160 кілямэтраў ад Прагі. У выходныя яна езьдзіць на бізнэс-курсы ў Прагу.

«На наступны дзень пасьля курсаў я атрымала паведамленьне ад аднагрупніцы: у яе калегі знайшлі каранавірус. То бок перад тым, як прыехаць на вучобу, яны кантактавалі цэлы тыдзень. Тады я адразу вырашыла здаць тэст», — успамінае яна.

Абвестка ў праскай лякарні «Аддзяленьне закрыта. Прыём пацыента»
Абвестка ў праскай лякарні «Аддзяленьне закрыта. Прыём пацыента»

Здаць тэст у Празе нашмат складаней, чым у маленькім горадзе.

«Тая самая аднагрупніца, якая кантактавала з інфікаванай калегай, змагла здаць тэст толькі праз 3 дні пасьля таго, як сама даведалася пра гэта. Чэргі на тыдзень наперад. Тэст робяць толькі тым, у каго ёсьць сымптомы і хто вярнуўся з краінаў з эпідэміяй. Іншых адпраўляюць на двухтыднёвы хатні карантын. Мне пашанцавала: я здала тэст у сваім гарадку праз паўтары гадзіны пасьля запісу. Ужо праз суткі атрымала вынік. Станоўчы», — кажа дзяўчына.

«Я ляжу і п’ю гарбату»

У горадзе пра выпадак каранавірусу даведаліся хутка.

«Пачалася нейкая шалёная рэакцыя: „Мы ўсе памром“. Не, усе не памром, — мяркуе яна, — Аднак людзі панікуюць і моцна баяцца».

Лекары ў адмысловых касьцюмах у машыне хуткай дапамогі ў Празе
Лекары ў адмысловых касьцюмах у машыне хуткай дапамогі ў Празе

Марыю адразу паклалі ў інфэкцыйнае аддзяленьне мясцовай лякарні, аднак там яе ня лечаць. Прычына простая: яна ня мае ніякіх сымптомаў.

«Мне 30 гадоў, — кажа Марыя. — У нашым узросьце вірус пераносіцца даволі лёгка. Я проста ляжу і п’ю гарбату. Больш нічога зрабіць нельга, бо лекаў ад каранавірусу няма.

Дактары рэкамэндуюць піць шмат вадкасьці — незалежна ад таго, дзе вы на карантыне: дома ці ў шпіталі. Калі ў кагосьці зашкальвае тэмпэратура, максымум, што могуць зрабіць дактары, — даць гарачкапаніжальнае. Аднак у мяне ні тэмпэратуры, ні кашалю, ні насмарку».

У дзяўчыны ўзялі аналіз крыві, аднак ніякіх працэсаў запаленьня не знайшлі. Дадаткова зрабілі біяхімічны аналіз крыві.

«Пакуль дактары кажуць мне, што калі вірус і далей будзе праходзіць без сымптомаў, то мяне неўзабаве выпішуць дахаты на карантын. Пасьля празь дзён дзесяць зробяць паўторны тэст», — мяркуе дзяўчына.

Зачынены гандлёвы цэнтар у Празе
Зачынены гандлёвы цэнтар у Празе

«Самае страшнае, што каранавірус можа працякаць без сымптомаў»

«Натуральна, ніхто дакладна ня ведае, дзе я падчапіла вірус. Сумняваюся, што гэта здарылася ў паездцы. Дактары кажуць, што заразіцца элемэнтарна можна ў мэтро ці ў краме. Гэта можа быць любы чых непадалёк ад цябе. На жаль, зь вірусам можа быць хто заўгодна і ня ведаць гэтага, калі хвароба працякае без сымптомаў», — кажа Марыя.

Кампанія, дзе працуе дзяўчына, на 2 тыдні перайшла на працу з дома. Усе, з кім яна кантактавала, запісаліся на тэст.

«Дактары кажуць, што ва ўсіх розны імунітэт, — кажа Марыя. — Хтосьці пераносіць вірус лёгка, а хтосьці не. Таму самае страшнае — гэта заразіць людзей старэйшага ўзросту. Пра іх трэба паклапаціцца».

Чэхія — чацьвёртая пасьля Італіі, Гішпаніі і Аўстрыі краіна Эўропы, якая ўводзіць карантын ад 16 сакавіка. На раніцу 16 сакавіка ў краіне зафіксавана 298 выпадкаў.

«Чэхія ня хоча паўтарыць сцэнар Італіі», — кажа дзяўчына.

Стан карантыну прадугледжвае абмежаваньне вольнага перамяшчэньня грамадзянаў на тэрыторыі краіны за выключэньнем канкрэтна абгавораных выпадкаў і сытуацыяў.

Абмежаваньне вольнага перамяшчэньня не пашыраецца на найбольш жыцьцёва важныя сытуацыі. Можна будзе хадзіць на працу, у аптэку, мэдыцынскія ўстановы. Не забаронена таксама бавіць час на прыродзе і ў парках, з умовай мінімальнай дыстанцыі (2 мэтры) ад іншых людзей.

Напішыце нам!

Свабода шукае беларусаў, якія цяпер ня могуць вярнуцца з-за мяжы. А таксама людзей, якія захварэлі на COVID-19 за мяжой ці трапілі там у карантын. Напішыце нам ў тэлеграм @SvabodaBelarus ці на емэйл rferl.minsk@gmail.com.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус COVID-19

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG